29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як паставіць Лукашэнку на месца?

34
Як паставіць Лукашэнку на месца?
ДЭНІЭЛ ФРЫД

Былы каардынатар санкцыйнай палітыкі Дзярждэпу ЗША Дэніэл Фрыд прапанаваў свой рэцэпт.

Аляксандр Лукашэнка і ягоная бандыцкая тактыка - не новая праблема для Захаду, піша былы каардынатар санкцыйнай палітыкі Дзярждэпу ЗША Дэніэл Фрыд для сайта justsecurity.org (пераклад – Charter97.org). Ён скраў выбары, жорстка ставіўся да апазіцыі, гадамі парушаў міжнародныя правілы і нормы. Захад адказваў, уводзіў санкцыі, вёў перамовы і працягваў руку, але ў канчатковым выніку - безвынікова. Лукашэнка застаецца ва ўладзе і па-ранейшаму кантралюе сілавы блок.

Лукашэнка актывізаваў сваю тактыку тэрору, яна распаўсюджваецца і за межы Беларусі. 3 жніўня ў Кіеве было знойдзенае цела Віталя Шышова, беларускага дэмакратычнага актывіста ў выгнанні. Рэжым спрабаваў прымусіць алімпійскую лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую вярнуцца ў Беларусь з Такійскіх гульняў пасля таго, як яна раскрытыкавала ўлады краіны. У траўні рэжым Лукашэнкі захапіў камерцыйны самалёт Ryanair, які накіроўваўся ў Вільню, каб арыштаваць беларускага журналіста Рамана Пратасевіча. Сотні беларускіх грамадзян былі арыштаваныя і зазналі катаванні за пратэсты супраць фальсіфікацыі Лукашэнкам прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года, на якіх ён саступіў Святлане Ціханоўскай.

Гвалт Лукашэнкі супраць дысідэнтаў і апанентаў рэжыму, рэальных і меркаваных, патрабуе рашучага адказу з боку Захаду, каб скончыць з яго відавочным пачуццём беспакаранасці. Вашынгтону і Брусэлю неабходна ўвесці больш строгія санкцыі, што павінна таксама паслужыць перасцерагальным сігналам для абаронцы Лукашэнкі, прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, некаторыя метады якога (уключаючы забойствы праціўнікаў рэжыму на чужой тэрыторыі) Лукашэнка, відавочна, капіюе. Злучаным Штатам і Вялікай Брытаніі неабходна не толькі адпавядаць шырокім эканамічным санкцыям, на якія ЕЗ ужо пагадзіўся, але і выйсці за іх рамкі.

Будучы дыктатарам, Лукашэнка прадэманстраваў уменне трымацца на адлегласці ад Пуціна і, як следства, часам адказваў на ціск ЗША і Еўропы ўмоўнай прапановай аб паляпшэнні стасункаў, напрыклад, вызваленнем палітычных зняволеных. Гэтыя дні засталіся ў мінулым. Сутыкнуўшыся з масавым і працяглым сацыяльным пратэстам пасля таго, як ён скраў вынікі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020, Лукашэнка выйшаў на новы ўзровень рэпрэсій.

Лукашэнку не ўдалося знішчыць апазіцыю, многія лідары схаваліся ў суседніх Латвіі, Літве, Польшчы і Украіне. Апазіцыя становіцца мацнейшай, пра што сведчыць добра арганізаваны візіт у Злучаныя Штаты ў мінулым месяцы Ціханоўскай і яе каманды, падчас якога яна сустрэлася з прэзідэнтам Джо Байдэнам, дзяржсакратаром Энтані Блінкенам, чальцамі Кангрэса, а таксама з некамерцыйнымі арганізацыямі, навукоўцамі і лідарамі Крамянёвай даліны.

Тым часам Лукашэнка змагаецца за ўладу, а Пуцін змагаецца за тое, каб не дапусціць поспеху дэмакратычнага руху ў краіне, якую ён уважае за васальную дзяржаву і, такім чынам, якая падпарадкоўваецца ягонай уладзе.

Захад павінен ужыць захады меры, суразмерныя ўзмацненню агрэсіі Лукашэнкі. І Вялікая Брытанія, і ЕЗ хутка адрэагавалі на паветранае пірацтва Лукашэнкі ў траўні, забараніўшы камерцыйным рэйсам Беларусі прызямляцца ў Еўропе, а таксама сваім уласным прызямляцца ў паветранай прасторы Беларусі ці пралятаць над ёй. У чэрвені яны і Злучаныя Штаты ўвялі дадатковыя санкцыі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб рэжыму, у тым ліку высокапастаўленых афіцыйных асоб рэжыму і беларускага КДБ.

Санкцыі ЕЗ былі шырокімі, у тым ліку ў дачыненні да беларускага экспарту і фінансавання беларускіх дзяржаўных кампаній. Паведамляецца, што Вашынгтон рыхтуецца да ўвядзення новых санкцый прыкладна 9 жніўня, у гадавіну скрадзеных беларускіх выбараў.

Але час, выдаткаваны на падрыхтоўку новага пакета санкцый ЗША, даў магчымасць Лукашэнку для эскалацыі. Захаду патрэбная большая палка.

У ЗША і Еўропы ёсць варыянты:

ЗША павінны пайсці на пераслед сямейнікаў Лукашэнкі. Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць ягонага сына Віктара, але ягоная жонка і двое іншых сыноў застаюцца без санкцый.

Увесці санкцыі на атачэнне Лукашэнкі. Беларуская апазіцыя пачала высвятляць, хто ёсць хто ў найбліжэйшым атачэнні дыктатара. Пераслед паплечнікаў Лукашэнкі прадэманструе ім і ўсяму беларускаму грамадству, што дыктатар не можа запалохаць Злучаныя Штаты і Еўропу, а таксама забяспечыць абарону сваёй банды.

Фінансавыя санкцыі: цалкам увесці санкцыі на дзяржаўныя банкі Беларусі; забараніць усякае фінансаванне дзяржаўных кампаній Беларусі і заблакаваць выпуск новых дзяржаўных пазыковых абавязацельстваў Беларусі. Злучаныя Штаты павінны адпавядаць чэрвеньскім санкцыям ЕЗ і нават быць больш жорсткімі. Варта забараніць аперацыі на першасным і другасным рынках толькі з новымі абавязкамі, бо выплата існых пазыковых абавязацельстваў прычыніць інвестарам больш шкоды, чым рэжыму Лукашэнкі.

Гандлёвыя санкцыі. Злучаныя Штаты павінны дагнаць абмежаванні ЕЗ на экспарт угнаенняў і нафтапрадуктаў, трэба імкнуцца ліквідаваць шчыліны ў захадах ЕЗ, якія дазваляюць працягваць экспарт тавараў, якія прыносяць даход.

Абмежаваць удзел міжнародных фінансавых арганізацый у Беларусі. Злучаныя Штаты і Еўропа павінны абмежаваць доступ Беларусі да такіх сродкаў у святле відавочна сфальсіфікаваных вынікаў выбараў.

Выслаць беларускіх выведчыкаў з пасольстваў Еўропы і ЗША. Злучаныя Штаты і еўрапейскія краіны зрабілі тое ж самае пасля спробы забойства расейскай выведкай расейца на брытанскай тэрыторыі. Беларускі рэжым будзе ўжываць захады ў адказ, але Злучаным Штатам не варта імкнуцца закрыць амбасаду Беларусі ў Вашынгтоне, бо амбасады выконваюць важныя функцыі ў сферы абслугоўвання грамадзян і эміграцыі, таксама карысна мець афіцыйныя прадстаўніцтвы на месцах. Але, улічваючы пагрозу таго, што супрацоўнікі беларускай выведкі паспрабуюць учыніць замахі ў Еўропе, Вялікай Брытаніі ці ЗША, высылка асобных афіцэраў будзе, мякка кажучы, правільнай.

У доўгатэрміновай перспектыве падтрымка дэмакратычнага руху можа апынуцца больш важнай, чым ціск на рэжым. Злучаныя Штаты і Еўропа адказалі на ваеннае становішча ў Польшчы паслядоўнай палітычнай падтрымкай і дапамогай «Салідарнасці» - добры прэцэдэнт, якога варта прытрымлівацца сёння.

Акрамя таго, чальцы Кангрэсу нядаўна выдзелілі 30 мільёнаў даляраў для Беларусі, што з'яўляецца велізарным павелічэннем дапамогі. І ЗША дзейнічаюць не ў адзіночку. ЕЗ прапанаваў выдзеліць Беларусі 3 мільярды еўраў, калі краіна «зменіць курс». Літва і Польшча ўжо даюць прытулак беларускаму дэмакратычнаму руху і ўсім, каго пераследуюць. Вашынгтон і Брусэль павінны ясна даць зразумець, што яны не будуць трываць агрэсіі Лукашэнкі, што яны будуць забяспечваць абарону палітычных выгнаннікаў з Беларусі і што такія папярэджанні тычацца Расеі, яе сеткі правакатараў, афіцэраў выведкі і кілераў.

Ціск на дэспатычны рэжым і падтрымка дэмакратычнай апазіцыі могуць не даць неадкладных ці нават кароткатэрміновых вынікаў. Але гісторыя паказвае, што гэта можа прывесці да сур'ёзных доўгатэрміновых вынікаў, асабліва калі свабодны свет на гэта разлічвае.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках