19 красавiка 2024, Пятніца, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Меркаванне: У Беларусі наспявае масавая «эвакуацыя» валютных ашчадкаў

2
Меркаванне: У Беларусі наспявае масавая «эвакуацыя» валютных ашчадкаў

У краіне можа ўзнікнуць дэфіцыт даляраў.

Татальны вынас валютных укладаў запавольваецца, але найгоршае яшчэ наперадзе

Ужо чатыры месяцы ідзе татальны вынас насельніцтвам валютных дэпазітаў: людзі выносяць грошы і з тэрміновых укладаў у замежнай валюце, і з валютных карт-рахункаў (перакладных дэпазітаў). Гэта вынік негатыўных чаканняў на фоне замежнапалітычнага крызісу, піша «Инфобанк».

Аднак у жніўні сума, на якую скарачаецца аб'ём валютных дэпазітаў фізічных асоб за месяц, стала найменшай у гэтым перыядзе: вынас запавольваецца.

А мацней за ўсё запаволіўся вынас тэрміновых ашчадкаў фізічных асоб. З доўгага - ужо 20 месяцаў - перыяду бесперапыннага вынасу, жнівеньскае скарачэнне стала найменшым - толькі на $27 млн: у 3,6 разоў менш, чым у ліпені, і ў 7,8 разоў менш, чым у чэрвені.

Праўда, за месяц налічана недзе $7 млн адсоткаў, без уліку рэкапіталізацыі якіх рэальны, фізічны вынас крыху большы. Але агулам, моцнае яго запаволенне - у наяўнасці.

Шмат у чым гэта стала вынікам скасавання абмежаванняў у выглядзе гранічных максімальных ставак у выглядзе прывязкі іх да ставак ФРС ЗША, ЕЦБ і ЦБРФ: банкі Беларусі не маглі прапаноўваць стаўкі па валютных дэпазітах вышэй названых нарматываў больш, чым на пэўную колькасць адсоткаў.

Пасля скасавання гэтых абмежаванняў адсоткі ў тэрміновых валютных укладах значна выраслі.

За два месяцы адбыўся «выбухны» рост фактычнай сярэдняй у банкаўскай сістэме працэнтнай стаўкі ў новых тэрміновых укладах фізічных асоб у далярах ЗША:

па ўсіх - да 3,12% гадавых у жніўні (пасля 1,31% у чэрвені)

па адзыўных - да 1,86% гадавых у жніўні (пасля 0,64% у чэрвені)

па безадзыўных - да 3,45% гадавых у жніўні (пасля 1,53% у чэрвені).

Хоць кардынальна пераламаць дынаміку - у бок прыросту аб'ёму тэрміновых валютных укладаў - не ўдалося.

Бо «супраць» валютных дэпазітаў гуляе той факт, што яны цяпер - зусім не выгадны інструмент зберажэнняў, асабліва на фоне звышвыгадных тэрміновых BYN-дэпазітаў.

У чацвер, 16 верасня, курс даляра ЗША - галоўнай уліковай валюты беларусаў - склаў 2,485BYN/$: з пачатку месяца амерыканская валюта ў Беларусі патаннела на 0,763%, што эквівалентна 17,4% гадавых.

І калі гэтыя адсоткі падзення курсу даляра адняць ад адсоткаў у даляравых укладах, атрымаецца «мінус» - BYN-рублёвая стратнасць тэрміновых $ -дэпазітаў, якая за 16 дзён верасня склала 14,1% гадавых (зыходзячы з афіцыйнай сярэдняй адсоткавай стаўкі па ўсіх новых тэрміновых дэпазітах фізічных асоб у далярах ЗША).

А калі яшчэ ўзяць пад увагу інфляцыю, то рэальныя, па пакупніцкай здольнасці, страты на даляравых укладах нават большыя.

Сумарны за ўвесь перыяд вынасу тэрміновых валютных укладаў фізічных асоб (20 месяцаў) адток склаў $2,322млрд - больш, чым было вынесена за 3 гады ў крызіс 2015-18 гадоў.

У выніку, сума сродкаў насельніцтва на іх знізілася да канца жніўня да $3,895млрд - мінімуму амаль за 10 гадоў, з канца 2011 года.

А рэкордная сума была зафіксаваная роўна 4 гады таму, у канцы жніўня 2015 года: $7,844 млрд. За 6 гадоў аб'ём, як бачым, скараціўся ўжо больш чым напалову.

У «перавадным» сектары дынаміка сумы рэшткаў заўсёды была лепшай, чым у «тэрміновым»: за ўсю гісторыю колькасць месяцаў, за якія сума рэшткаў грошай насельніцтва на валютных карт-рахунках скарачалася, можна пералічыць па пальцах.

Але вось ужо чатыры месяцы аб'ем перавадных дэпазітаў фізічных асоб у замежнай валюце зніжаецца.

Зніжэнне, што было ў жніўні-верасні 2020 года, можна патлумачыць на фоне масавых вулічных пратэстаў. А цяперашняе ў траўні-жніўні - толькі ўзмацненнем негатыўных чаканняў і прагнозаў на фоне наймацнейшага замежнапалітычнага крызісу.

Аднак, і тут негатыўная дынаміка запавольваецца: жнівеньскае скарачэнне сумы валютных карт-рахункаў фізічных асоб (на $16 млн) - найменшае за гэтыя месяцы: у 2,2 разоў меншае за ліпеньскае і ў 3,8 разоў меншае за чэрвеньскае.

Чысты адток за гэтыя чатыры «мінусовыя» месяцы - $163 млн, а з пачатку года (за 8 месяцаў) - $20 млн.

І цяпер, на канец жніўня 2021-га, сума сродкаў насельніцтва на карт-рахунках у замежнай валюце склала $1,190 млрд.

Максімум быў у канцы ліпеня 2020 га - $1,539 млрд, перад палітычным крызісам. Як бачым, з такой дынамікай вяртання на дакрызісны ўзровень можна не чакаць.

Такім чынам, татальны - і ў тэрміновым і ў перавадным сектарах - вынас насельніцтвам дэпазітаў у замежнай валюце ў жніўні прадоўжыўся, але гэты працэс значна запаволіўся.

Больш за ўсё скараціўся вынас дэпазітаў у тэрміновым сектары - дзякуючы значнаму росту адсоткаў.

За жнівень у сектары дэпазітаў фізічных асоб у замежнай валюце скарачэнне склала:

тэрміновых укладаў - $27 млн (за ліпень - $97 млн, за чэрвень - $210 млн)

на карт-рахунках - $16 млн (за ліпень - $35 млн, за чэрвень - $60 млн)

сумарна - $43 млн (за ліпень - $132 млн, за чэрвень - $271 млн).

З пачатку года валютных дэпазітаў насельніцтва ў банках стала менш на $765 млн, прычым «мінус» - ва ўсіх васьмі месяцах.

А за 18 месяцаў «мінусавага» перыяду, з сакавіка 2020 да ліпеня 2021-га - на $2,495млрд («плюс» быў толькі ў снежні).

У выніку, сумарныя рэшткі на ўсіх дэпазітах фізічных асоб у замежнай валюце ў банках Беларусі склалі ў канцы жніўня $5,085 млрд. Гэта мінімум за 9,5 гадоў (з красавіка 2012 года).

А з пікавага ўзроўню ($8,352 млрд у кастрычніку 2015 года) яны скараціліся ўжо на $3,267 млрд: за гэтыя гады беларусы вынеслі 39,1% валютных дэпазітаў.

Ёсць фактар, які будзе моцна ўплываць на скарачэнне сумы ашчадкаў насельніцтва ў замежнай валюце. Прычым з кожным месяцам ён будзе нарастаць - гэта набліжэнне пачатку дзеяння санкцый, якое можа быць у снежні.

Санкцыі ў дачыненні да нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў могуць сур'ёзна адбіцца на фінансавай і, як следства, банкаўскай сістэме краіны - аж да дэфіцыту валюты ў выпадку, калі фінансавая дапамога з боку Расеі і ЕФСР выявіцца недастатковай.

Акрамя таго, Украіна нарошчвае закупку беларускіх нафтапрадуктаў - відавочна, запасаецца перад далучэннем да санкцый. Калі гэтая версія пацвердзіцца, будзе яшчэ горш, бо Украіна пасля санкцый з боку ЕЎ засталася галоўным рынкам для нафтапрадуктаў.

У гэтым выпадку ў статыстыцы Нацбанку ў дынаміцы валютных дэпазітаў фізічных асоб мы ўбачым яшчэ большы «мінус», чым цяпер. Аж да значэнняў, якія можна ахарактарызаваць як «эвакуацыя», што было роўна год таму.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках