19 красавiка 2024, Пятніца, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нельга падымаць кошт яек? Падымем кошт віна»

13
«Нельга падымаць кошт яек? Падымем кошт віна»

Прадстаўнік гандлю расказаў, як крамы абыходзяць дзяржрэгуляванне коштаў у Беларусі.

У Беларусі ўжо больш за паўгода стрымліваюцца кошты асобных катэгорый прадуктаў згодна з лютаўскай пастановай ураду №100. А ўчора дзеянне пастановы прадоўжылі да 31 снежня. МАРГ прызнаваўся, што сёння дзяржава кантралюе больш за палову ўсіх коштаў на прадукты, раз-пораз дазваляючы даражэць тым ці іншым таварам. Але, як адзначаюць чытачы, прадукты даражэюць, і далёка не на 0,2% за месяц. Як гэта адбываецца?

Журналісты «Нашай Нівы» распыталі прадстаўніка рытэйлу.

«Стрымліваць кошты – значыць расстраляць рытэйл, – кажуць рытэйлеры і пастаўшчыкі. – Адбываецца штотыднёвы рост коштаў паліва, павышэнне коштаў сыравіны і ўпакоўкі.

Упакоўка ўвогуле асобная тэма. Прадукты нафтахіміі сёлета выраслі ў кошце на 40–70%. Індэкс коштаў у будаўніцтве вырас на 40–70%, ва ўсім будаўніцтве, ва ўсіх інвестпланах. Дзікі выдатак сродкаў гігіены падчас эпідэміі. Вытворцам нічога не застаецца, як шукаць варыянты абыйсці пастанову, бо трэба плаціць заробкі людзям і крэдыты банкам».

Журналістам патлумачылі, як штучнае стрымліванне коштаў адбіваецца на кішэнях беларусаў, а таксама якія існуюць лайфхакі для абыходу абмежаванняў.

«Перш за ўсё трэба разумець, што з умоўнай паўтары тысячы найменняў тавараў, якія прадаюцца ў супермаркеце, кошты нельга падымаць на 62. А гэта значыць, што “дабіраць” рытэйл усё адно будзе, але толькі на іншых прадуктах і напоях. Нельга падымаць кошт яек? Падымем кошт віна, вы ўсё роўна заплаціце, гэта ілюзія», – кажа прадстаўнік рытэйлу.

«Цяпер, напрыклад, на мяса і каўбасныя вырабы дазволілі падвысіць кошт на 4,9%. Нехта гэтым карыстаецца і падымае прэйскурантны кошт, паралельна скасоўваючы акцыі.

Гэта значыць, у лютым атрымалася так, што ты ўзгадніў акцыю -20%, і тут пачала дзеянне пастанова ў абмежаванні коштаў, і МАРГ тлумачыў: усё роўна – акцыя не акцыя, кошт на паліцы змяніцца не павінен. Атрымліваецца, цягам паўгода пастаўляўся тавар з акцыйным коштам або зусім не пастаўляўся. А цяпер некаторыя пастанавілі пад тэму павышэння паспрабаваць скасаваць вось такія акцыі, што дае большы рост».

«Ёсць варыянт выпусціць аналагічны прадукт з падобнай назвай, неістотна змяніўшы рэцэптуру – гэта ўжо з усіх крытэраў аказваецца новы прадукт, з новым дакументам якасці і коштам.

Атрымліваецца, кошт мы не падвышалі, а проста вывелі на рынак новы прадукт, – расказвае наш суразмоўца пра яшчэ адзін лайфхак. – А яшчэ пры кожным аблвыканкаме ёсць камісія, якая разглядае звароты пра рост коштаў.

Гэта значыць, у рамках гэтай пастановы павышаць можна, калі ты дакажаш абгрунтаванасць павышэння. Напрыклад, інгрэдыенты прадукту, якія мы імпартуем, падаражэлі на 55%. Тут выбар або здымаць тавар з продажу ўвогуле, або дамаўляцца пра ўзгадненне адпускнога кошту».

Таксама суразмоўцы дадаюць, што ва ўмовах абмежавання складваецца дэфіцыт асобных тавараў.

«Напрыклад, птушка – цяпер дэфіцыт, знайсці пастаўшчыка з добрымі аб'ёмамі – велізарная праблема. Чаму так адбываецца? Таму што няма сэнсу вытворцу прадаваць яе тут, дзе рытэйл нічога не можа заплаціць, бо прадае з рэгуляванай надбаўкай і ваюе з пастаўшчыкамі за адсотак. Птушка пайшла ў Расею, дзе плацяць больш, так мы назіраем прымету позняга камунізму», – рэзюмуюць супрацоўнікі рытэйлу.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках