28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва Украіне зарэгістраваны першы вадародны аўтамабіль

14
Ва Украіне зарэгістраваны першы вадародны аўтамабіль

Аўтамабіль не выдзяляе шкодных выкідаў у атмасферу.

Ва Украіне прайшоў сертыфікацыю і атрымаў рэгістрацыйны нумар першы вадародны аўтамабіль - Toyota Mirai. Пра гэта паведаміў старшыня экспэртнай рабочай групы ў пытаннях вадароднай энэргетыкі ў савеце Мінэнергетыкі Аляксандр Рэпкін на сваёй Facebook-старонцы.

«Працэс сертыфікацыі быў досыць складаным і працяглым. Прайшло паўтара месяца, перш чым мы атрымалі ўкраінскі нумар. Але, пасля гэтага, для ўсіх, хто захоча размытніць вадародны аўтамабіль, працэдура зойме не больш за тры дні», - напісаў Рэпкін.

Ён дадаў, што на гэтым этапе пачынаецца стварэнне інфраструктуры для вадароднага транспарту і будаўніцтва першай запраўкі.

Таксама, у хуткім часе будзе сертыфікаваны другі вадародны аўтамабіль.

«Мы з камандай Украінскай вадароднай рады разам з экспэртамі, якія распрацоўваюць вадародную стратэгію, актыўна працуем над развіццём вадароднай энэргетыкі ва Украіне каб зрабіць краіну экспарцёрам вадароду ў Еўропу», - рэзюмаваў Рэпкін.

Toyota Mirai - вадародны гібрыдны аўтамабіль на паліўных элементах. Упершыню быў прадстаўлены ў лістападзе 2013 года на Такійскім аўтасалоне. Аўтамабіль заснаваны на канцэпт-кары Toyota FCV. Продажы ў Японіі стартавалі 15 снежня 2014 года коштам $57500, у ЗША і Еўропе пачаліся ў чацвёртым квартале 2015 года. Аўтамабіль не выдзяляе шкодных выкідаў у атмасферу, замест угарнага газу з выхлапной трубы выходзіць вадзяны пар, што пераўтвараецца ў ваду.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках