25 красавiка 2024, Чацвер, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ВНУ распавялі пра сур'ёзныя недаборы

12
Беларускія ВНУ распавялі пра сур'ёзныя недаборы

У Вайсковай акадэміі не стае адразу 115 студэнтаў.

Заўтра ў ВНУ - апошні дзень залічэння на бюджэт. Аднак у некаторых навучальных установах частка месцаў усё яшчэ застаецца вакантнай. Zerkalo.io паглядзела, якія ўніверсітэты і на якія спецыяльнасці абвясцілі дадатковы набор.

БДУ - 51

У Беларускім дзяржаўным універсітэце на дзённае навучанне на бюджэт свабоднымі апынуліся 36 месцаў. Дадатковы набор тут абвясцілі на механіка-матэматычны факультэт (14 месцаў), фізічны факультэт (11), прыродаахоўную дзейнасць (4), таксама 11 чалавек чакаюць у інстытуце ім. Сахарава (уваходзіць у структуру БДУ).

Акрамя таго, на механіка-матэматычным факультэце галоўнай ВНУ краіны чакаюць яшчэ 15 завочнікаў-бюджэтнікаў.

БНТУ - 160

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце - самым вялікім універсітэце Беларусі - на дзённае навучанне на бюджэт свабодныя 150 месцаў. Больш за ўсё абітурыентаў недалічыліся на спецыяльнасці «металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка (з накіраваннямі)» - тут вакантнымі выявіліся 27 месцаў.

Акрамя таго, ВНУ не выстарчыла 10 бюджэтнікаў-завочнікаў. Спецыяльнасць - «вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый» (будаўнічы факультэт).

БДУІР - 15

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі дадатковы набор неабходны толькі на вайсковым факультэце. 14 чалавек не стае на спецыяльнасці «радыётэхніка» (спецыяльныя сістэмы радыёлакацыі і навігацыі), аднаго - на спецыяльнасці «інфакамунікацыйнай сістэмы» (стандартызацыя, сертыфікацыя і кантроль параметраў).

БДТУ - 53

Недалічыліся патрэбнай колькасці студэнтаў і ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Тут вакантныя месцы на дзённае навучанне на бюджэт засталіся на сямі факультэтах, дзе ў выніку не стае 53 абітурыентаў. Большасць з іх прыпала на спецыяльнасць «мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваапрацоўчых вытворчасцей». Яе адкрылі ў 2021-м, тут вакантныя 10 месцаў.

БДПУ ім. Максіма Танка - 16

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце ім. Максіма Танка вакантныя 16 месцаў. Усе на спецыяльнасці «Фізіка. Інфарматыка». Для таго, каб сюды паступіць на дзённае, трэба тры сертыфікаты ЦТ:

расейская (беларуская) мова - 10 балаў і вышэй;

фізіка - 20 балаў і вышэй;

матэматыка - 10 балаў і вышэй.

Вайсковая акадэмія - 115

Засталіся незанятыя месцы і ў Вайсковай акадэміі. У табліцы з інфармацыяй аб вакантных месцах, размешчанай на сайце Мінабароны, паказана, што тут чакаюць яшчэ 115 чалавек. Больш за ўсё на факультэце СПА - на спецыяльнасці «эксплуатацыя радыётэхнічных сістэм» засталіся вольнымі 34 месцы. На факультэце ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення - 26 месцаў.

А што ў рэгіёнах?

Інфармацыя аб дадатковым наборы з'явілася на сайце Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Вакантныя месцы тут засталіся на трох спецыяльнасцях. На дзённае на бюджэт тут патрэбныя яшчэ 23 чалавекі. 11 - на «вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў», 8 - на «вытворчасць адзення, абутку і скургалантарэйных вырабаў», 4 - на «метралогію, стандартызацыю і сертыфікацыю (лёгкая прамысловасць)».

У альма-матэр Аляксандра Лукашэнкі - Магілёўскім дзяржаўным універсітэце ім. А. А. Куляшова - таксама ёсць недабор. Тут на дзвюх спецыяльнасцях «матэматыка і інфарматыка» і «фізіка і інфарматыка» бракуе 20 чалавек.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту (Гомель) план дадатковага прыёму склаў 68 чалавек. Паводле звестак на 12.00 4 жніўня, немалая частка з гэтых месцаў ужо запоўненая. Аднак 35 месцаў усё яшчэ чакаюць абітурыентаў. Больш за ўсё - 14, на спецыяльнасці «будаўніцтва чыгунак, шлях і пуцявая гаспадарка».

Дакументы ад тых, хто плануе паступаць на месцы, што апынуліся вакантнымі, ВНУ прымаюць да 7 жніўня (уключна).

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках