28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Масквы выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць фальсіфікацый на выбарах у Дзярждуму

24
Жыхары Масквы выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць фальсіфікацый на выбарах у Дзярждуму
ФОТА: ТАСС

Яны патрабуюць скасаваць вынікі выбараў у сталіцы РФ.

У Маскве на Пушкінскай плошчы пачалася акцыя пратэсту супраць фальсіфікацый на мінулых выбарах у Дзярждуму, у ёй бярэ ўдзел некалькі сотняў чалавек. Паведамляецца таксама пра сотні паліцэйскіх, што акружылі плошчу, паведамляе svoboda.org.

Акцыю спрабавала ўзгадніць партыя КПРФ, якая не прызнала вынікі электроннага галасавання ў сталіцы, аднак гарадскія ўлады адмовілі ёй у гэтым. Тым не менш, некалькі кандыдатаў у дэпутаты Дзярждумы ад камуністаў – між іншым, Валер Рашкін - прысутнічаюць на плошчы. Яны патрабуюць скасаваць вынікі выбараў у сталіцы.

Таксама выйсці на Пушкінскую плошчу, каб «абмеркаваць» вынікі галасавання, заклікаў кандыдат у дэпутаты, Міхаіл Лабанаў, падтрыманы праектам Аляксея Навальнага «Разумнае галасаванне». Паводле падліку бюлетэняў, пададзеных на выбарчых участках, ён апярэджваў свайго канкурэнта ад «Адзінай Расеі», тэлевядоўца Яўгена Папова, на 10 тысяч галасоў, але пасля публікацыі вынікаў электроннага галасавання ЦВК абвясціў пра перамову «адзінаросы» з адрывам у 20 тысяч галасоў.

Лабанаў адзначыў, што «такая гіганцкая розніца ў выніках галасавання на «жывых» участках і анлайн-галасавання не можа быць праўдай», заклікаўшы выбарцаў і іншых кандыдатаў, якія трапілі ў такую ж сітуацыю, абараніць свае галасы.

У нядзелю ў Расеі завяршылася трохдзённае галасаванне на парламенцкіх і рэгіянальных выбарах. Паводле афіцыйных вынікаў, партыя «Адзіная Расея» захавала за сабой канстытуцыйную большасць у Дзярждуме. Пры гэтым назіральнікі паведамілі пра шматлікія парушэнні на выбарчых участках. На карце руху «Голас», прызнанага расейскімі ўладамі «замежным агентам», апублікавана больш за 4 тысячы паведамленняў пра падобныя парушэнні.

ЦВК афіцыйна пацвердзіў толькі дванаццаць выпадкаў укідаў бюлетэняў. У МУС заявілі, што істотных парушэнняў, здольных паўплываць на вынікі галасавання, не зафіксавана.

Найбольшае абурэнне назіральнікаў і апазіцыі выклікалі вынікі выбараў у Санкт-Пецярбургу і вынікі электроннага галасавання ў Маскве, якое было ўжытае ўпершыню і на якое зарэгістраваліся амаль два мільёны чалавек. ЦВК не публікаваў гэтыя вынікі больш дванаццаці гадзін, не тлумачачы прычыну, а пасля абвяшчэння вынікаў высветлілася, што ва ўсіх акругах, дзе паводле вынікаў «жывога» галасавання на выбарчых участках з істотным адрывам перамагалі кандыдаты, падтрыманыя «Разумным галасаваннем», перамаглі кандыдаты ад «адзінай Расеі». У камандзе Навальнага заявілі, што без фальсіфікацый з дапамогай электроннага галасавання партыя ўлады прайграла б выбары ў пераважнай большасці акруг Масквы.

У сваю чаргу сустаршыня грамадскага руху «Голас» заявіў, што колькасць электронных галасоў, пададзеных за кандыдатаў у Маскве, аказалася на 78 тысяч больш, чым было выдадзена бюлетэняў. Ён назваў мінулую працэдуру галасавання «ганьбай», а самі выбары - «аднымі з самых брудных» у расейскай гісторыі. На думку Удота, вынікі як мінімум электроннага галасавання ў сталіцы павінны быць цалкам скасаваныя.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках