25 красавiка 2024, Чацвер, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Абяцалі, што застанецца 50% катэджаў»: як менчукі спрабуюць выратаваць ад зносу свае дамы

39
«Абяцалі, што застанецца 50% катэджаў»: як менчукі спрабуюць выратаваць ад зносу свае дамы

Многія жыхары правялі маштабную рэканструкцыю сваіх дамоў.

Калісьці чыноўнікі назвалі гэты пасёлак «сядзібнай забудовай у межах вуліц Гусоўскага - Харкаўскай - Верашчагіна - Адоеўскага». Мясцовыя жыхары ж ласкава называюць яго Тучынкай. Як і ўсякі іншы прыватны сектар, які згубіўся на разрослай мапе Менска, ён ужо даўно чакаў сваёй сумнай долі - зносу. І вось летам людзі адзін за адным пачалі атрымліваць паведамленні аб канфіскацыі надзелаў на дзяржаўныя патрэбы. Так пад пагрозай знішчэння апынуліся 80 будынкаў. Усё бы нічога, але многія жыхары сцвярджаюць, што грамадскага абмеркавання не было, праекта будучай забудовы яны не бачылі, а прапанаваныя кампенсацыі іх зусім не задавальняюць. Ці так гэта напраўду? Пра гэта піша Onliner.

«Многія правялі маштабную рэканструкцыю сваіх дамоў»

Завулак Адоеўскага, імаверна, даўно не быў такім ажыўленым, як у гэты вечар панядзелка. Проста каля дарогі сабраўся натоўп - чалавек 20. Усе з сумнымі тварамі. Эмоцыі не ў сілах схаваць нават медыцынскія маскі - усё і так чытаецца па вачах.

- Людзі жывуць тут дружнай суседскай сям'ёй ужо некалькі пакаленняў. Усе адзін аднаго ведаюць і адзін аднаму дапамагаюць. Тут няма паняцця «я», ёсць толькі «мы» і наша Тучынка. Цяпер мы яшчэ мацней з'ядналіся, каб абараніць агульныя інтарэсы, - першым узяў слова мужчына ў зялёнай куртцы, тым самым выказаўшы калектыўныя настроі.

Яго клічуць Ігар, і ён той самы чалавек, які яшчэ памятае часы, калі вуліца была ўсеяная старэнькімі пакрыўленымі хацінамі, якія ніхто не дазваляў перабудоўваць. Усё праз генплан, які выразна даваў зразумець: цягам 2020-2030 плануецца знос. Але ў 2007 годзе ўлады нечакана сказалі «так». І тут пачалося.

- Многія правялі маштабную рэканструкцыю сваіх дамоў, хтосьці нават узводзіў іх з нуля. Добраўпарадкоўвалі свае надзелы, падключалі патрэбныя інжынерныя камунікацыі - гэта каштавала тысячы і дзясяткі тысяч даляраў. Усё гэта рабілася са згоды Менгарвыканкама - з выкананнем праектаў, атрыманнем адпаведных дакументаў, - сцвярджае мужчына. - А яшчэ мы дамагліся, каб у пасёлку заасфальтавалі дарогу. Раней тут было суцэльнае балота.

На жаль, радавацца гарадскому камфорту, які зваліўся на галаву, давялося мала: на гарызонце замаячыў забудоўнік, гатовы радыкальна змяніць гэтую тэрыторыю з дапамогай некалькіх шматпавярховікаў. Гаворка пра «Зямлю інвестыцый». Праўда, далей распрацоўкі праекта справа не прасунулася, і ў 2016 годзе чыноўнікам давялося скасаваць пастанову аб зносе.

Праз год жыхароў Тучынкі запрасілі на грамадскае абмеркаванне новага праекта дэталёвага планавання (ПДП). Архітэктары прапанавалі пашырыць вуліцу Гусоўскага, а на месцы былога прыватнага сектара пабудаваць тры дамы вышынёй 9-10 паверхаў, а яшчэ дзіцячы садок, школу і іншыя інфраструктурныя «плюшкі». Дарэчы, аб поўнай ліквідацыі сядзібнай забудовы размовы не было: нейкі адсотак катэджаў планавалася захаваць пры ўмове, што яны будуць «высокай якасці».

Хоць 135 чалавек і выступілі супраць гэтага праекту, камісія ўсё ж рэкамендавала яго да зацвярджэння. Што адбывалася з ім за сценамі дзяржорганаў, людзям заставалася толькі здагадвацца.

Як высветлілася, ПДП быў зацверджаны ў 2018 годзе, і ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна нават звярталіся некалькі інвестараў, зацікаўленых у асваенні тэрыторыі.

- Яны нават рабілі папярэднія эканамічныя разлікі, але ў выніку палічылі новую забудову немэтазгоднай. Мабыць, улічваючы вялікі аб'ём адсялення і зносу, прапанаваныя параметры (тры дамы 9-10 паверхаў) здаліся не занадта прывабнымі, - распавядаў летась агенцтву «Минск-Новости» Павел Тумас, намеснік начальніка ўправы архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі раёна.

«У праект унеслі змены, з якімі нас не азнаёмілі»

І вось наступіў спякотны чэрвень 2021-га, калі гарадскія ўлады прынялі яшчэ адну пастанову аб канфіскацыі надзелаў для дзяржаўных патрэб. На гэты раз - на карысць УКБ Менгарвыканкама. Яму даручана цягам двух гадоў дамовіцца з усімі ўласнікамі аб кампенсацыі і неяк іх рассяліць. Загвоздка ў тым, што іх выявілася больш, чым чакалася: пад знос павінны пайсці аж 80 дамоў - гэта практычна ўвесь пасёлак. Людзі да такога гатовыя не былі. У галовах адразу ўзніклі пытанні.

- Раней нам абяцалі, што тут застанецца 50% катэджаў. Атрымліваецца, у горадабудаўнічы праект унеслі змены, з якімі нас не азнаёмілі, не правялі грамадскае абмеркаванне. А можа, гэта наогул новае ПДП. Інфармацыі пра яго ў Нацыянальным рэестры прававых актаў мы не выявілі, - не ўтойвае абурэння Анастасія. - У пастанове сказана, што зямлю забіраюць на дзяржаўныя патрэбы. А што за патрэбы такія? Мы дагэтуль не ведаем, што тут будзе: дарожная развязка або жыллё для чаргавікоў...

Турбуе менчукоў і той факт, што ў якасці кампенсацыі за канфіскаваную маёмасць ім прапануюць толькі кватэру або грашовую выплату (яе сума адпавядае рынкаваму кошту аб'екта нерухомасці). І гэта пры тым, што паводле ўказу прэзідэнта №58 яны могуць прэтэндаваць яшчэ на два варыянты:

будаўніцтва і (або) атрыманне ва ўласнасць жылога дома, раўнацэннага па добраўпарадкаванні і плошчы;

перанос і ўзнаўленне будынка, які знясуць.

Праўда, тут ёсць маленькае, але важнае ўдакладненне: у законе гаворыцца пра тое, што два апошнiя варыянты даюцца толькі «пры наяўнасці аб'ектыўнай магчымасці, пацверджанай генеральным планам». Як вы разумееце, у выпадку з прыростам шматпавярховікаў у Менску знайсці такую магчымасць не так проста.

Сашчаміўшы зубы ад прыкрасці, мясцовыя жыхары ўсё адно пайшлі ва УКБ, каб даведацца пра свой далейшы лёс - хоць бы дзеля цікавасці. Экспэртызе «Белгіпразема», які вызначае кошт дамоў, яны зноў жа не ўзрадаваліся.

- Мой катэдж плошчай 180 кв. м з мазаічнымі падлогамі, трыма санвузламі і т. д., прыняты ў эксплуатацыю ў 2012 годзе, ацанілі па $1200 за «квадрат». У гэтым раёне нават кватэры без аздаблення прадаюць даражэй - ад $1450 за кв. м, - кажа Ігар. - А суседзям, якія жывуць у доме, падзеленым на тры часткі, прапанавалі на ўсіх трохпакаёвую кватэру. Як тром розным сем'ям, якія ўжо не звязаныя адна з адной сваяцтвам, існаваць у такіх варунках?

З новымі надзеламі, якія павінны аддаць наўзамен тых, што знаходзіліся ў прыватнай уласнасці, таксама ёсць праблемы. У межах сталіцы, натуральна, нічога ўжо няма, ды і ў раёне выбар невялікі: у вёсках, дзе яшчэ можна атрымаць свой кавалачак зямлі, альбо зусім адсутнічае інфраструктура, альбо праведзеная толькі электрычнасць, ну і заасфальтаваная дарога. Прывыкнуць да такога пасля Тучынкі, дзе ёсць усе неабходныя інжынерныя камунікацыі, будзе складана.

Ну а жыхарам блакаваных дамоў зямлю ў прынцыпе не прапаноўваюць і тлумачаць гэта тым, што яны валодаюць толькі кватэрай, то бок, пляц ім не належыць паводле закона.

Якой бачаць развязку гэтай гісторыі самі менчукі? Проста хочуць, каб усё было як мае быць.

- Нам патрэбная годная кампенсацыя. На сустрэчы з прадстаўнікамі Менгарвыканкама мы прапаноўвалі сваё бачанне: хай УКБ пабудуе такі пасёлак дзе-небудзь за межамі МКАД. Паводле нашых праектаў або паводле сваіх уласных. Напэўна, атрымаецца танней. Яшчэ адзін варыянт - узвесці шматпавярховік недалёка ад Тучынкі і ўсіх туды перасяліць, - мяркуе Ігар.

А пакуль людзі прадаўжаюць змагацца за тое, што ім здаецца справядлівым. І ўжо падалі на выканкам у суд:

- Чамусьці нашы заявы падзялілі на пяць груп і разглядаюць паралельна. Хоць справа фактычна адна і тая ж. Паводле трох пазоваў вынесеныя - «у задавальненні скаргі адмовіць». Але мы здавацца не збіраемся і будзем падаваць апеляцыю.

Менгарвыканкам: «Прапанавалі грамадзянам усе дапушчальныя варыянты»

Каб разабрацца ў гэтым канфлікце інтарэсаў, рэдакцыя звярнуліся па каментар у Менгарвыканкам. Пытанні тычыліся змяненняў у горадабудаўнічым праекце, адсутнасці грамадскага абмеркавання па іх, а таксама спрэчных момантаў у рэалізацыі іх маёмасных правоў. Пакуль мы не атрымалі адказ, але як толькі ён з'явіцца, адразу ж яго апублікуем.

А пакуль прывядзем некаторыя моманты з чарговага судовага паседжання (аўдыёзапіс, зроблены заяўнікамі, ёсць у распараджэнні рэдакцыі. - Заўвага. Рэд.). Інтарэсы Менгарвыканкама на ім прадстаўляла начальніца аддзела юрыдычнай і кадравай работы Жанна Рамановіч.

Так, у Менгарвыканкаме мяркуюцьь, што пастанова аб зносе з'яўляецца законнай і абгрунтаванай. Рэалізацыя маёмасных правоў грамадзян ажыццяўляецца ў сувязі з маючым адбыцца адабраннем зямельнага надзела для дзяржаўных патрэб. У адпаведнасці з указам №667 дзяржаўнай патрэбай прызнаецца ў тым ліку і рэалізацыя генплана горада Менска і праекта дэталёвага планавання. Генпланам прадугледжаная рэканструкцыя са зносам раёна сядзібнай забудовы, уключаючы тэрыторыю ўздоўж вуліцы Гусоўскага.

Цяпер аб грамадскім абмеркаванні. Жанна Рамановіч адзначыла, што ў заканадаўстве няма нормаў, паводле якіх выканкам павінен у абавязковым парадку ўлічыць усе заўвагі грамадзян і ўнесці іх у горадабудаўнічы праект. Адрозненні паміж праектам 2017 года, які прэзентавалі людзям, і прынятым ужо ў 2018-м яна назваць не змагла.

Паводле яе слоў, пакуль невядома, што менавіта з'явіцца на месцы пасёлка - ёсць толькі арыенціровачныя межы будучай забудовы. Дэталі будуць вызначацца пасля канфіскацыі надзелаў і рэалізацыі маёмасных правоў.

Дарэчы, пра іх. Вось што Жанна Рамановіч адказала на пытанне, чаму некаторым менчукам прапанавалі толькі кватэры ці грашовыя кампенсацыі, а не раўнацэнны дом або зямельны пляц. Паводле ўказа №58 правы ўладальнікаў кватэр у жылых блакаваных дамах рэалізуюцца ў парадку пункта 4, гэта значыць, гэта альбо грашовая кампенсацыя, альбо кватэра спажывецкіх якасцяў. А ў пункце 5, дзе змяшчаюцца варыянты правоў на будаўніцтва дома альбо зямельны надзел, сказана, што выканкам абавязаны прапанаваць іх толькі ўладальніку жылога дома (долі ў праве агульнай уласнасцi на жылое памяшканне) дадаткова да правоў з пункта 4. Гэта значыць, у пункце 5 адсутнічае ўказанне на ўласнікаў кватэр у блакаваным жылым доме.

У сувязі з гэтым у Менгарвыканкаме мяркуюць, што прапанавалі грамадзянам усе дапушчальныя варыянты рэалізацыі іх правоў.

Ці ёсць увогуле розніца паміж паняццямі «гаспадар кватэры ў блакаваным доме» і «ўладальнік долі ў праве агульнай уласнасці на памяшканне», людзі так і не зразумелі. Але ў Менгарвыканкаме запэўніваюць, што трактавалі дакумент з улікам тлумачэнняў Камітэта маёмасці і Міністэрства ЖКГ - гэтыя органы ўпаўнаважаныя тлумачыць моманты выкарыстання 58-га ўказу. Атрымліваецца, усё паводле закона. Прынамсі, так мяркуе суд. Але тучынцаў такі адказ не задавальняе. Ды і пытанняў як быццам становіцца яшчэ больш.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках