1 снежня 2021, Серада, 9:45
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Беларускі рэжым чакаюць сур'ёзныя наступствы праз сітуацыю з Ціманоўскай

9
Гары Паганяйла: Беларускі рэжым чакаюць сур'ёзныя наступствы праз сітуацыю з Ціманоўскай

Ёсць некалькі механізмаў пакарання дыктатара.

Надоечы прадстаўнікі алімпійскай каманды Беларусі паспрабавалі сілком вывезці Крысціну Ціманоўскую з Токіё за яе выказванні на адрас спартыўнага начальства.

Сайт Charter97.org папрасіў старшыню юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі Хельсінскі Камітэт» Гары Паганяйлу пракаментаваць сітуацыю:

- Я ацэньваю сітуацыю вельмі негатыўна і як юрыст, і як у мінулым спартовец - чалец моладзевай каманды Рэспублікі Беларусь у класічнай барацьбе (цяпер грэка-рымская). Гаворка ідзе пра тое, што насуперак волі Крысціны спартыўныя чыноўнікі хацелі пераправіць яе з алімпійскай вёскі ў Токіё, дзе яна была заяўлена ўдзельніцай спаборніцтваў у бегу на дыстанцыях 100 і 200 метраў за беларускую алімпійскую каманду. Але, са слоў спартоўкі, праз памылкі трэнераў і кіраўнікоў федэрацыі, тых, хто адказваў за падрыхтоўку атлетаў, не змаглі ўкамплектаваць удзельніц спаборніцтвы ў эстафеце на 400 метраў. Прапанавалі ёй, але яна адмовілася, бо да гэтай дысцыпліны не была падрыхтаваная. Сітуацыя відавочна канфліктная і створаная не з віне Ціманоўскай. Але непаслушэнства, «невыкананне загаду начальства» было ўспрынята як бунт на караблі.

Вядома, і формай, і зместам гэта грубае парушэнне паважлівага, я б сказаў, трапяткога стаўлення да таленавітай спартоўкі, якая дасягнула неверагоднай працай і стараннямі, вядома ж, не без дапамогі трэнераў і дзяржавы, удзелу ў Алімпійскіх гульнях і магчымасці здабыць найвышэйшую ўзнагароду ў спорце. Гэта мяжа мараў кожнага сапраўднага спартоўца. І тое, што з ёй адбылося - адхіленне ад спаборніцтваў, выправаджэнне са складу каманды, гвалтоўная адпраўка ў Менск пад аховай невядомых людзей, усведамленне надыходу катастрофы, каго хочаш можа прывесці да нервовага зрыву. Так абыходзіцца з людзьмі нельга. Гэта не проста бесчалавечна і подла, але і злачынна. Такія дзеянні на мове крымінальнага закона можна кваліфікаваць як пазбаўленне волі, выкраданне чалавека. Крысціна разумела, што адбываецца і баялася расправы не толькі ў дачыненні да сябе, але і блізкіх.

Магу нагадаць, што ў пачатку 2000-х гадоў пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі Пётр Краўчанка ў чымсьці «правініўся», як здалося кіраўніцтву краіны. На пастаянна дзейным семінары кіроўных працаўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых органаў «у пытаннях удасканалення ідэалагічнай работы» з вуснаў Лукашэнкі ў дачыненні да амбасадара ў Японіі прагучала наступная фраза: «Я ўжо спецслужбам, прабачце мне за шчырасць, даю ўказанне - выкрасці і прывезці ў краіну». Што гэта: надзець мяшок на галаву, скрасці, прывезці з-за мора і кінуць да ног ўладара? Дзякуй Богу, гэтага не здарылася. Але можаце сабе ўявіць, што такога кшталту намеры, такія «загады» аддаваліся.

Мы ўсе неаднаразова з'яўляліся сведкамі такіх «публічных заган» на беларускай тэлевізіі, калі сівавалосых і маладзейшы міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, чыноўнікаў меншага рангу «гаспадар ўсяе Беларусі» ўтоптвае ў бруд, пагражае кінуць на нары, усім «тыкае», прыніжае і абражае як апошніх нягоднікаў, ні на што не здольных. І ў гэтым выпадку пагрозы ўжо прагучалі. Відавочна, што параза на Алімпіядзе дорага абыдзецца нашым чыноўнікам ад спорту і самім спартоўцам. Менавіта ў такой атмасферы выхоўваюцца кадры, але менавіта так яны паводзяць сябе і з іншымі падначаленымі, з залежнымі ад іх волі і прымхаў людзьмі.

Што гэта за паводзіны чыноўнікаў, якія адважыліся выканаць такі загад? Я вельмі абураны сітуацыяй і далучаюся да тых ацэнак, якія ўжо былі выказаны ў многіх СМІ.

- Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заявіў, што пастанову аб зняцці Ціманоўскай з Алімпіяды прыняў Лукашэнка. Наколькі адэкватная такае пастанова ўзурпатара?

- Я не магу выключыць менавіта такія паводзіны «гаспадара ўсяе Беларусі». Ён сам з'яўляўся старшынёй НАК, потым перадаў гэтыя паўнамоцтвы свайму сыну, калі МАК выставіў прэтэнзіі, што не можа быць такога сумяшчэння - кіраўнік дзяржавы і НАК. Такое сумяшчэнне супярэчыць, вядома ж, алімпійскай хартыі і ўсім практыкам у алімпійскім руху. Таму я не выключаю, што Лукашэнка зрабіў гэта, лічачы па-ранейшаму спартоўцаў сваёй асабістай вотчынай: ён іх утрымлівае, выкормлівае, так бы мовіць, са сваёй уласнай рукі, раздае ім стыпендыі, прэміяльныя, льготнае жыллё тым, хто вызначыўся і здабыў медалі.

Такія паводзіны ўспрымаюцца вельмі негатыўна і спартоўцамі, і грамадствам. І зразумела, што многія спартоўцы знаходзяцца ў вельмі цяжкім, зневажальным становішчы. Так, многія з іх пацалаваныя Богам, так, іх старанна адбіраюць. Яны трапляюць у каманды ў адпаведнасці з дасягнутымі вынікамі, імі там апекуюцца і трэнеры, і дзяржаўныя спартыўныя чыноўнікі. Аднак адна справа маральная і матэрыяльная падтрымка з боку дзяржавы, а іншае - калі гэта ператвараецца ў асабістую вотчыну, спартоўцы з'яўляюцца, фактычна, рабамі свайго гаспадара.

Надоечы ўсе мы зноў сталі сведкамі таго, як Лукашэнка ўшчуваў чыноўнікаў спартыўных федэрацый, спартоўцаў і іх жонак, якія нярэдка суправаджаюць сваіх мужоў на міжнародных спаборніцтвах за межамі краіны. Гэта ўсё паказвае, што гэты чынуша высокага рангу ставіцца да людзей як нейкага быдла, якому ён можа загадваць усё што хоча, кіраваць імі. Такія праявы нечалавечага і зневажальнага стаўлення да людзей дэманструюцца на кожным кроку, і ў мяне асабіста выклікаюць агіду ў дачыненні да яго.

У Беларусі створаны нечалавечы рэжым, за якім сёння многія назіраюць і ў краіне і за яе межамі. Ён сфармаваўся даўным-даўно. Я ўжо даволі доўга жыву на гэтым свеце і памятаю, якім чынам ён фармаваўся. Будучы дырэктарам саўгаса, у маладыя гады ён парой збіваў сваіх падначаленых (у дачыненні да яго было распачата дзве крымінальныя справы за збіццё работнікаў саўгаса «Гарадзец»). Для яго ўсё скончылася добра, ён не панёс прадугледжанай законам адказнасці.

Тагачасны былы пракурор Шклоўскага раёна Бажэлка ўсе гэтыя справы спыніў. Гэта здарылася, калі Лукашэнка з празмернымі амбіцыямі спачатку прайшоў дэпутатам у Вярхоўны Савет 12-га склікання, а затым і ў кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у 1994 годзе. Мабыць, такая грубая, невыхаваная, не пабаюся сказаць, быдлячая звычка зневажаць людзей, сфармавалася ў яго даўным-даўно. Напэўна, псіхолагі маглі б знайсці прычыны гэтаму ў згаданых ім цяжкасцях дзяцінства, малалецтва, юнацтва, калі фармаваўся ягоны характар і нізінныя схільнасці - мсцівасць, празмерная грубасць, няспынная хлусня, фанабэрыстасць і іншыя дэманстраваныя ім заганы. Часам на людзях ён спрабуе дэманстраваць з сябе нешта іншае, але тым не менш яго нявыхаванасць проста прэ з яго. Гэта вечнае «тыканне» ў дачыненні да ўсіх, незалежна ад рангу, узросту ці нейкіх заслуг перад грамадствам і дзяржавай, ментарскі тон, які навучае ўсіх і ва ўсім і што не можа быць ніякіх пярэчанняў...

Я схільны думаць, што такія праявы да маладой, але ўжо заслужанай спартоўкі Крысціне Ціманоўскай у поўнай меры маглі быць дапушчаныя з яго боку, такія загады маглі быць ім аддадзены. Калі ён свайму міністру ўнутраных спраў, спэцслужбам у свой час аддаваў загады расстрэльваць людзей на месцы без суда і следства, і заяўляў пра гэта голасна на тэлевізіі, то я магу ўявіць, што ён можа зрабіць з простым спартоўцам, які нейкім чынам не апраўдаў ягоных надзей.

- Многія экспэрты ацэньваюць сітуацыю з Ціманоўскай як яшчэ адзін міжнародны скандал, які ударыць па рэжыме Лукашэнкі. Ці згодныя вы з гэтым?

- Меркаванне у прынцыпе правільнае. Крысціна Ціманоўская знаходзілася за межамі Рэспублікі Беларусь, на Алімпіядзе, гэта значыць яна павінна была падпарадкоўвацца не толькі адміністрацыі нашай дэлегацыі, але і на яе распаўсюджваліся правілы паводзін Алімпійскай хартыі і руху. І спартоўцы, і суддзі, і дэлегацыі даюць клятву быць сумленнымі і справядлівымі ў барацьбе за алімпійскія медалі і наогул на спаборніцтвах.

Паводзіны прадстаўнікоў нашай спартыўнай дэлегацыі (або спартыўных чынуш) у Токіё - гэта міжнародны скандал, бо гэта ўжо не ўнутраная справа краіны, нашых спартыўных чыноўнікаў, трэнераў і гэтак далей, якія таксама сядзяць на тарыфах і атрымліваюць грошы не толькі ад дзяржавы, але і ад грамадскіх фондаў, у тым ліку ад МАК і профільных міжнародных спартыўных федэрацый, камерцыйных арганізацый, рознага кшталту бізнэсаў і г.д. і, вядома, такія паводзіны з боку службовых асоб, дзяржавы ў цэлым - гэта не ўнутраная справа Беларусі. Гэта клопат усіх і кожнага, усе яны маюць права правільна ацэньваць тое, што здарылася з пазіцыі норм права, выканання ўзятых на сябе абавязанняў, да прыкладу, правілаў Алімпійскай хартыі, захавання правоў чалавека, абароны гонару, годнасці кожнага, гарантаваных свабодаў. Сярод іх - свабода перамяшчэння, выбару месца жыхарства, свабода мець сваё меркаванне і выказваць яго іншым.

Вядома, павінна быць пэўная мера адказнасці. Кожнай сястрыцы па завушніцы можа быць дадзена ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі, прадпісаннямі і працэдурамі МАК. Факты дапушчаных парушэнняў павінны быць непрадузята ацэненыя. Такія агідныя выпадкі не могуць быць праігнараваныя. Яны дыскрэдытуюць алімпійскі рух, а таксама саму дзяржава, якая дазваляе абыходзіцца са сваімі спартоўцамі, як з рабамі.

- Ці могуць з'явіцца новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі?

- Я дапускаю, што могуць быць выкарыстаныя пэўнага кшталту санкцыі. Паглядзім, ці будуць яны насіць мяккі характар або будуць больш жорсткімі з улікам таго, што НАК Беларусі ўжо меў пэўныя тыпы абмежаванняў.

Гэта варта разглядаць адпаведным структурам, чыноўнікам, якія ўзначальваюць МАК. Аднак тое, што здарылася не павінна застацца беспакараным, бо беспакаранасць - гэта патуранне такім паводзінам, якое нясе небяспеку для ўсіх астатніх удзельнікаў такіх міжнародных спаборніцтваў. Я цалкам дапускаю санкцыі ў выглядзе персанальных, арганізацыйных і нават фінансавых. Не варта забываць і пра магчымую рэакцыю з боку міжнародных арганізацый і ўрадаў, адказна падыходных да пытанняў захавання правоў чалавека, выканання устаноўленага міжнароднай супольнасцю светапарадку, адлюстраванага ў статуце ААН, іншых яго дакументах, прынцыпах і правілах.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».