29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За абаграванне жылля беларусы будуць плаціць паводле новых тарыфаў

18
За абаграванне жылля беларусы будуць плаціць паводле новых тарыфаў

На колькі вырастуць рахункі?

У Беларусі ў гэтым сезоне нязвыкла рана ўключылі ацяпленне ў дамах і кватэрах. Да прыкладу, у Менску – з 22 верасня. Ужо ў кастрычніку мы атрымаем «пацяжэлыя» жыроўкі з рахункамі за абаграванне жылля. Пры гэтым плацёжкі будуць паводле новых тарыфаў, якія паднялі з 1 чэрвеня, піша zerkalo.io.

Колькі выйдзе за ацяпленне ў «двушцы» ў Менску

З 1 чэрвеня ў Беларусі падвысілі субсідавальныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады. Яны выраслі на 6,3% – да з 20,6216 рубля да 21,9245 рубля за 1 Гкал.

У двухпакаёвай кватэры ў Менску на 50 «квадратаў» за ацяпленне (спажыты аб'ём у 1,0163 Гкал) за поўны месяц трэба будзе заплаціць 22,28 рубля. Гэта на 1,32 рубля больш, чым паводле ранейшага тарыфу. Але гэта сума пры ўмове, калі ацяпленне было ўключанае поўны месяц. За верасень яно будзе меншым. Канкрэтна ў гэтай умоўнай «двушцы» рахунак за верасень можа быць у раёне 6,7 рубля, калі ацяпленне ў ёй уключылі з 22 верасня (гэта прапарцыйная сума паводле колькасці дзён). Але трэба браць да ўвагі, што ў розныя месяцы адрозніваецца спажыты аб'ём, гэта ў першую чаргу залежыць ад тэмпературы на вуліцы.

Які рахунак выставяць для кватэры, у якой ніхто не прапісаны

Калі ў гэтай жа менскай «двушцы» ніхто не зарэгістраваны, то разлік будзе паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу. Да аплаты выставяць рахунак 109,06 рубля.

Нагадаем, эканамічна абгрунтаваны тарыф на ацяпленне і падагрэў вады апошні раз падвысілі з 1 студзеня – з 92,25 да 107,31 рубля за 1 Гкал. Рост – на 16,3%

Ці ўключалі ацяпленне раней у верасні?

Звычайна ацяпленне ў жылых дамах у Менску ўключаюць у кастрычніку. Часцяком гэта адбываецца ў першай палове месяца. Да прыкладу, у 2018 годзе ацяпляць кватэры ў сталіцы пачалі з 1 кастрычніка, а ў 2013-м – на дзень пазней. А вось у 2008 годзе гэта адбылося 20 кастрычніка.

У верасні ацяпленне жылфонду ў Менску апошні раз уключалі ў 2019 годзе – 24-га дня, больш такіх выпадкаў за апошні 21 год не было.

А колькі мы пакрываем за ацяпленне

Чыноўнікі запланавалі на гэты год, што ўзровень кампенсацыі насельніцтвам затратаў на ЖКП складзе 82,3%. За ацяпленне і гарачую ваду, паводле заяваў уладаў, беларусы кампенсуюць менш за ўсё. Ільготны тарыф цяпер складае блізу 20% ад эканамічна абгрунтаванага. Аднак трэба браць да ўвагі, што да празрыстасці тарыфаўтварэння на жыллёва-камунальныя паслугі па-ранейшаму ўзнікаюць пытанні. Да таго ж трэба браць да ўвагі, што ў нашай краіне дзейнічае перакрыжаванае субсідаванне, калі тарыфы для насельніцтва льгатуюцца за кошт рэальнага сектару эканомікі. Гэтыя выдаткаванні прадпрыемстваў часта ўключаюцца ў сабекошт выпусканай прадукцыі і паслуг і адбіваюцца на іх раздробных коштах. Антыінфляцыйная праграма прадугледжвае частковы адыход ад перакрыжаванага субсідавання.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках