19 красавiка 2024, Пятніца, 7:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе саступіла «Адзіная Расея»?

7
Дзе саступіла «Адзіная Расея»?
Фота: AFP

Якуція, Комі, Хабараўск і іншыя.

Партыя "Адзіная Расея", паводле папярэдніх звестак аб выніках выбараў у Дзярждуму РФ, захоўвае ў ёй канстытуцыйную большасць, аднак у пяці рэгіёнах яна пацярпела паразу, паведамляе svoboda.org.

Ва Ульянаўскай вобласці, Якуціі, рэспубліцы Комі, Ненецкай аўтаномнай акрузе і Хабараўскам краі на першае месца ў партыйных спісах выйшла КПРФ. У Хабараўскім краі ў "Адзінай Расеі" самыя нізкія вынікі ў краіне – менш за 25 адсоткаў галасоў.

Практычна ўсе гэтыя рэгіёны за апошнія гады сутыкаліся з супрацьстаяннем актыўна настроеных грамадзянаў і ўладаў – у Хабараўскім краі пасля арышту папулярнага губернатара Сяргея Фургала, у Комі ў сувязі з будаўніцтвам смеццевага палігона Шыес, у Ненецкай акрузе праз планы яе зліцця з Архангельскай вобласцю і так далей.

Паводле папярэдніх звестак ЦВК, кандыдаты ад "Адзінай Расеі" ў лідарах у 195 аднамандатных акругах з 225. У палове з рэшты акругаў у лідарах прадстаўнікі КПРФ. З 30 лідараў галасавання, якія не прадстаўляюць "Адзіную Расею", большасць – але не ўсе – падтрыманыя "Разумным галасаваннем" прыхільнікі Аляксея Навальнага.

Кандыдаты ад КПРФ перамагаюць у аднамандатных акругах, напрыклад у рэспубліцы Комі, у Марый Эл, у Якуціі, Алтайскім краі, Іркуцкай вобласці, Омскай вобласці, Самарскай вобласці. "Справядлівай Расеі" – у Чувашыі, Забайкальскім краі, Новасібірскай вобласці, Чэлябінскай. Усе дзве акругі ў Яраслаўскай вобласці таксама за прадстаўнікамі "СРЗП". У Смаленскай вобласці перамог прадстаўнік ЛДПР – адзіны ад сваёй партыі. У адной з акругаў у Пецярбургу лідарка Аксана Дзмітрыева ад Партыі Росту.

Сярод іншых, у Комі перамог эколаг, мясцовы дэпутат ад КПРФ Алег Міхайлаў. Ён рэгулярна выступаў у рэгіянальным парламенце з крытыкай дзеянняў уладаў. Ён адзін з праціўнікаў будаўніцтва палігона для смецця на станцыі Шыес, які планавалі адкрыць на мяжы Комі і Архангельскай вобласці. Пасля пачатку будаўніцтва смеццевага палігона ён не раз патрабаваў ад парламента і экс-кіраўніка Комі Сяргея Гаплікава зрабіць заявы аб недапушчальнасці гэтага праекта.

Паводле звестак ЦВК на 11.45 мск, у большасці акругаў Масквы па-ранейшаму ў лідарах падтрыманыя "Разумным галасаваннем" кандыдаты. Гэта самавылучэнка Настасся Бруханава, кандыдаты ад КПРФ Валерый Рашкін, Міхаіл Лабанаў, Настасся Удальцова, Дзяніс Парфёнаў, Сяргей Абухоў, Міхаіл Таранцаў, а таксама Сяргей Мітрохін ад "Яблыка". Аднак, як чакаецца, паводле вынікаў электроннага галасавання ўсіх ці амаль усіх гэтых кандыдатаў апярэдзяць кандыдаты, падтрыманыя ўладамі. Звесткі пра электроннае галасаванне ў Маскве ўсё яшчэ не апублікаваныя – што выклікае ў прыхільнікаў апазіцыі і незалежных назіральнікаў падазрэнні ў фальсіфікацыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках