18 верасня 2021, Субота, 15:51
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Гульні ў Токіё: у весляроў-ябацек - параза за паразай

14
Гульні ў Токіё: у весляроў-ябацек - параза за паразай

Напярэдадні Алімпіяды трэнер каманды падлабуньваўся да рэжыму.

Веславанне на байдарках і каноэ традыцыйна медальны від спорту для Беларусі. Пачынаючы з Афін-2004 падапечныя Уладзіміра Шантаровіча нязменна вяртацца дадому з ўзнагародамі. Здаецца, Токіё можа стаць выключэннем. Хоць у Лукашэнкі былі вялікія надзеі на гэты від спорту. Пасля хатніх Еўрапейскіх гульняў-2019 правадыр хваліўся, што байдарачнікі і канаісты ўзялі дзесяць узнагарод і перамаглі ў медальным заліку. Праўда, ён чамусьці не згадаў, што некаторыя віды не былі алімпійскімі, піша «Трыбуна».

Цяпер жа Лукашэнку пахваліцца няма чым. Якім бы ня быў аптымістычны Шантаровіч пасля аўторкавай няўдачы ў двойцы Марыны Літвінчук і Вольгі Худзенкі, але медалёў з тых часоў пакуль не дадалося. Наадварот, у чацвер ніводная з беларусак не прабілася нават у фінал А. У адзіночках на 500 метраў Худзенка і Літвінчук фінішавалі шостымі ў фіналах В і С адпаведна. Хоць экспэрты прадказвалі першай срэбра ў гэтай дысцыпліне, аднак медаль не спраўдзіўся, як і золата ў байдарцы-двойцы на такую ж дыстанцыю.

Цяпліліся надзеі на медальны поспех у канаісткі Алены Ноздравай на 200 метрах. Калі ў 2019-м дзяўчына на гэтай дыстанцыі перамагла на Еўрапейскіх гульнях, то ў Токіё нават не прабілася ў вызначальны заплыў. Столлю беларускі стаў фінал В і трэцяе месца ў ім.

З усіх беларусаў у чацвер да фіналу А дабраўся толькі мужчынскі дуэт на 1 000 метраў Алега Юрэні і Мікіты Барыкова. Двойцы стварыць сенсацыю не атрымалася - да фінішу прыйшлі толькі сёмымі.

Калі ў выніках у весляроў атрымліваецца не вельмі, то ў палітычнай лаяльнасці рэжыму Лукашэнкі каманда робіць поспехі. Асабліва актыўны падпісант праўладнага ліста Шантаровіч. Перад Алімпіядай тытулаваны трэнер выдаў некалькі рэзкіх палітычных заяў, пры гэтым паставіўшы подпіс пад дакументам, што спорт павінен знаходзіцца па-за палітыкай:

«Мне здаецца, тыя, хто ўносіць такія прапановы [дэпутаты Еўрапарламента заклікалі прыпыніць удзел беларускіх федэрацый у міжнародных арганізацыях і спаборніцтвах], сур'ёзна хворыя. Тут нават тлумачэньняў ніякіх быць не можа. За кожным учынкам жа мусіць быць нейкае тлумачэнне. А чаго яны хочуць? Хворым людзям трэба падлячыцца - такая мая думка».

«Наогул, калі шчыра, не ведаю і не разумею, чаму Еўропа так раззлавалася на Беларусь, на дзейную ўладу. У маёй камандзе ніхто на гэтую тэму не кантактуе - мы працуем і атрымліваем задавальненне ад спорту. Кажуць, што на пастанову ўвесці чацвёрты пакет санкцый паўплываў інцыдэнт з пасадкай самалёта [Афіны - Вільня]? не ведаю, нічога не магу сказаць з гэтай нагоды. Хлопец [Пратасевіч], якога затрымалі пасля пасадкі, зараз нешта кажа ў інтэрв'ю. Чаму няма падстаў яму не верыць? Кажа ўсё пад ціскам? Ну не ведаю…»

«Што б сёння ні казаў хто, усё, што сёння робіцца ў нашай краіне, - усё ў плюс. Вось гэты ўнісон, які мы заўсёды... Я скажу, я ганаруся краінай, я ганаруся яе кіраўніком, я ганаруся тым, што мы наогул усё робім».

Больш за тое, Шантаровіч збіраўся ў Токіё як на вайну. Перад Гульнямі спецыяліст назваў сваіх падапечных ваярамі і заклікаў да мабілізацыі:

«Ёсць мабілізацыя весляра, байца, але мабілізацыя павінна быць, як у ваяра. Уступаеш у бой - расцвітаеш. Вочкі не змружваюцца - і паказваеш тую мадэль, якую ты напрацаваў. Па ветру, супраць ветру, бакавы вецер - для ваяра гэта не мае значэння. Я хачу настроіць і каманду так, каб гэта ўсё атрымалася».

Як бачым, пакуль не атрымліваецца. Пасля няўдач чацвярга Шантаровіч ужо не даў каментар журналістам. Камунікаваць з прэсай давялося ягонаму памочніку Генадзю Галіцкаму.

«Вядома, суцяшальныя фіналы - не наш вынік. У Літвінчук не ўбачыў тых байцоўскіх якасцяў менавіта ў гэтых заездах. Вользе Худзенцы не ставала фінішнай канцэнтрацыі, калі яна прапусціла на другое месца спаборніцу з Партугаліі. Гэта гаварылася дзяўчатам. Вользе Худзенцы трэба яшчэ трохі перагледзець тэхніку, спартоўка моцная, але трэба вярнуць кандыцыі 2019 года, калі яна была адной з найлепшых у свеце. Дзяўчаты дасведчаныя і ўсё разумеюць. У суцяшальных заездах тут не было ўжо той мабілізацыі, таму будзем працягваць рыхтавацца», - паспрабаваў растлумачыць няўдачы трэнер.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».