29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Шок і абурэнне»: сястра Рамана Бандарэнкі пракаментавала прыпыненне справы Генпракуратурай

9
«Шок і абурэнне»: сястра Рамана Бандарэнкі пракаментавала прыпыненне справы Генпракуратурай
РАМАН БАНДАРЭНКА

Вольга Кучарэнка ўпэўненая, што вінаватых рана ці позна пакараюць.

Генпракуратура 17 верасня афіцыйна паведаміла, што справу аб забойстве Рамана Бандарэнкі прыпыняюць, бо не могуць вызначыць асобу, якая мае дачыненне да злачынства. Вольга Кучарэнка, сястра Рамана пракаментавала паведамленне пракуратуры для «Нашай Нівы».

«Мы ўчора прачыталі, што справу прыпынілі, але пакуль гэта не мела афіцыйнага пацверджання, сям'я не хацела каментаваць. Паколькі ўсё ж спадзяваліся, што гэта нейкае непаразуменне, няпраўда, - кажа Вольга. - З намі ніхто не звязваўся, з лютага ніякіх кантактаў ні з Генпракуратурай, ні з іншымі органамі ў нас не было. Яны не выходзілі з намі на сувязь. Маці Рамана накіроўвала запыты з просьбай падаць звесткі экспэртыз, праверыць злітыя аўдыёзапісы, дзе гучаць галасы «падобныя на Баскава і Эйсмант», але ў адказ атрымлівала адмовы.

І сёння раніцай мы ўбачылі афіцыйную заяву Генпракуратуры. Мама сядзіць плача. Я сёння не спала да 5-й раніцы, бо нервавалася і спадзявалася, што гэта памылка.

Але цяпер у нас проста шок і абурэнне, бо я не разумею, што рабілася ўсе гэтыя месяцы. Замест збору інфармацыі па гарачых слядах тры месяцы ішла праверка.

А пасля таго, як ужо распачалі справу, то ведаю, што дапытвалі людзей, у якіх пыталіся не пахла ці то ад Рамана алкаголем, ці выпіваў ён наогул, ці не вёў ён сябе калі-небудзь агрэсіўна... Складалася ўражанне, што шукаюць не забойцаў, а доказы таго, што вінаваты ён сам.

Пры гэтым жа была ў інтэрнэце розная інфармацыя. Ці правяралі тыя злітыя званкі? Білінгі?

Але я аптымістычна на ўсе гляджу і ўпэўненая, што тых, хто гэта зрабіў, пакараюць. Тут пытанне часу і ўмоў, пры якіх гэта адбудзецца. Не выключаю, што сітуацыя можа павярнуцца так, што нават пры цяперашняй сістэме гэта можа адбыцца.

Таксама хацела б сказаць вялікі дзякуй усім людзям, простым беларусам, якія паказваюць, што яны не забыліся, памятаюць, падтрымліваюць нас цягам усяго часу. Дзякуючы гэтай падтрымцы мы і здолелі неяк гэта ўсё перажыць.

Усім астатнім дзякаваць не асабліва хочацца. Хай лепш пачнуць выконваць сваю працу так, як належыць паводле закону».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках