19 красавiка 2024, Пятніца, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што за колькі на галоўным сельскагаспадарчым кірмашы Менска?

3
Што за колькі на галоўным сельскагаспадарчым кірмашы Менска?

Выдатны варыянт выгадна набыць харчоў.

У гэтыя выхадныя ў Менску стартавалі традыцыйныя сельскагаспадарчыя кірмашы. Цяпер кожныя выхадныя, ажно да 14 лістапада, менчукі і госці сталіцы змогуць набыць гародніну, садавіну і іншыя тавары, выгадаваныя або вырабленыя як на прадпрыемствах, так і на прыватных падворках. Нягледзячы на адкрыта кашмарнае надвор'е, суботнім ранкам 18 верасня каля «Чыжоўка-Арэны» было даволі шматлюдна, піша журналіст kp.by Яраслаў Ляшэвіч.

«Аўтарскія» каўбасы і танная свініна

Нягледзячы на надвор'е, на пляцоўку каля «Чыжоўка-Арэны» прыехала нямала гандляроў з усёй краіны. Паркоўка, якую традыцыйна аддаюць пад намёты, апынулася шчыльна запоўненая, хоць некалькі свабодных месцаў было. Непасрэдна кірмаш умоўна падзялілі на некалькі сектараў, у якіх гандлююць пэўнай прадукцыяй. Бліжэй да лядовай арэны размясціліся імправізаваныя мясныя шэрагі. Тут жа заўважаем немалыя чэргі. Ды такія, што за спінамі (і парасонамі) пакупнікоў зусім немагчыма нічога разглядзець.

– Што даюць? – цікаўлюся ў пажылой жанчыны.

– А свініну! Вы кошты паглядзіце: за першы гатунак на костцы просяць усяго 6,92 рубля. У краме нашмат даражэй...

І праўда. Кошты здаюцца нядрэннымі. За ваўкавыскую свініну 2 катэгорыі (паўтушную) просяць усяго 6,8 рубля. У асартыменце таксама нямала іншых мясных прадуктаў. За марожаную паляндвіцу давядзецца аддаць 12,5. Тушка куранятаў (таксама замарозка) абыдзецца ўсяго на 4,7. А вось філе ацэненае ў цалкам крамныя 8,9 «зайчыка».

Недалёка бачым латок з каўбасамі з Дзяржынскага раёна.

– Не, гэта не з аднайменнага камбіната, – з ходу тлумачыць гандляр. – Робіць прыватнік на сваіх магутнасцях. Народ, як правіла, задаволены. Ёсць сталыя пакупнікі.

Каўбасы і іншае мяса сапраўды глядзяцца нядрэнна. Праўда, кошт, так скажам, крыху кусаецца – ад 20 да 28 рублёў у залежнасці ад пазіцыі. У намёце паблізу кошты падобныя. Хатнюю каўбасу можна набыць за 22,9 «зайчыка». Куры гарачага вэнджання аддадуць усяго за 12,5. Захацелася сыравэнджанай карэйкі? Няма праблемаў: кошт пытання 18,9 рублёў.

Што ж да сала, то ягоны асартымент прадстаўлены адразу ў некалькіх пунктах. Кошт салёнага або вэнджанага вар'іруецца ў межах 15–18 рублёў. Можна пажывіцца на кірмашы і рыбкай. Яшчэ жывую фарэль можна набыць за 17 з невялікім рублёў. Карась заважыць на 3,8. Усімі любімага карпа ацэньваюць у сярэднім на 6,5. Трохі таннейшы таўсталобік – блізу 4,5 рубля.

Памідоры за 50 капеек, перцы за 3 рублі, кабачкі – усяго за 1,5 рубля

А сэрца кірмашу аддалі пад гародніну і садавіну. Адразу ж шукаем галоўны беларускі караняплод: бульбу. Розніца ў кошце складае ад 80 капеек (дробная) да 1,2 рубля за сярэднюю і буйную. Некаторыя нават прапануюць дастаўку.

– Бярыце, малады чалавек. Вельмі добрая бульбачка, з Берасцейскай вобласці прывезлі. Падыдзе і для варання, і для смажання. Можам нават даставіць. Але ад двух мяшкоў хоць бы... Інакш нявыгадна атрымліваецца, – кажа адзін з прадаўцоў.

Пакуль ад такой прапановы адмаўляемся і вывучаем асартымент далей. Памідоры, у залежнасці ад стану і гатунку, можна знайсці нават за 50 капеек. Буйныя малінавыя таматы прадаюць за 2,5–3,5 рублі. Агуркі (ад 1 да 3 «зайчыкаў») таксама знойдуцца на любы смак.

Рэпчатую цыбулю і моркву прадаюць у сярэднім за 0,8–1,2 рубля. Свежая зеляніна (цыбуля, пятрушка, кроп) – рубель за 100 грамаў. А вось базілік і салата гандлююцца за 1,5 за пучок. Яшчэ адны спадарожнікі салаты – салодкія перцы – прапанаваныя ў дыяпазоне ад 1,5 да 3,5 рублёў. Кабачкі і баклажаны каштуюць у сярэднім 1,5 і 2,5 рубля адпаведна.

Хапае на кірмашы садавіны і іншых прыродных прысмакаў. Асноўныя тут яблыкі, кавуны і дыні. Першыя можна знайсці і за рубель. Але ў большасці сваёй кошт вагаецца блізу 2–2,5 рублёў. Кавуны гатовыя прадаць за рубель / кілаграм. Дыні, у сярэднім, на 20 капеек даражэйшыя. Калі пастарацца, знойдзеце і слівы з цалкам прывабным коштам: ад 2 да 3 рублёў.

Разнасолы, смятана, марынаваныя грыбы і нават адзенне: што яшчэ можна набыць на кірмашы

Няхай і ў невялікіх аб'ёмах, але мы выявілі некалькі пунктаў, дзе прадаюць квашаную капусту і іншыя падобныя далікатэсы.

– Без цукру, без воцату. Бярыце на здароўе – чыстыя вітаміны! – ахвотна расказвае пра перавагі квашанай капусты прадавец.

Кіло гатовыя аддаць усяго за 5 рублёў. А марынаваныя грыбочкі (ліскі і апенькі) дакладна праб'юць пралом у сямейным бюджэце: менш чым за 30 не знойдзеце. Верагодна, таму прадавец называе кошт за 100 грамаў, каб не адпужваць патэнцыйных кліентаў. Бочкавыя памідоры і агуркі цалкам даступныя – 6 і 7 рублёў адпаведна.

Толькі ў двух месцах знайшоўся нядрэнны асартымент «малочкі». Кілаграм смятаны абыдзецца на 8,8 рубля, тварагу – 5,5. Разнастайныя сыры (нават з дадаваннем труфелю!) ацэньваюць ад 10 да 25 «зайчыкаў» за кілаграм.

Асобны шэраг арганізатары кірмашу адвялі пад мёд. На прылаўках можна знайсці лясны, кветкавы, верасовы і шмат іншых гатункаў. Перад набыццём прадаўцы настойліва прапануюць дэгустацыю.

– З Шумілінскага раёна прывезлі. Ужо не першы год ездзім, многія спецыяльна прыходзяць да нас. Так бы мовіць, упадабалі нас пакупнікі. Сёлета з надвор'ем жах, вядома. Вось, уцяпляемся, – паказвае прадавец на боты.

Мёд на паверку вельмі смачны. З літрам пчалінага нектару прадаўцы гатовыя расстацца ўсяго за 15 рублёў. І гэты кошт сярэдні на рынку: у суседніх пунктах можна знайсці асобна за 13–17 рублёў.

Пры жаданні на кірмашы атрымаецца нават апрануцца: шэраг аддадзены пад розныя нехарчовыя тавары. Ёсць па што прыехаць і садоўніку. Багата выстаўлена розных каліваў, пачынаючы ад чырвоных парэчак, заканчваючы ядлоўцам і невялікімі туямі. А калі захацелі есці або замерзлі, можна паспытаць традыцыйны свіны шашлык, а таксама выпіць кубачак кавы ці глінтвейну.

Кірмашы працуюць па ўсёй сталіцы

Традыцыйна імправізаваныя рынкі арганізавалі практычна ў кожным раёне Менска. Так, напрыклад, у Маскоўскім раёне вызначаныя два месцы пад кірмашы. У Кастрычніцкім набыць гародніны і садавіны можна ў трох лакацыях. А вось у Савецкім раёне вызначанае толькі адно месца – парк Дружбы народаў.

Кірмашы будуць праходзіць у суботы і нядзелі ажно да 14 лістапада. Але не на ўсіх лакацыях кожныя выхадныя. Большасць кірмашоў працуюць з 9:00 да 16:00.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках