16 красавiка 2024, aўторак, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Economist: Краіны-ворагі на Блізкім Усходзе пераглядаюць свае дачыненні

1
The Economist: Краіны-ворагі на Блізкім Усходзе пераглядаюць свае дачыненні
РЭДЖЭП ТАІП ЭРДАГАН
ФОТА: REUTERS/UMIT BEKTAS

Пачаты дыялог.

Гэта быў нечаканы выбар для летняга адпачынку. 18 жніўня дарадца ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ) Тахнун бен Заід прыбыў у Анкару для сустрэчы з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Краіны гадамі спрачаюцца аб падтрымцы Эрдаганам ісламісцкіх груп на Блізкім Усходзе. Турэцкія чыноўнікі абвінавацілі ААЭ ў садзейнічанні няўдаламу перавароту 2016 года. Але нічога з гэтага не згадвалася ў афіцыйнай заяве пасля іх сустрэчы, у якой абмяркоўваліся шляхі эканамічнага супрацоўніцтва, прыводзіць артыкул The Economist «Люстэрка тыдня. Украіна».

Праз тыдзень Тахнун сустрэўся з эмірам Катару, стаўшы самым высокім афіцыйным прадстаўніком Эміратаў, які наведаў Катар. Тахнун - адзін з самых уплывовых дзеячаў ААЭ, брат фактычнага кіраўніка Мухамеда бен Заіда. Ягоныя візіты былі прыкметай зруху замежнай палітыкі Эміратаў. Гэта не адзіная краіна, якая мяняе курс.

На сучасным Блізкім Усходзе ёсць дзве асноўныя лініі разлому. Дзяржавы Персідскай затокі і Ізраіль супрацьстаяць Ірану і яго хаўруснікам. Іншая лінія праходзіць паміж такімі краінамі, як Турцыя і Катар, якія сімпатызуюць ісламістам, і Егіптам і ААЭ, якія маюць супрацьлеглую пазіцыю. Гэтыя расколы распалілі канфлікты ў Лібіі і Емене, а таксама менш крывавыя спрэчкі ў іншых месцах.

Аднак за апошнія пяць месяцаў даўнія ворагі пачалі звяртацца да дыпламатыі. Савудаўская Арабія і Іран пачалі дыялог у красавіку. Турцыя спрабуе аднавіць сувязі з Егіптам, якія пагоршыліся пасля таго, як егіпецкае войска зрынула ўрад пад кіраўніцтвам ісламістаў у 2013 годзе (Эрдаган быў актыўным крытыкам перавароту).

Катар і Егіпет зноў вярнуліся да дыялогу. Егіпет дазволіў катарскай спадарожнікавай тэлевізійнай сетцы Al Jazeera зноў адкрыць сваё бюро ў Каіры, якое было закрытае пасля перавароту.

Першачарговым крокам стаў саміт у Багдадзе 28 жніўня, на якім сабраліся прадстаўнікі Егіпта, Ірана, Катару, Савудаўскай Арабіі, Турцыі і іншых краін. Хоць ён скончыўся без канкрэтных дамоўленасцей, сам факт дыялогу быў прарывам: многім удзельнікам было б непрыемна знаходзіцца на такой сустрэчы раней. Аптымісты спадзяюцца, што гэтыя сустрэчы могуць азначаць адлігу і канец разбуральных спрэчак у рэгіёне. Блізкі Усход - гэта цяжкае месца для аптымістаў, але ў гэтым выпадку іх надзеі могуць быць зусім не марнымі.

Савудаўска-іранская варожасць, якая змяніла рэгіён пасля 1979 года, за апошнія чатыры гады перарасла ў замарожаны канфлікт. Часткова гэта адбываецца праз поспехі Ірана і няўдачы Савудаўскай Арабіі атрымаць уплыў за мяжой. Савудаўскі наследны прынц Мухамед бін Салман зрабіў серыю замежнапалітычных промахаў цягам сваіх першых дзён знаходжання ва ўладзе, і з таго часу пераключыўся на трансфармацыю эканомікі, звязанай з нафтай.

Пасля правядзення ўласнай агрэсіўнай замежнай палітыкі, ААЭ таксама пачалі шукаць стабільнасць. Чыноўнікі сталіцы Абу-Дабі кажуць, што гэта быў пабочны эфект ад пандэміі COVID-19.

«Гэта дазволіла зразумець, што мы павінны вярнуцца дадому і забыцца пра пэўнае напружанне на шырокім Блізкім Усходзе», - кажа дыпламат з Эміратаў.

Гэта фактычна з'яўляецца апраўданнем. ААЭ пачалі вывад войскаў з Емена ў 2019 годзе, за некалькі месяцаў да пандэміі. Вайна стала балотам, тады як падтрымка Эміратамі антыісламісцкіх вайсковых кіраўнікоў у Лібіі скончылася паразай (шмат у чым дзякуючы ўмяшанню Турцыі). Замежная палітыка актывістаў прынесла мала поспехаў; лепш засяродзіцца на эканоміцы, якая, хоць і з'яўляецца больш дыверсіфікаванай, чым эканоміка суседзяў, але ўсё яшчэ не гатовая да пагрозлівага пераходу да чыстай энэргетыкі.

Турцыя прыйшла да такіх высноў. Эканоміку краіны тармозіць 19% інфляцыя, слабыя замежныя інвестыцыі і валютны крызіс. Рэгіянальныя звады, не кажучы ўжо пра спрэчкі з Амерыкай, ЕЗ і Грэцыяй, абвастраюць крызіс.

«Эканоміцы патрэбная дээскалацыя. Яна таксама мае патрэбу ў гатоўцы. Эмірацкія інвестары могуць даць частку фінансавання. Дэвальвацыя ліры азначае, што замежнікі могуць вырваць турэцкія актывы выгаднымі коштамі», - кажа Галіп Далай з аналітычнага цэнтра Chatham House ў Лондане.

Турцыя таксама спадзяецца на нармалізацыю стасункаў з Егіптам. Нягледзячы на іх адчужэнне, летась тавараабарачэнне паміж краінамі дасягнула амаль 5 млрд даляраў. Турэцкія чыноўнікі кажуць, што патэнцыял значна большы. Наладжванне стасункаў з Егіптам таксама прынясе палітычныя дывідэнды. Егіпет разам з ЕЗ, Амерыкай і Ізраілем стаў на бок Грэцыі і Кіпра ў спрэчцы з Турцыяй аб правах на свідраванне ва ўсходнім Міжземнамор'і. Урад Эрдагана мяркуе, што пагадненне з Егіптам можа дапамагчы яму вырвацца з ізаляцыі, таму ён спрабуе дамовіцца.

Усё гэта павінна быць паваротным момантам. Аднак на сёння амаль не засталося ісламістаў, якіх можна было б падтрымаць. Нават у краінах, дзе ісламісты могуць свабодна канкураваць у палітыцы, іх папулярнасць падае. Для Турцыі і Катару выдаткі на доўгае супрацьстаянне з Егіптам і ААЭ вялікія, і фактычна бескарысныя.

Спрэчкі з Іранам развязаць складаней. Рэжым у Тэгеране не адмовіцца ад свайго цяжка здабытага ўплыву ў арабскім свеце. Затое дзяржавы Персідскай затокі могуць імкнуцца толькі кантраляваць уласны «задні двор». Яны выразна ўсвядомілі сваю ўразлівасць пасля таго, як кампанія «максімальнага ціску» былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прымусіла Іран сабатаваць нафтавыя танкеры ў Персідскай затоцы. Больш шырокі канфлікт быў бы пагібельным.

Дзяржавы Персідскай затокі багатыя, але крохкія, тады як Іран і Турцыя мускулістыя, але пабітыя. Саміт у Багдадзе скончыўся супольнай заявай, у якой паабяцалі «неўмяшанне ва ўнутраныя справы краінаў» - іранічна, бо ўдзельнікі вядомыя сваёй схільнасцю да ўмяшання. Яны наўрад ці спыняцца. Рэгіянальная дыпламатыя не занадта выгадная для насельніцтва такіх краін, як Лібан або Ірак, якія амаль не існуюць як суверэнныя дзяржавы. Гэта размовы паміж аўтакратамі, якія імкнуцца абараніць сваю ўладу і ўмацаваць эканоміку, рэзюмуе выданне.

Дзяржавам Персідскай затокі даводзіцца пераглядаць свае хаўрусы і, асабліва тое, ці могуць яны давяраць ЗША пасля вываду амерыканскіх войскаў з Афганістана, піша The Guardian.

Захоп талібамі Афганістана - гэта землятрус, які будзе фармаваць Блізкі Усход цягам многіх гадоў, заявіў высокапастаўлены прадстаўнік Персідскай затокі, папярэдзіўшы, што - нягледзячы на абяцанні «Талібану» ва ўмеранасці, баевікі «па сутнасці амаль не змяніліся» з мінулага разу знаходжання ва ўладзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках