19 красавiка 2024, Пятніца, 3:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія ВНУ абвясцілі дадатковы набор на бюджэт

12
Якія ВНУ абвясцілі дадатковы набор на бюджэт

Прыём дакументаў паводле дадатковага набору будзе праводзіцца да 7 жніўня.

Уступная кампанія ў беларускіх ВНУ дасягнула кульмінацыі. Прыём дакументаў на бюджэт скончыўся, але ў абітурыентаў яшчэ засталіся шанцы вучыцца бясплатна. Напрыклад, рэкардсменам у колькасці месцаў дадатковага набору стаў БНТУ, на другім месцы сельгасакадэмія ў Горках, піша onliner.by.

БНТУ – 160 бюджэтных месцаў

Да БНТУ сёлетняя ўступная кампанія павярнулася не найлепшым сваёй бокам. У гэтай ВНУ на бюджэт недабралі 160 абітурыентаў. Самымі непапулярнымі сталі спецыяльнасці «Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка» (27 месцаў), «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці» (22) і «Водагаспадарчае будаўніцтва» (21).

Нязначны дадатковы набор на спецыяльнасцях «Экалагічны мэнэджмэнт і аўдыт у прамысловасці», «Інавацыйная тэхніка для будаўнічага комплексу (кіраванне падраздзяленнямі інжынерных войскаў)» і «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (ваенная аўтамабільная тэхніка)» (на кожным ёсць адно вакантнае месца).

БДСГА – 112

Другой навучальнай установай у колькасці свабодных месцаў на бюджэт сёлета стала сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках. У аб'яве на сайце ВНУ не пазначана, колькі ўсяго абітурыентаў не хапіла для выканання планавых паказнікаў, але сайт kudapostupat.by прыводзіць звесткі 112 чалавек.

Паводле звестак сайта, акадэміі не хапае 82 будучых заатэхнікаў, 14 плодаагорднікаў, дзесяць аграномаў, чатырох аграхімікаў і глебазнаўцаў, а таксама дваіх меліяратараў.

БДУТ – 81

Магілёўская ВНУ харчовых і хімічных тэхналогій трапіла ў тройку антылідараў: тут недабралі 81 абітурыента. Горш за ўсё справы ідуць са спецыяльнасцю «Хімічная тэхналогія арганічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў» (вольнае 21 месца). За ёй ідуць «Машыны і апараты харчовых вытворчасцяў» і «Тэхналогія мукамольнай, крупяной, камбікормавай вытворчасці» (16 на кожнай).

БДТУ – 55

Сталічны тэхналагічны ўніверсітэт не прывабіў 55 абітурыентаў. Больш за ўсё ВНУ мае патрэбу ў ахвотных вучыцца на спецыяльнасцях «Мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваапрацоўчых вытворчасцяў» (10 пустых месцаў), «Машыны і абсталяванне ляснога комплексу» (9) і «Канструяванне і вытворчасць вырабаў з кампазіцыйных матэрыялаў» (8).

БДУ – 36

Сёння дадатковы набор абвясціла і галоўная ВНУ краіны. На дзённую бясплатную форму навучання БДУ гатовы прыняць да 36 чалавек. На механіка-матэматычным факультэце вольныя 14 месцаў на спецыяльнасці «матэматыка» (навукова-педагагічная і навукова-канструктарская дзейнасць), 11 – на фізфаку і 11 у МДЭІ імя А. Д. Сахарава паводле кірункаў «Прыродаахоўная дзейнасць», «Энэргаэфектыўныя тэхналогіі і энэргетычны мэнэджмэнт» і «Ядзерная і радыяцыйная бяспека».

МДПУ імя Шамякіна – 23

У мазырскім педагагічным цяпер самы вялікі попыт на будучых настаўнікаў хіміі і біялогіі – на момант абвяшчэння дадатковага набору засталося 15 бюджэтных месцаў. Таксама ўніверсітэту патрэбныя абітурыенты на спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка» – тут засталося 7 вакансій. І толькі аднаго чалавека не хапіла для выканання плана ў спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя».

ВДТУ – 23

Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт абвясціў дадатковы набор на бюджэтную дзённую форму паводле спецыяльнасцяў «Вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў» і «Вытворчасць адзення, абутку і скургалантарэйных вырабаў», а таксама на спецыяльнасць «Метралогія, стандартызацыя і сертыфікацыя (лёгкая прамысловасць)». Прычына – «у сувязі з павышаным попытам з боку прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці на выпускнікоў спецыяльнасцяў, запатрабаваных эканомікай Рэспублікі Беларусь».

Паводле звестак сайта kudapostupat.by, ВНУ патрэбныя 11, 8 і 4 абітурыенты на кожную з названых спецыяльнасцяў.

БДПУ імя Танка – 16

Галоўная педагагічная ВНУ краіны не змагла прывабіць 16 будучых фізікаў і інфарматыкаў. На дзённую бюджэтную форму адукацыі трэба набраць мінімум 10 балаў у адной з дзяржаўных моваў, 20 у фізіцы і 10 у матэматыцы.

БДУІР – 15

Нягледзячы на тое, што БДУІР сёлета стаў зоркай у медыя паводле рэзка выраслага прахаднога бала, непрэстыжны ягоны ваенны факультэт – там вучаць студэнтаў у інтарэсах Міністэрства абароны. Пустуюць 14 бюджэтных месцаў у спецыяльнасці «Радыётэхніка (спецыяльныя сістэмы радыёлакацыі і навігацыі)» і адно месца на спецыяльнасці «Інфакамунікацыйныя сістэмы (стандартызацыя, сертыфікацыя і кантроль параметраў)».

ГДУ імя Скарыны – 8

Гомельскі ўніверсітэт адчувае невялікі дэфіцыт у абітурыентах на педагагічныя спецыяльнасці. ВНУ не хапае шасці чалавек на спецыяльнасць «Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)» і двух на спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова».

Прыём дакументаў паводле дадатковага набору будзе праводзіцца да 7 жніўня.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках