17 верасня 2021, Пятніца, 22:53
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Мал Хелам: ЕЗ і ЗША павінны абвясціць усёабдымныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

2
Мал Хелам: ЕЗ і ЗША павінны абвясціць усёабдымныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Мал Хелам

Беларусы прымусілі свет па-новаму зірнуць на сітуацыю ў краіне.

Кіраўніца Фонду адкрытай Эстоніі Мал Хелам расказала Charter97.org, чаму эканамічныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі павінны быць больш жорсткімі і як незалежныя СМІ і самаарганізацыя грамадзян могуць змяніць сітуацыю ў барацьбе за дэмакратыю.

- Вы - дырэктареп Фонду адкрытай Эстоніі. Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам, на чым сканцэнтравана дзейнасць вашай арганізацыі?

- Фонд адкрытай Эстоніі - гэта няўрадавы незалежны фонд, місія якога ў стварэнні дынамічных і талерантных дэмакратый, дзе ўрады падсправаздачныя сваім грамадзянам. Для дасягнення гэтай мэты мы запускаем і падтрымліваем ініцыятывы, якія падвышаюць патэнцыял грамадзянскай супольнасці, прасоўваюць інклюзіўны грамадзянскі дыялог, сацыяльную згуртаванасць, чалавечую годнасць, празрыстасць і дэмакратычную практыку ў працэсах прыняцця пасатноў. Мы абменьваемся досведам і наладжваем партнёрскія стасункі ў краінах з пераходнай дэмакратыяй.

- Якія галоўныя дасягненні Фонду адкрытай Эстоніі вы б падкрэслілі?

- ФАЭ быў рухальнай сілай электроннай Эстоніі: першае шырокапалоснае інтэрнэт-злучэнне з'явілася яшчэ ў 1992 годзе дзякуючы нашай арганізацыі. Мы выступілі з ініцыятывай, у рамках якой па ўсёй Эстоніі былі адкрыты грамадскія месцы доступу ў інтэрнэт, а многія маладыя людзі адправіліся вучыцца ў нядаўна створаны Каледж інфармацыйных тэхналогій.

Цяпер мы прапануем наш уласны досвед у галіне адкрытага кіравання і электроннай дэмакратыі. Эстонскі досвед быў перададзены праз нашага добрага партнёра Акадэміі электроннага кіравання (e-Governance Academy). Мы дапамаглі стварыць мноства новых інструментаў для электроннага ўдзелу, уключаючы «Компас выбарца» (мэтай інструмента з'яўляецца падвышэнне дасведчанасці людзей пра тое, як выглядае палітычны ландшафт краіны, якія сацыяльныя і палітычныя пытанні з'яўляюцца ключавымі, якія пазіцыі займаюць партыі ў гэтых пытаннях, - рэд.), «Вартавыя кіравання» (грамадзянская ініцыятыва, у якой экспэрты з няўрадавых аб'яднанняў сочаць за паўсядзённымі дзеяннямі ўрада і ацэньваюць, як напраўду выконваюцца планы і абяцанні - рэд.) і г. д.

Дзякуючы ФАЭ нарадзіўся адзін з самых уплывовых аналітычных цэнтраў у Эстоніі - Praxis. Першая парасонавая арганізацыя НДА ў Эстоніі была створаная пры падтрымцы ФАЭ. Гэта - Сетка эстонскіх некамерцыйных арганізацый, NENO, адна з найбуйнейшых грамадскіх ініцыятыўных арганізацый Эстоніі. Акрамя таго, ФАЭ рэалізуе розныя праграмы грамадскай аховы здароўя, праграмы прафесійнага навучання для лекараў, барацьбу з ВІЧ і стварэнне Эстонскага фонду геному.

З нашай ініцыятывы была створаная «Адкрытая эстонская кніга», якая пазнаёміла сусветна прызнаных філосафаў і мысляроў з эстонскай мовай і цяпер можа пахваліцца больш чым 140 кнігамі.

Штогадовы «Фестываль меркаванняў», які збірае тысячы людзей на вольным паветры для абмеркавання важных для нашага грамадства ідэй, таксама карыстаецца падтрымкай ФАЭ. На працягу многіх гадоў мы падтрымлівалі навучанне студэнтаў з Беларусі, Грузіі і Малдовы ў Эстоніі. У апошнія гады нам даверылі працу грантаў Нарвэгіі і Еўрапейскай эканамічнай зоны (Еўрапейскую эканамічную прастору) для грамадзянскай супольнасці.

- Нядаўна рэжым Лукашэнкі атакаваў незалежныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі. Многія супрацоўнікі такіх арганізацый знаходзяцца ў турмах або вымушаныя былі ўцякаць з Беларусі, каб працягнуць сваю працу. Як вы ацэньваеце такія напады?

- Гэта зусім недапушчальна. Цяжка назіраць падчас барацьбы, парушэнні правоў чалавека і злачынствы, якія чыняцца Аляксандрам Лукашэнкам і яго незаконным рэжымам.

Дзеянні Лукашэнкі пасля фальсіфікацыі выбараў, рэпрэсіі супраць апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, незалежнай прэсы і выкарыстанне гвалту супраць грамадзян адштурхнулі крытычную масу беларусаў ад ягонага рэжыму.

- Чаму для краіны важна мець мноства незалежных НДА і СМІ? Як яны дапамагаюць у стварэнні і прасоўванні краіны?

- Як сродкі масавай інфармацыі, так і няўрадавыя арганізацыі павінны адыграць важную ролю ў забеспячэнні і ўмацаванні дэмакратыі. СМІ падаюць інфармацыю пра дэмакратычныя змены і прасоўваюць сацыяльныя і палітычныя пытанні. Наяўнасць незалежных СМІ азначае права на свабоду выказвання меркавання. Таму незалежныя СМІ важныя для ўсіх. У незалежных СМІ журналісты могуць вольна крытыкаваць урад, патрабаваць празрыстасці, падсправаздачнасці і свабоднага доступу да інфармацыі. Гэта дазваляе грамадству быць добра інфармаваным і ўпэўнена галасаваць падчас выбараў.

НПА ўносяць уклад у дэмакратыю і грамадзянскую супольнасць, абараняючы недастаткова прадстаўленыя групы меншасцяў і вызначаючы парадак дня. НДА дазваляюць грамадзянам добраахвотна працаваць разам для прасоўвання мясцовых ініцыятыў і развязання праблем, пашыраючы іх магчымасці і залучаючы іх у працэс прыняцця пастаноў. Грамадзянскія арганізацыі могуць узмацніць голас супольнасцяў і спрыяць зменам на нізавым узроўні.

- Калісьці Эстонія вярнула сабе незалежнасць ад савецкіх уладаў, а цяпер чарга Беларусі пазбавіцца ад рэжыму Лукашэнкі. Як вы ацэньваеце цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі? Ці ўразілі вас масавыя пратэсты, якія працягваюцца амаль бесперапынна з лета 2020 году?

- Намаганні беларусаў у пошуку мірных палітычных перамен дзівосныя. Магчыма, самая дзіўная асаблівасць - гэта пачуццё салідарнасці і здольнасць беларусаў працягваць дэманстраваць сваю пазіцыю, нягледзячы на жорсткасць рэжыму.

Беларускае грамадства прадэманстравала беспрэцэдэнтную самаарганізацыю як унутры краіны, так і за мяжой. Гэта дазволіла захаваць ціск на дыктатуру, а таксама мабілізаваць міжнародную супольнасць на падтрымку дэмакратычных імкненняў Беларусі.

Я захапляюся беларускімі жанчынамі за іх смеласць, чалавечнасць і творчы патэнцыял. У Таліне прайшла выдатная фотавыстава пад назвай «Беларусь будучыні. Сіла жаночай волі», якая задакументавала мірныя пратэсты беларускіх жанчын супраць несправядлівасці.

Вы прымусілі свет па-новаму зірнуць на Беларусь.

- Пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair і арганізацыі канала перакідання нелегальных мігрантаў у Еўропу шмат хто з палітыкаў ацэньваюць рэжым Лукашэнкі як тэрарыстычны. Міністр замежных спраў Літвы Ландсбэргіс адкрыта называе беларускага дыктатара тэрарыстам. На ваш погляд, наколькі вялікая небяспека гэтага рэжыму для Балтыйскага рэгіёну і Еўропы агулам?

- ЕЗ, уключаючы краіны Балтыі, сутыкнуўся з сістэмным канфліктам з дыктатурамі ў Беларусі і Расеі. Інцыдэнт з самалётам Ryanair і арганізацыя канала нелегальнай міграцыі ў Еўропу падрываюць бяспеку і моцна ціснуць на ЕЗ. Мы павінны памятаць, што гэтыя агрэсіўныя і правакацыйныя дзеянні ніколі б не адбыліся без згоды і, магчыма, актыўнай падтрымкі Расеі.

Такім чынам, незалежнасць Беларусі мае вызначальнае значэнне для еўрапейскай і міжнароднай бяспекі, і яе можна забяспечыць, толькі падтрымліваючы народ Беларусі і прадэмакратычныя сілы ў вашай краіне.

- Многія палітыкі называюць дзеянні Лукашэнкі супраць ЕЗ гібрыднай вайной і заклікаюць да ўвядзення дадатковых санкцый супраць рэжыму. Ці мяркуеце вы, што санкцыі варта зрабіць больш жорсткім?

- Трэба ўвесці больш жорсткія эканамічныя санкцыі і спыніць замежныя інвестыцыі ў Беларусь. Многія людзі з найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі, якія могуць падтрымаць яго матэрыяльна, павінны быць унесеныя ў санкцыйныя спісы.

Некаторыя назіральнікі прапаноўвалі адключыць Беларусь ад сістэмы SWIFT і тым самым ускладніць яе міжнародныя аплатныя аперацыі. Адразу пасля выкрадання самалёта Ryanair Цімаці Снайдэр прапанаваў спыніць будаўніцтва газаправода Nord Stream II паміж Расеяй і Нямеччынай. Важна забяспечыць захаванне санкцый - занадта часта іх проста ігнаруюць.

- Як вы думаеце, што яшчэ трэба зрабіць, каб спыніць самаўпраўнасць Лукашэнкі ў Беларусі і тую нестабільнасць, якую ён выклікае ў нашым рэгіёне?

- Калі міжнародная супольнасць саступіць Лукашэнку, ён і іншыя дыктатары стануць смялейшымі. ЕЗі ЗША павінны спыніць практыку асцярожных крокаў і абвясціць ўсёабдымныя санкцыі ў дачыненні да рэжыму і абараніць тое, у што яны вераць. Гэта азначала б ўзмацненне жорсткасці санкцый супраць кіраўніцтва ў Беларусі і Расеі і выдачу рэсурсаў на абарону грамадзянскай супольнасці шляхам надання прававой дапамогі, віз, магчымасці атрымання адукацыі і бяспекі для людзей, якія ратуюцца ад рэпрэсій.

Беларускія праваабаронцы, актывісты і журналісты працягваюць сваю працу ў розных фарматах у краіне і за мяжой. Міжнародная супольнасць павінна быць з імі салідарная, супрацьстаяць спробам рэжыму разбурыць грамадзянскую супольнасць, надаваць доўгатэрміновую падтрымку групам актывістаў. Рашучая і лепш скаардынаваная палітыка Захаду пашле беларускаму народу выразны сігнал - поўную падтрымку яго імкненням да дэмакратыі.

- Зыходзячы з досведу Эстоніі, што вы можаце параіць дэмакратычнаму руху ў Беларусі? Як беларусы могуць перамагчы аўтарытарны рэжым і здабыць свабоду і незалежнасць?

- Вам патрэбныя палітычныя магчымасці, арганізацыйны патэнцыял і мабілізацыйныя здольнасці. Але ўся рэч у людзях, якія цэняць свабоду і могуць несці за яе адказнасць.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».