23 красавiка 2024, aўторак, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Куды знік беларускі цукар?

9
Куды знік беларускі цукар?

Расейскі прадукт зноў таннейшы за айчынны

У Беларусі ў некаторых крамах назіраецца недахоп цукру. Тым часам цукровыя заводы сёлета пазней, чым звычайна, пачынаюць перапрацоўку буракоў. Беларусь пры гэтым прыкметна скараціла імпарт і экспарт гэтага тавару. Пры гэтым расейскі цукар зноў таннейшы за айчынны, але яго мала дзе можна знайсці.

Сайт zerkalo.io разбіраўся, што адбываецца з гэтым таварам.

Якая сітуацыя з цукрам у крамах

За апошні тыдзень паведамленні пра недахоп цукру паступілі з розных гарадоў. «Прапаў з продажу цукар. Сёння днём у гіпермаркеце “Еўраопт” у Наваполацку замест цукру на стэлажах стаяла соль. Такая ж карціна была і напярэдадні вечарам», – расказаў жыхар горада. Пра недахоп цукру таксама паступала інфармацыя з Менска і Слуцка.

У Е-дастаўцы, да прыкладу, цукар з буракоў прапануюць кускавы – 1,69 рубля за 500 грамаў, а таксама з смакам мяты – 5,75 рубля за паўкілаграма. Астатняе – трысняговы. У «Алмі» можна набыць цукар са Скідзеля і Жабінкі – 1,73 рубля, а пад назвай Zakrama – 1,55 рубля за 900 грамаў. У «Гіпа» прапаноўваюць цукар «Экстра» з Гарадзеі – 1,68 рубля, а са Слуцка – 1,68 рубля.

Расейскі цукар атрымалася знайсці ў «Востраве чысціні і смаку» – 1,5 рубля за кілаграм (вытворца – Лебядзянскі цукровы завод). У гэтай гандлёвай сетцы ёсць і беларускі, але ён каштуе даражэй – 1,68 рубля (з Гарадзеі, Скідаля, Жабінкі). Таксама прапануюць «Гарадзейскі экстра» – 1,87 рубля.

Што тычыцца расейскага цукру, то ўлады раней вызначалі мінімальныя кошты яго, каб стрымаць увоз расейскага, які часцяком быў таннейшы за беларускі.

У цэлым пра дэфіцыт цукру ў Беларусі размова не ідзе, хутчэй пра недахоп у некаторых крамах.

Чаму цукровыя заводы пазней, чым звычайна, пачалі перапрацоўку новага ўраджаю

Сёлета заводы пачалі сезон перапрацоўкі цукровых буракоў пазней, звычайна стартавалі ў першых днях верасня. Як паведамляюць у Белдзяржхарчпраме, завод у Скідзелі прыступіў да вытворчасці цукру 11 верасня, у Слуцку – 14 верасня, у Гарадзеі – 18 верасня. Жабінкаўскі цукровы завод плануе запуск вытворчасці 23 верасня.

Паводле звестак «Інфа-Кур'ер», гэта звязана з спякотай, якая паўплывала на цукрыстасць буракоў, яна была недастатковай у пачатку месяца.

У сярэдзіне верасня на Слуцкім цукрарафінадным камбінаце паведамлялі, што на прадпрыемстве ёсць і фасаваны на кілаграм цукар-пясок, і фасаваныя на кілаграм кавалкі цукру, і кавалкі цукру на паўкілаграма. «Адгрузка ідзе кожны дзень згодна з заключанымі кантрактамі. А калі ў нейкай краме няма цукру, трэба даведвацца прычыны ў супрацоўнікаў гэтага гандлёвага пункту», – тлумачылі на заводзе.

Якая сітуацыя з экспартам і імпартам

За студзень – ліпень Беларусь экспартавала 87,5 тысячаў тонаў цукру, вынікае з звестак Белстата. Гэта прыкметна менш, чым за 7 месяцаў 2020-га года, тады гэты паказнік склаў 322,9 тысячы тонаў. Істотна знізіліся пастаўкі ў Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан, Грузію, Украіну, Літву. У Расею таксама сталі менш вывозіць беларускага цукру, але аб'ёмы былі нязначнымі і летась. А ў Нідэрланды, Турцыю, Чарнагорыю, Самалі, Гвінею, Італію, Ізраіль перасталі пастаўляць гэты тавар, затое выйшлі на рынак Карэі.

Беларусь за 7 месяцаў гэтага года таксама ўрэзала імпарт цукру – да 1,8 тысячы тонаў (год таму – 40,4 тысячы тонаў). З цікавага: 930 кілаграмаў цукру Беларусь імпартавала, паводле звестак Белстата, з «невядомай краіны». Год таму – 15 кілаграм.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках