29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хацеў хоць неяк паўплываць на тое, што адбываецца на радзіме»

4
«Хацеў хоць неяк паўплываць на тое, што адбываецца на радзіме»
ФОТА ДЗМІТРЫЯ ГОЛУБЕВА З ЯГО СТАРОНКІ Ў INSTAGRAM

Што вядома пра беларуса, які пікетаваў у Маскве.

«Выйсці з плакатам на Красную плошчу ён лічыў сваім абавязкам», - распавяла Ірына (імя зменена на просьбу гераіні), знаёмая беларуса Дзмітрыя Голубева. Гэта той самы мужчына, якога ў аўторак за пікетаванне на Краснай плошчы ў Маскве затрымала паліцыя. Заўтра яго будуць судзіць.

Ірына распавяла, што Дзмітрый Голубеў пераехаў у Маскву блізу двух гадоў таму, раней жыў у Беларусі, у яго быў кветкавы бізнэс, які ён прадаў. Разам з ім у расейскую сталіцу перабралася яго сям'я - жонка і двое дзяцей, адно дзіця з асаблівасцямі развіцця. Мужчына працуе кіроўцам, яго жонка - у сферы нерухомасці, піша zerkalo.io.

- Дзмітрый вельмі востра рэагаваў на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. У яго было пачуццё віны, што ён у Маскве, а там, на радзіме, людзі пакутуюць, сядзяць у турмах, а ён нічым дапамагчы не можа. Ён увесь час думаў, што можа зрабіць, каб хоць неяк паўплываць на тое, што адбываецца, выказаць сваё стаўленне да падзей, - успамінае Ірына.

Голубеў казаў знаёмай, што задумваецца пра тое, каб выйсці ў нейкім людным месцы ў Маскве з пікетам супраць дзейнай у роднай краіне ўлады - каб яшчэ больш людзей даведаліся пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Пры гэтым ён лічыў, што за такое дзеянне наступстваў для яго не будзе, маўляў, адзінкавыя пікеты ў Расеі дазволеныя.

- Я яго адгаворвала, таму, што гэта падобна да самагубства. Тлумачыла, што можа быць што заўгодна: самая бяскрыўдная - штраф, а яшчэ арышт, высылка з краіны. Ён выдатна разумеў, што калі будзе высылка, то ў Беларусь яму ехаць небяспечна. Але ўсё роўна, яго нельга было спыніць. Я толькі прасіла: не рабі гэтага хоць бы ў дзень выбараў у Расеі. Потым мы дамовіліся стэлефанавацца, але Дзмітрыя я не пачула.

З навінаў Ірына даведалася, што на Красную плошчу выйшаў з плакатам беларус, на фатаграфіі пазнала Дзмітрыя Голубева.

Цяпер беларусу дапамагаюць праваабарончыя арганізацыі. Дзіна Мусіна, кіраўніца праекта дапамогі беларускім уцекачам з камітэта «Грамадзянскае садзейнічанне» паведаміла, што паводле расейскіх законаў адміністрацыйная высылка з краіны магчымая пасля двух адміністрацыйных правапарушэнняў. Да таго ж, цяпер дзейнічае забарона высылкі згодна з Указам прэзідэнта Расеі і забарона на накладанне непажаданасці знаходжання ў РФ.

- Але мы пакуль не ведаем, першая адміністрацыйная справа ў яго ці не. І ў Расеі, на жаль, нашых падабаронных выдвараюць і з адной адміністрацыйнай справай. Ды і непажаданасць, і выдварэнне ўжываюць нягледзячы на забарону паводле ўказа прэзідэнта. Гэта незаконна, мы гэта абскарджваем у судах. Як складзецца са справай Дзмітрыя, даведаемся пасля суду, - паведаміла Дзіна Мусіна.

Нагадаем, удзень 21 верасня на Краснай плошчы ў Маскве затрымалі грамадзяніна Беларусі Дзмітрыя Голубева, які разгарнуў плакат з надпісам «Годзе карміць рэжым Лукашэнкі». Беларуса даставілі ў аддзел паліцыі па раёне Кітай-горад, дзе склалі пратакол паводле артыкула аб удзеле ў няўзгодненай акцыі. Мужчыну адпусцілі, узяўшы з яго абавязанне прыходу ў суд 23 верасня. Яму пагражае штраф сумаю ад дзесяці да дваццаці тысяч расейскіх рублёў (ад 340 да 680 беларускіх рублёў) або абавязковыя працы на тэрмін да сарака гадзін.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках