25 красавiка 2024, Чацвер, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-10 фільмаў для прагляду восеньскім вечарам

2
Топ-10 фільмаў для прагляду восеньскім вечарам

Кожны знойдзе карціну для сябе.

Восень прымушае задумацца над рознымі жыццёвымі сітуацыямі і падзеямі. І гэта найлепшы час для баўлення доўгіх і прахалодных вечароў за праглядам кіно. Afisha.uz прапануе падборку фільмаў, якія дапамогуць прасякнуцца настроем восені, памарыць, паслухаць добрую музыку, пажурыцца або пасмяяцца.

«Восеньская саната» (1978)

Відавочны выбар, вядома. Але як можна казаць пра восеньскія фільмы без згадкі шэдэўру Бергмана. «Восеньская саната» вывучае розныя псіхалагічныя бакі сямейнай драмы. Фільм паказвае стасункі маці, паспяховай піяністкі, і дачкі, узорнай гаспадыні дому і жонкі. У фільме вы пачуеце музыку Фрыдэрыка Шапэна, даволі восеньскі кампазітар, ці не так?

«Настальгія» (1983)

Таркоўскі – гэта, безумоўна, складана. Фільм «Настальгія» – гэта туга па мінулым, што так часта агортвае людзей восеньскімі вечарамі. Ніхто не змог бы перадаць гэты стан так дакладна і прыгожа, як савецкі кінарэжысёр. Фільм апавядае пра расейскага паэта Андрэя Гарчакова, які вандруе па Італіі з мэтай даследавання жыцця расейскага кампазітара 18-га стагоддзя. Гэта гісторыя пра змучаныя душы, якія не могуць знайсці свайго месца ў гэтым свеце. Варта памятаць, што Таркоўскі не разглядаў кіно як «забаўку», але як від мастацтва. І гэты фільм, з марудлівымі, пранікальнымі кадрамі – вялікі твор мастацтва.

«Ханна і яе сёстры» (1986)

Цяжка ўявіць сабе восень без фільмаў Вудзі Алена, асабліва калі гаворка ідзе пра пераменлівыя, як часы года, стасункі. Гісторыя пачынаецца ў дзень Падзякі і заканчваецца праз год. Цягам гэтага часу гераіняў чакаюць любоў, страты, расчараванні і дасціпны гумар амерыканскага пастаноўшчыка. «Ханна і яе сёстры» – ідэальнае спалучэнне камедыі і драмы, дзе даследуюцца крызіс сярэдняга веку, рамантычны ўсплёск новых пачуццяў і небяспекі самападману. Калі вясна – гэта сезон абнаўлення, то восень – дакладна сезон пераменаў.

«Вам ліст» (1998)

Гэтая гісторыя адбылася даўно, у канцы 20-га стагоддзя, калі людзі яшчэ не начавалі пад дзвярыма крамаў, каб набыць новы айфон, а ганяліся за кнігамі. Калі электронная пошта толькі пачала выцясняць лісты, напісаныя ад рукі. Калі віртуальныя зносіны толькі-толькі запускалі шчупальцы ў наша жыццё. Героі Мэг Раян і Тома Хэнкса прымусяць вас паверыць у неўнікнёнасць любові. І зазірніце ў сваю паштовую скрыню. Можа, вам ліст?

«Іншыя» (2001)

У спісе восеньскіх фільмаў абавязкова павінен быць такі, ад якога па целе прабягаюць дрыжыкі холаду. І гэты фільм «Іншыя». Дзеянне адбываецца на востраве Джэрсі, дзе вечна шэры восеньскі дзень. Галоўная гераіня вяртаецца на востраў, у старажытны будынак са сваімі дзецьмі. Дзеці пакутуюць на рэдкае захворванне, яны не выносяць прамога дзённага святла, чаму ім даводзіцца жыць у апраметнай цемры. Гэта карціна пра ізаляцыю і пра таямніцы, якія захоўваюць старыя дамы. Вельмі атмасфернае кіно – напружанае, страшнае і запамінальнае.

«Краіна садоў» (2004)

Рэжысёр Зак Браф чэрпае натхненне з шматлікіх філасофскіх карцінаў. Ён выкарыстоўвае той самы стыль: вар'яцкія пары ў сумных жылых кварталах, маладыя людзі з пытаннямі пра жыццё, восеньскае лісце і змрочны саўндтрэк. «Краіна садоў» – фільм пра ўнутраны пошук, погляд у мінулае і будучыню. Натуральна, для гэтага няма лепшага часу, чым восень.

«Больш чым каханне» (2005)

У нашым жыцці ўсё не выпадкова: кожная сустрэча, кожны чалавек, які ўзнік на нашым шляху. Часам, з нейкай прычыны, мы адводзім новым знаёмым занадта малую ролю ў нашым жыцці, а насамрэч высвятляецца, што менавіта яны павінны згуляць галоўную. І шчасце, калі людзі гэта разумеюць, хай нават праз нейкіх сем гадоў. Аманда Піт і Эштан Кутчэр маладосцю, няўрымслівасцю, добрымі сэрцамі і гісторыяй кахання дакладна адарвуць вас ад шэрай штодзённасці. І азірніцеся вакол. Магчыма, вы як рэжысёр свайго жыцця камусьці далі занадта нязначную ролю.

«Аднойчы» (2007)

Не фільм, а цуд. «Аднойчы» – знятая за вельмі сціплы бюджэт музычная меладрама, узнагароджаная «Оскарам» за найлепшую песню, а потым трыумфальна адаптаваная на Брадвеі. Выканаўцы галоўных роляў не прафесійныя акторы – у жыцці яны музыкі. Нягледзячы на гэта, згулялі яны выдатна. Ён – няўпэўнены ў сабе вулічны музыка, яна – маладая маці, якая спрабуе знайсці сваё месца ў жыцці. Без яе ён прадаўжаў бы спяваць на вуліцы, не заўважаны нікім, без яго яна не здзейсніла б мару. Гэтая карціна дорыць надзею на лепшае. Калі ў нейкі момант захрасаеш у сучаснасці без веры ў будучыню, абавязкова адшукаецца чалавек, які дапаможа зрушыць з мёртвай кропкі.

«Хоць раз у жыцці» (2013 года)

Паспрабуйце усё спачатку. Калі вы нечае былое або былы, значыць, вам насустрач ідзе ваша будучыня. Старонка пражытая, яна была выдатная. Час падзякаваць ёй, перагарнуць і пачаць з чыстага аркуша. Гераіня Кіры Найтлі – былая дзяўчына рок-зоркі ў выкананні Адама Левіна (саліст Maroon 5), які не справіўся са славай. Дзяўчына выдатна спявае, яна вельмі таленавітая. Герой Марка Руфала – былы зорны прадусар, сапраўдная легенда шоу-бізнэсу. І Нью-Ёрк звёў іх разам. Адбылася сустрэча. А што далей? А далей толькі атмасферная музыка і будучыня.

«Век Адалін» (2015)

Мяркуеце, што восень бясконцая? Як бы не так. Для Адалін, якая жыве ўжо больш за сто гадоў і не старэе, восень здаецца зусім нядоўгай. Аднак усё спазнаецца ў параўнанні. Аднойчы дзяўчына сустракае мужчыну, дзеля якога захочацца зноў адчуваць ход часу, з якім захочацца правесці не толькі адну восень, але і ўсё жыццё. У фільме вас чакаюць мноства нечаканак, харызматычныя акторы і выдатная атмасфера, якая падорыць шчырыя эмоцыі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках