16 кастрычнiка 2021, Субота, 12:35
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Валютныя ўклады беларусаў у пяці банках могуць «згарэць»

18
Эканаміст: Валютныя ўклады беларусаў у пяці банках могуць «згарэць»
ЛЕЎ МАРГОЛІН

Высокая імавернасць закрыцця гэтых банкаў праз санкцыі.

Стала вядома пра падрыхтоўку ЕЗ пакета жорсткіх санкцый супраць пяці банкаў (Беларусбанка, Дабрабыта, Белінвестбанка, Белаграпрамбанка і Банка развіцця).

Сайт Charter97.org спытаў эканаміста Льва Марголіна, наколькі моцны ўдар гэта нанясе па банкаўскай сістэме:

– Самой банкаўскай сістэме тут наўрад ці ёсць нейкая сур'ёзная пагроза, а вось што тычыцца валютнага складніка, то тут будуць праблемы. Уласна кажучы, з гэтых 5 банкаў прынамсі 4 канцэнтруюць даволі значны аб'ём валютных паступленняў. Рэч у тым, што абмежаванні, якія ўводзяцца супраць банкаў, перш за ўсё ўводзяцца на разлікі свабодна канверсоўнай валюты.

Калі санкцыі будуць уведзеныя, то будуць зачыненыя карэспандэнцкія рахункі гэтых банкаў, як у Еўропе, так і ў ЗША, таму разлікі ў далярах і еўрах яны праводзіць не змогуць. Адпаведна, пацерпяць усе прадпрыемствы, якія абслугоўваюцца ў гэтых банках, таму што яны таксама не змогуць праводзіць такія разлікі.

– Адзначаецца, што паводле свайго эфекту гэтыя санкцыі пераўзыходзяць эфект ад адключэння SWIFT. Пра якія страты можа ісці гаворка?

– Мне складана сказаць, якія тут могуць быць страты. Разумееце, у банкаў жа сваіх сродкаў практычна няма. Банкі распараджаюцца грашыма ўкладчыкаў. Яны атрымліваюць грошы ад ўкладчыкаў і выдаюць іх у выглядзе крэдытаў.

Я думаю, што большасць прадпрыемстваў загадзя падрыхтуецца да падобных санкцый і паменшыць рэшткі да мінімуму. Аднак для гэтых 5 банкаў такія абмежаванні, у прынцыпе, могуць прывесці да закрыцця, таму што яны стануць бескарыснымі.

Для астатніх банкаў і ўкладчыкаў нязручнасці таксама будуць – звязаныя з тым, што трэба будзе нейкім чынам ратаваць свае ўклады і пераходзіць у іншыя банкі.

Калі з рублёвымі ўкладамі праблемаў не будзе, то з валютнымі будуць праблемы ў прадпрыемстваў і перш за ўсё ў насельніцтва, якія трымаюць там уклады. Бо для таго каб вярнуць уклады насельніцтву, банкі звычайна набываюць гатовую валюту – за тыя сродкі, якія знаходзяцца на карэспандэнцкіх рахунках. Калі іхнія рахункі будуць замарожаныя, то яны не змогуць атрымаць гатоўку, таму, хутчэй за ўсё, не змогуць выдаць уклады сваім кліентам.

Вось гэта даволі сур'ёзная праблема, якая можа быць. Калі прадпрыемствы ўмеюць арыентавацца даволі хутка, то ва ўкладчыкаў, асабліва ў каго тэрміновыя ўклады, няма фізічнай магчымасці датэрмінова скасаваць дамову. Нават у каго бестэрміновыя ўклады, пакуль яны зарыентуюцца, здымуць грошы, можа апынуцца так, што іх ужо і няма.

– Санкцыі ЗША і Еўропы супраць уладаў Беларусі хочуць сінхранізаваць. Наколькі моцна гэта адаб'ецца на беларускай эканоміцы?

– Натуральна, біць кулаком заўсёды больш эфектыўна, чым біць з растапыранымі пальцамі. Калі санкцыі будуць сінхранізаваныя, аб'яднаныя, уніфікаваныя, то, вядома, гэта зробіць больш сур'ёзнае ўздзеянне на беларускую эканоміку, чым тое, што робіцца паасобку. Такі прыклад: еўрапейцы ўвялі сектаральныя санкцыі супраць калійнай вытворчасці, а амерыканцы канкрэтна супраць «Беларуськалія». Розніца ў тым, што для еўрапейцаў няважна, хто прадае беларускі калій, ён будзе пад забаронай.

Для амерыканцаў важны толькі той, хто прадае ад імя «Беларуськалія». Калі нейкая пракладка будзе пракладзеная і іншы будзе прадаваць, то амерыканцы могуць рабіць выгляд, што гэта іх не датычыцца. Прынамсі так вынікае з літары закону.

З іншага боку, амерыканцы наклалі санкцыі на прадпрыемства, значыць, усё, што тычыцца гэтага прадпрыемства, трапляе пад санкцыі. Еўрапейцы зрабілі выключэнне для самай масавай долі прадукцыі «Беларуськалія». Вось гэта тое, што я называю «біць з растапыранымі пальцамі». Калі гэта атрымаецца ўніфікаваць, то гэта будзе больш сур'ёзна.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».