24 красавiка 2024, Серада, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва гатовая спыніць экспарт «Беларуськалія»: колькі страціць рэжым?

18
Літва гатовая спыніць экспарт «Беларуськалія»: колькі страціць рэжым?

Створаны беларускімі ўладамі міграцыйны крызіс вяртаецца да іх бумерангам.

Літва пагражае цалкам спыніць экспарт беларускіх угнаенняў праз свой порт.

Міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбэргіс заявіў у інтэрв'ю Delfi, што Літва ўжо фармальна падала прапановы Брусэлю аб пашырэнні сектаральных санкцый, уключаючы і ўгнаенні «Беларуськалія», якія экспартуюцца пераважна праз Клайпеду.

Раней МЗС Літвы папярэджваў афіцыйны Менск пра такое развіццё сітуацыі, калі плынь нелегальных мігрантаў не спыніцца. «Філін» паспрабаваў разабрацца, наколькі рэальнай можа быць гэтая пагроза і чым абернецца для рэжыму ў Беларусі?

Ці шмат страціць Беларусь?

«Беларуськалій» займае амаль 20% сусветнага рынку хлоркалію. Экспарт калійных угнаенняў з Беларусі ў 2020 годзе ў вартасным вылічэнні склаў $2,41 млрд. І гэта вельмі вялікая сума, каб ёй можна было грэбаваць.

Прадпрыемства экспартуе сваю прадукцыю праз Клайпедскі порт і аб'ём гэтай перавалкі складае 10-11 млн тон на год.

Што напраўду?

А вось тут як раз ёсць нюанс. Яшчэ перад папярэднім пакетам санкцый чакалася, што меры супраць калійнай галіны будуць найбольш балючымі. Аднак усё было не так драматычна.

Забарона на транспартаванне была прыняты ў мяккім для Беларусі варыянце. Па-першае, санкцыі не распаўсюдзіліся на ўжо дзейныя кантракты, укладзеныя да 25 чэрвеня 2021 года.

А па-другое, пад яго не патрапіла самая хадавая пазіцыя - хларыд калію з утрыманнем дзейнага рэчыва ад 40% да 62%. У выніку абмежавальныя захады закранулі менш за 20% экспартных продажаў беларускіх калійных угнаенняў, што ў грашовым вылічэнні можа скласці (калі яны пачнуць дзейнічаць) блізу 500 мільёнаў даляраў на год. Ды і то не факт. Частку гэтых аб'ёмаў да таго часу можна перанакіраваць на экспарт праз Расею.

Чаму ЕЗ раней марудзіў з прыняццем санкцый для калію?

Акрамя таго, каб даць час беларускім уладам «адумацца», ёсць і цалкам прагматычная прычына. Увядзенне санкцый на беларускі калій можа справакаваць на сусветным рынку рост кошту ўгнаенняў і, як вынік, на прадукты харчавання. ЕЗ сам найперш не зацікаўлены ў такім развіцці сітуацыі. Прынамсі, пакуль выхад з гэтай сітуацыі не агучаны.

Да таго ж незразумела, што рабіць са стратамі, якія ў выніку зніжэння беларускага грузапатоку панясе Клайпедскі порт і Літва агулам.

Дык, ці будзе прынятая такая пастанова?

Улічваючы, што на санкцыях намагае сама Літва, якая найперш страчвае свой даход, то ўсё выглядае цалкам сур'ёзна. Не выключана, што міграцыйны крызіс каштавацьме літоўскім суседзям значна даражэй (не толькі ў грашовым эквіваленце), чым страты Клайпедскага порта.

Але, з іншага боку, да прыпынення экспарту яшчэ далёка.

- Магчыма поўнае спыненне. Я б сказаў, што так, гэта рэальна. Рэальныя перамовы яшчэ не пачаліся, таму яшчэ рана пра гэта казаць, - заявіў кіраўнік МЗС Літвы ў сераду перад пасяджэннем ўрада.

Паводле ягоных слоў, пытанне пашырэння санкцый у ЕЗ будзе абмяркоўвацца не раней за верасень.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках