24 красавiка 2024, Серада, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларускія прадпрымальнікі цяпер самі ў шоку»

4
«Беларускія прадпрымальнікі цяпер самі ў шоку»
ФОТА: KP.BY

Як змены для прадпрымальнікаў адаб'юцца на ІП?

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» са Слоніма, экс-прадпрымальнік Віктар Марчык расказаў сайту Charter97.org пра становішча прыватнага бізнэсу ў краіне.

– Стала вядома пра змены для прадпрымальнікаў у выплаце падаткаў. Як ІП ставяцца да новаўвядзенняў? Як яны паўплываюць на іх працу?

– Прадпрымальнікі цяпер самі ў шоку і не ведаюць, як сябе паводзіць і што рабіць. Пакуль як могуць, так і працуюць, але ходзіць паміж імі такое меркаванне, што давядзецца зачыняцца і згортваць свой бізнэс. Хтосьці ўвогуле ўжо плануе перанесці свой бізнэс за мяжу, у Расейскую Федэрацыю ці Польшчу, гэта значыць у найбліжэйшыя краіны-суседкі, а нехта будзе проста зачыняцца.

Вядома, хтосьці паспрабуе ўсё рабіць да канца, але, хутчэй за ўсё, яны проста збанкрутуюць. Асабліва вось гэтае распараджэнне выплаты безнаяўнымі, калі набываюць тавар. Гэта людзей больш за ўсё хвалюе, бо ў асноўным малы бізнэс закупляецца малымі партыямі на расейскім рынку, а там ніякіх безнаяўных грошай няма. Усе разлічваюцца гатоўкай. Верагодна, гэтае пытанне не развяжацца і ім давядзецца зачыняцца або будуць шукаць нейкія шэрыя схемы, толькі так.

– У якім стане знаходзіцца беларускі бізнэс сёння?

– У стратным і упадкавым. Увогуле, хто гандлюе вопраткай, у іх самы добры месяц – гэта жнівень. Яшчэ можа быць, калі міжсезонне, тады яны могуць яшчэ нешта зарабіць. Гэта скажам 3-4 месяцы за год, а астатнія ідзе пералапачванне гэтых грошай і ў асноўным яны ў страце. Калі тым больш цяпер здымецца прыбытак на стаўкі, то ў людзей пачнуцца сур'ёзныя праблемы. Яны проста збанкрутуюць.

Я сёння быў на рынку і многія ўжо зачыненыя, вельмі мала людзей, хто працуе. У асноўным людзі працуюць ужо толькі ў выходныя, таму што ў буднія рабіць няма чаго, толькі плаціцца падатак, прыбытку і выручкі няма. Калі хтосьці працуе як пенсіянер, то яму лягчэй, таму што можа зачыніцца і выжываць на пенсію.

У людзей да пенсійнага ўзросту дылема, куды сысці і што рабіць. Сысці на працу за 250–300 рублёў, а за 400 рублёў яшчэ трэба знайсці працу ў рэгіёне. У асноўным там праца на паўстаўкі, да мінімалкі прапаноўваюць. Так што ўладкавацца на працу вельмі цяжка, таму ў нас дадасца беспрацоўных.

Нашы розумы і мазгі, прасунутая моладзь выцеча за мяжу. Яны маглі б прыносіць краіне карысць, арганізоўваць працоўныя месцы, плаціць падаткі і заробкі людзям, пры гэтым не беручы нічога ад дзяржавы, але такія людзі проста з'едуць.

– Ці ёсць у людзей разуменне, што пры гэтай уладзе нармальна працаваць ІП не дадуць?

– Яны ўсе кажуць, што калі не зменіцца сітуацыя, то застаецца спадзявацца на Госпада Бога і розум нашых чыноўнікаў. Калі сітуацыя ў краіне не зменіцца, а дакладней, стаўленне да малога і сярэдняга бізнэсу, то будзе поўнае банкруцтва і ўсё. Малы і сярэдні бізнэс проста зачыняць, а хто застанецца працаваць, будуць цалкам пад кантролем у мафіі.

– Ці былі горшыя часы для беларускіх прадпрымальнікаў або тое, што мы назіраем, гэта мяжа?

– Фактычна з канца 90-х ужо пачынаўся ціск на малы і сярэдні бізнэс. Не толькі павышэнне падаткаў, але і ўсякія ФЗСНы і ўсё астатняе. Спачатку ж усё было на добраахвотных пачатках, потым на прымусовых.

Кожны закон накладваўся адзін на адзін – і з боку ФЗСН, і з боку падатковай інспекцыі, і падатковага заканадаўства, і сертыфікацыі. Адзін індывідуальны прадпрымальнік, ён жа і гаспадар, ён жа і бухгалтар, ён і швец, і жнец. Натуральна, на іх накладваліся такія абавязальніцтвы, што фактычна іх выканаць цалкам нерэальна, каб не патрапіць пад які-небудзь прэсінг.

Калісьці людзі адстойвалі свае інтарэсы, працавала грамадская арганізацыя "Перспектыва", якая была як пасярэдніца паміж прадпрымальнікамі і ўладай. Пытанні развязваліся. Да нечага прыслухоўваліся, нейкія законы ўсё ж рэдагаваліся. Прадпрымальнікі сяк-так маглі працаваць, але цяпер ужо падвялі да такога пункту, што ўжо фактычна ўсё.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках