29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі крызіс стаў міжнароднай праблемай

9
Беларускі крызіс стаў міжнароднай праблемай
Валерий Карбалевич

У цэнтры Еўропы з'явіўся асяродак дэстабілізацыі.

Некалькі розных фактаў толькі за апошнія два з паловай месяцы.

Пасадка самалёта кампаніі Ryanair ў Менску і затрыманне Рамана Пратасевіча.

Лукашэнка пагражаў перакрыць транзіт праз Беларусь тавараў тых краін, якія праводзяць палітыку непрыязнага стаўлення афіцыйнага Менску.

Штучны міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы, які абвастраецца. Лукашэнка паабяцаў, што хутка на тэрыторыі Літвы з'явяцца мігранты са зброяй. Літоўскія ўлады прынялі пастанову вяртаць нелегальных мігрантаў у Беларусь.

Лукашэнка заявіў аб магчымасці размяшчэння расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

Скандал са спартоўкай Крысцінай Ціманоўскай, якую за крытыку кіраўніцтва каманды Беларусі ў лёгкай атлетыцы паспрабавалі выслаць з Алімпіяды ў Токіё ў Менск без яе згоды.

Кіраўніка «Беларускага дома ва Украіне» Віталя Шышова знайшлі павешаным у Кіеве.

Беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні ў верасні ўжо сёння выклікаюць напружанасць у рэгіёне.

Што аб'ядноўвае ўсе гэтыя факты? Што ў іх агульнага?

На мой погляд, яны сведчаць аб тым, што беларускі палітычны крызіс ператвараецца ў крызіс рэгіянальны. Неўрэгуляванасць унутрыбеларускай праблемы і нават яе абвастрэнне выліваецца за межы Беларусі, спараджае праблему рэгіянальнай і наогул міжнароднай бяспекі. Гэта даўно ўжо не толькі гуманітарнае пытанне адной краіны. Беларусь, якая з 2014 да 2020 год прадставіла сябе донарам рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі, на вачах ператвараецца ў фактар росту міжнароднай напружанасці.

Гуманітарны крызіс у Беларусі выштурхнуў за мяжу дзясяткі тысяч беларусаў, якія пераязджаюць у суседнія краіны і ствараюць там пэўныя праблемы.

Варта адзначыць, што беларускі кейс абвастрае канфлікт паміж Расеяй і Захадам.

Афіцыйны Менск бяжыць тут наперадзе паравоза і фактычна ўцягвае Маскву ў нейкія новыя канфлікты з ЕЗ і ЗША. Беларусь становіцца чыннікам канфліктагеннасці расейска-заходніх стасункаў. Справа даходзіць да таго, што прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў вымушаны дэзавуяваць заявы Лукашэнкі.

Мяркую, міжнародная супольнасць недаацаніла пагрозу перарастання беларускага палітычнага крызісу ў міжнародную праблему. ЕЗ рэагаваў са спазненнем, нерашуча, спадзеючыся на вяртанне звыклага статус-кво.

А ў выніку ў цэнтры Еўропы з'явіўся асяродак дэстабілізацыі, які чым далей, тым больш пагражае міжнароднай бяспекі. І з гэтым трэба нешта рабіць. Ці здольная міжнародная супольнасць на развязанне праблемы? Адказ пакуль невідавочны.

Валерый Карбалевіч, Telegram

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках