29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі: У лукашыстаў – сур'ёзная траўма

7
Экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі: У лукашыстаў – сур'ёзная траўма
Генадзь Коршунаў

Узровень пратэставых настрояў практычна не зніжаецца ўжо больш за год.

Больш за год беларускае грамадства жыве ў абсалютна новай для яго рэальнасці – з аднаго боку небывалага ўздыму праяваў салідарнасці, актыўнасці, жадання ўкладвацца ў развіццё грамадства і змяняць яго да лепшага, з другога боку, небывалых у сучаснай гісторыі краіны рэпрэсій, болю і роспачы. Пра тое, як беларусы спраўляюцца з такім кактэйлем супярэчлівых з'яваў, як мяняюцца пад напорам гістарычных падзей і куды гатовыя рухацца, расказаў Генадзь Коршунаў, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт, экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі ў Менску.

«Ідэальны шторм» у 2020 годзе

Дваццаты год стаў для Беларусі годам «ідэальнага шторму». Тады адзін на аднаго наклаліся эфекты эканамічнай рэцэсіі, актуалізацыя пытання незалежнасці, што не схадзіла з парадку дня ўвесь 2019-ы, пандэмічны выклік, з якім улады фактычна не справіліся. Электаральная кампанія, якая абвастрыла ўсе гэтыя працэсы, іх жа і маштабавала.

«Ідэальны шторм» вывеў на паверхню тое, што хавалася ў грамадстве дзесяцігоддзямі. Гэта комплексныя эфекты ад шэрагу працэсаў, пачынаючы ад урбанізацыі, росту ўзроўню адукацыі насельніцтва, росту чалавечага капіталу, і заканчваючы змяненнем сацыяльных стандартаў і трансфармацыі сістэмы каштоўнасцяў. Яшчэ адзін важны чыннік – адрыў ад грамадства сістэмы дзяржкіравання, якая замкнулася сама на сабе, скараціўшы каналы зваротнай сувязі.

Усё гэта ў сукупнасці справакавала тое, што можна і трэба называць сацыяльнай рэвалюцыяй. Не каляровай, як яе называе афіцыйная прапаганда, а рэвалюцыяй у тым сэнсе, што грамадства перайшло на новую стадыю развіцця.

У даволі спрошчанай карціне гэта прывяло да выбуху самасвядомасці, – і індывідуальнай, і калектыўнай, – гэта значыць да ўсведамлення сябе не проста грамадствам, але суб'ектам. Французскі філосаф Мішэль Фуко ўвёў у зварот такі тэрмін як «суб'ектывацыя». Гэта працэс станаўлення суб'екта, гэта значыць таго, хто гатовы і бярэ на сябе адказнасць за выбар. Беларускае грамадства ў 2020 годзе ўсвядоміла сябе суб'ектам і захацела быць ім не толькі на ўзроўні паўсядзённасці, але і на ўзроўні палітыкі. Гэта фундаментальнае змяненне.

Як беларускае грамадства стала суб'ектам

У перыяд першай хвалі пандэміі каранавірусу, калі медыкі білі ва ўсе званы, а дзяржсістэма апынулася не ў стане забяспечыць належны ўзровень абароны, назапашаныя змены – і лічбавыя практыкі, і гарызантальныя сувязі, і навыкі самаарганізацыі – выйшлі на паверхню. Грамадства адгукнулася на выклік без лідара ці кіраўніцтва. Тады яно пачало ўсведамляць сваю сілу, пачало станавіцца суб'ектам.

Прагучыць цынічна, але кавід гэтаму вельмі моцна дапамог – ён даў штуршок для самасвядомасці. А тое, што адразу пасля першай хвалі пандэміі пачалася электаральная кампанія, гэта вялікае шанцаванне. Так грамадства, якое атрымала штуршок да самасвядомасці, выкарыстоўвала часовую магчымасць, каб паспрабаваць рэалізаваць свой запыт на суб'ектнасць ужо ў палітычнай сферы.

Мне думаецца, менавіта таму, улавіўшы гэты рост грамадскага запыту, і праявіліся тыя «новыя палітыкі», на заклік якіх быў такі масавы водгук грамадства. Гэта было выдатна відаць падчас «падпісной рэвалюцыі», калі і каманды кандыдатаў дапамагалі адна адной, і людзі выстройваліся ў велізарныя чэргі, каб пакінуць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў. Як мы цяпер ведаем, падпісваліся за іх і дзяржчыноўнікі, і людзі з сілавых установаў, а не толькі тыя, хто адкрыта адносіць сябе да пратэстоўцаў.

Працэс выбараў і наступныя падзеі толькі ўмацавалі запыт на суб'ектнасць.

З тых часоў мінула больш за год. Што стала з гэтымі настроямі?

Пратэставыя настроі нікуды не дзеліся. Мы можам пра гэта меркаваць на падставе некаторых даследаванняў. Напрыклад, з шэрагу замераў Chatham House мы назіраем фенаменальныя рэчы: пасля многіх месяцаў пратэстаў, пасля пераходу пратэставых інтэнцый ва ўтоеную фазу мінулай зімой, пасля раскручвання махавіка рэпрэсій, які перамолвае дзясяткі тысячаў людзей, узровень пратэставай актыўнасці тады знізіўся мінімальна датычна першых замераў.

Калі мы ўбачым, што паводле звестак свежага замеру дзель тых, хто гатовы падтрымаць пратэст, застанецца прыкладна на тым жа ўзроўні, гэта таксама будзе азначаць фенаменальную рэч – узровень пратэставых настрояў практычна не зніжаецца ўжо больш за год.

Пратэст трансфармаваўся

Я бачу, што кожны дзень у Беларусі нешта адбываецца. Я бачу сцягі, якія вывешваюцца, бачу графіці на сценах і надпісы на асфальце, бачу, як людзі ходзяць са сцягамі, бачу, колькі робіцца за межамі Беларусі. Так, частка людзей свае намаганні згарнула, таму што стамілася, страшна, плюс эканамічная сітуацыя ўскладняецца, значыць, усё большае значэнне набывае праблема чыста эканамічнага выжывання. З іншага боку, я больш чым упэўнены, і мы гэта бачым, што велізарная дзейнасць вядзецца па-партызанску, проста таму што яе немагчыма весці адкрыта.

У прыхільнікаў Лукашэнкі траўма

Для прыхільнікаў улады велізарнай траўмай стала ўсведамленне таго, што яны не большасць. Тое, што для большай часткі беларусаў было адкрыццём станоўчым, для прыхільнікаў улады вылілася ў стрэс. Плюс для іх гэты стрэс падтрымліваецца сталай напругай уладнай сістэмы, кіраўніцкай вертыкалі. У сталым стрэсе знаходзяцца сілавыя органы, стрэс падтрымліваецца і для шараговых прыхільнікаў улады. У тым ліку за кошт зліваў «кіберпартызанаў», дзе апублічваюцца звесткі не толькі ўдзельнікаў рэжыму, але і прыхільнікаў, напрыклад, якія рабілі даносы.

Мяркуючы з размоваў і з таго, што мы бачым у сеціве, гэтая частка грамадства ў шоку не толькі ад колькасці «праціўнікаў», але і ад таго, што ўлада не робіць нічога, каб падтрымаць сваіх абаронцаў.

Той бок, які спрабуе дыстанцыявацца, таксама жыве ў стрэсе. У гэтых людзей было больш-менш спакойнае жыццё, некаторая пэўнасць, стабільнасць хай не найлепшым чынам, але жыццё складалася. А цяпер усё ламаецца. Яны спрабуюць ад гэтага дыстанцыявацца: сыходзяць у штодзённасць, клопат пра эканамічны дабрабыт. Напэўна, пакуль у іх гэта атрымліваецца. Пытанне ў тым, як доўга ў існай цяпер эканоміцы, якая толькі цудам пакуль не сышла ў піке, у іх атрымаецца хавацца ў свеце штодзённасці.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках