23 красавiка 2024, aўторак, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Насмяшылі: Тры пытанні наконт прапановы ўлады «адкладаць на пенсію»

12
Насмяшылі: Тры пытанні наконт прапановы ўлады «адкладаць на пенсію»
Фота: Reuters

Ці дажывуць людзі да моманту, калі ім дазволяць скарыстацца ашчаджэннямі?

21 верасня на нарадзе ў Лукашэнкі абмеркавалі пытанне развіцця «дадатковай добраахвотнай пенсійнай праграмы», піша «Салідарнасць».

Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч паводле вынікаў нарады заявіла, што беларусам прапануюць новы выгадны механізм для ашчаджэння сродкаў на старасць. У чым жа ён заключаецца?

Працаўнікам прапануюць выплачваць дадатковы ўнёсак (акрамя абавязковага цяпер унёску 1% ад заробку) на ашчаджальную пенсію памерам да 10% заробку. Дакладны памер кожны выбірае самастойна. Адначасова працадаўца будзе абавязаны рабіць даплаты, супамерныя ўнёскам супрацоўнікаў.

«Для чалавека ніякіх стратаў, а толькі плюсы. Таму што, ідучы ў добраахвотную пенсійную страхавую сістэму, ён фармуе свой дадатковы прыбытак на старасць», – запэўніла міністарка.

Першае, што тут адзначыць: падобныя механізмы сапраўды паспяхова існуюць у развітых краінах. Відавочна, што чым далей, тым больш салідарная пенсійная сістэма ў Беларусі будзе прабуксоўваць у сувязі з скарачэннем насельніцтва.

У 9,5-мільённай краіне ўжо больш за 2,5 мільёны пенсіянераў, выплаты якім складаюць 30% агульных выдаткаў бюджэту.

Аднак з улікам спецыфікі беларускага рэжыму можна вылучыць сама менш тры крытычныя пытанні наконт прапанаванага «выгаднага механізму».

Пытанне першае: ці не з'есць інфляцыя добраахвотныя ашчаджэнні?

Журналісты запыталіся ў міністаркі, як сродкі ашчаджальнай пенсійнай сістэмы будуць абароненыя ад абясцэньвання. У адказ Ірына Касцевіч прызнала, што пэўныя рызыкі існуюць.

Яшчэ б! У Беларусі шмат разоў адбывалася дэвальвацыя рубля.

Паколькі сістэма ўлады з тых часоў не змянілася, то незразумела, навошта беларусам рызыкаваць і замест адкладвання валюты пад падушку выкарыстоўваць прапанаваны варыянт. Тым больш што лішніх грошай у сем'ях і так няма.

Пытанне другое: як улады будуць выкарыстоўваць пенсійныя ашчаджэнні?

Паводле словаў міністаркі, адкладзеная сума будзе капіталізавацца, то-бок грошы будуць не проста ашчаджацца, а працаваць на эканоміку, укладвацца ў інвестыцыйныя праекты з высокай прыбытковасцю.

Вось у гэтым моманце многім павінна было стаць сапраўды страшна. Добра вядома, як беларускія ўлады інвестуюць мільярды даляраў. Мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, цэментнай галіны і многіх іншых прадпрыемстваў павярнулася чыстымі стратамі.

І такому інвестару беларусы павінны даверыць свае ашчаджэнні?

Пытанне трэцяе: ці дажывуць працаўнікі да моманту, калі ім дазволяць скарыстацца ашчаджэннямі?

З наступнага года мужчыны ў Беларусі пачнуць выходзіць на пенсію ў 63 гады. Пакуль улады маўчаць пра далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту, але наўрад ці гэта прадоўжыцца доўга.

Можна ўспомніць, што падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года Лукашэнка заяўляў, што павышэння пенсійнага ўзросту не будзе. Але роўна гэта і адбылося неўзабаве пасля выбараў.

Ці не атрымаецца так, што працаўнікоў пераканаюць рабіць добраахвотныя ашчаджэнні, а праз час так падымуць пенсійны ўзрост, што многія з іх скарыстацца імі не змогуць?

З гэтых прычынаў зразумела, чаму ў сацсетках некаторыя мяркуюць, што ўлады заклапочаныя не светлай будучыняй цяперашніх працаўнікоў у старасці, а пошукам сродкаў на найбліжэйшае існаванне сістэмы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках