18 красавiка 2024, Чацвер, 8:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяржаблігацыі Расеі ўпалі на фоне пагрозы непрызнання выбараў

1
Дзяржаблігацыі Расеі ўпалі на фоне пагрозы непрызнання выбараў

Індэкс RGBI прабіў «дно» з сакавіка 2020 года.

Рынак расейскай дзяржпазыкі ў панядзелак перажыў найбуйнейшае за паўгода падзенне.

Індэкс RGBI, які адсочвае кошты аблігацый федэральнай пазыкі, спікіраваў на 0,43% і прабіў «дно» з сакавіка 2020 года – 143,6 пункта, піша finanz.ru.

6-гадовыя АФЗ 26207 патаннелі на 0,37% з ростам прыбытковасці да 7,09% гадавых. 10-гадовыя АФЗ-26239 упалі на 0,61%, іх прыбытковасць дасягнула 7,3% гадавых. Стаўкі самых доўгіх, 20-гадовых расейскіх папераў падняліся да 7,54%, у той час як іх кошт асеў на 0,52%.

Расейскі рынак апынуўся ва ўладзе распродажаў, якія стартавалі ў Кітаі і ахапілі ўвесь свет. На фоне пагрозы дэфолту Evergrande Group, аднаго з найбуйнейшых у КНР забудоўнікаў з абавязальніцтвамі на 300 млрд даляраў, фондавыя індэксы ў ЗША і Еўропе спікіравала да мінімумаў за два месяцы, уніз пакаціліся кошты нафты і прамысловых металаў.

Ад расейскіх дзяржаўных папераў пазбаўляюцца нерэзідэнты – яны рэжуць пазіцыі, хоць і без значных аб'ёмаў, піша Locko Asset Management.

На гэтым фоне рэкордна з ліпеня таннее рубель, які абнаўляе 3-тыднёвыя мінімумы – 73,59 за даляр.

Акрамя пагаршэння знешняга эканамічнага фону, рызыкамі для рублёвых актываў «з'яўляюцца магчымы рост пратэставых настрояў расейцаў пасля выбараў у Дзярждуму і непрызнанне іх вынікаў Захадам», адзначае аналітык «Алара Брокер» Аляксей Антонаў.

З прапановай не прызнаваць выбары, калі іхнія вынікі будуць сфальшаваныя, да краінаў ЕЗ звярнуліся дэпутаты Еўрапарламента. Аднак пагрозлівасць рэзалюцый ЕП кампенсуецца неабавязковасцю іх выканання, і пакуль ні адзін заходні лідар публічна не засумняваўся ў агучаных ЦВК выніках галасавання.

Дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Еўропы (ПАРЕ) выказала «заклапочанасць электаральнымі ўмовамі і асяроддзем, што паўплывалі на выбарчы працэс». Свае высновы ПАРЕ прапануе ў выглядзе дакладу, дзе будзе ацэненае выкананне Расеяй міжнародных абавязальніцтваў.

Дзярждэп ЗША тым часам паведаміў, што выбары прайшлі «ва ўмовах, якія не адпавядаюць вольным і сумленным працэдурам», што супярэчыць абавязальніцтвам Расеі перад АБСЭ і ў рамках міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Кіраўніца ЦВК Эла Памфілава назвала выбары «самымі складанымі» ў сваёй кар'еры і заявіла пра «беспрэцэдэнтныя атакі» на расейскую выбарчую сістэму, якая, паводле словаў Памфілавай, усё вытрымала. Напярэдадні Памфілава заявіла пра кібератакі на сайт ЦВК, пасля чаго вынікі галасавання былі зашыфраваныя, што ўскладніла іх аўтаматычнае запампаванне для незалежнага аналізу.

Паводле звестак ЦВК на 17.48 мск, кіроўная «Адзіная Расея» набірае 49,83% галасоў – практычна ўдвая больш за ўсе рэйтынгі, вымераныя УЦДГМ напярэдадні выбараў (29%).

КПРФ, на якую ставіла «Умное галасаванне», атрымала 18,93%. Пры гэтым у Маскве ва ўсіх аднамандатных акругах перамогу залічылі кандыдатам, падтрыманым уладай, у тым ліку тым, хто адставаў пры падліку больш як на 90% галасоў.

ЛДПР заняла трэцяе месца з 7,51%, «Справядлівая Расея» – чацвёртае з 7,49%. «Новыя людзі» пераадолелі думскі бар'ер з 5,33%. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падзякаваў расейцам за «давер» і «актыўную жыццёвую пазіцыю».

«Вынікі выбараў у Дзярждуму рынкі, верагодна, праігнаруюць, калі толькі за анонсам вынікаў не будуць зробленыя заявы Захаду пра іх непрыманне. Але гэта наўрад ці здарыцца», – кажа дырэктар інвестыцыяў «Локо-Інвест» Зміцер Палявы.

На рынак АФЗ цісне пагроза далейшага ўзмацнення жорсткасці палітыкі ЦБ. У пятніцу Эльвіра Набіуліна заявіла пра планы яшчэ не раз падняць ключавую стаўку, каб затармазіць інфляцыю, абнаўляюць рэкорды за 5 гадоў – 6,78% на 13 верасня.

Узмацніць інфляцыйны ціск можа паслабленне рубля, што запатрабуе больш істотнага павышэння стаўкі, адзначае кіраўнік аналітычнай управы банка "Зеніт" Уладзімір Яўсціфееў.

На гандлі ў панядзелак рубель патаннеў на 0,94% да даляра і 0,98% да еўра. На 18.46 мск угоды з разлікам заўтра праходзяць за 73,54 рубля за даляр і 86,25 рубля за еўра.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках