29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Талібан» – Масква: Прамяні любові і нянавісці

«Талібан» – Масква: Прамяні любові і нянавісці

Фактычна ГРУ атрымала адказ ад канкурэнтаў з сілавога блока.

Расейскія спецслужбы настолькі загуляліся ў двурушніцтва і двайныя стандарты, што ў рэалізаванай імі «шматхадоўцы» пачалася вялікая блытаніна. Тое, што кадры з Лубянкі мэтанакіравана знішчаюць канкурэнтаў з ГРУ і ламаюць іх схемы, добра вядома даўно, аднак часам даходзіць да казуснай сітуацыі. У гэтым кантэксце засвяціўся фундаменталісцкі рух «Талібан», які пускае свае карані на ўладным Алімпе Афганістана, піша тэлеграм-канал «Сіта Сакрата».

Спецыялісты з ГРУ ўжо вельмі даўно песцяць экстрэмістаў, якія, на іхнюю думку, прадстаўлялі альтэрнатыву амерыканскай прысутнасці ў шматпакутнай рэспубліцы Цэнтральнай Азіі. З іхняга гледзішча талібы вельмі зручныя партнёры і з іх дапамогай можна пракручваць мноства камбінацый у такіх сферах, як кантрабанда зброі, наркатрафік, гандаль рабамі, нелегальная міграцыя, а таксама выкарыстоўваць у якасці пудзіла для ўтаймавання кіроўных элітаў суседніх з Афганістанам постсавецкіх дзяржаваў. Тое, што згодна з заканадаўствам РФ «Талібан» – «тэрарыстычная арганізацыя, дзейнасць якой у Расеі забароненая», толькі пад'юджвае ГРУ на новыя «любоўныя» авантуры з фундаменталістамі. Спецыяльны прадстаўнік Крамля ў Афганістане Замір Кабулаў літаральна ад самага заснавання радыкальнага руху спрабуе быць на кароткай назе з ягонымі барадатымі кіраўнікамі, частымі госцямі ў Белакаменнай. ГРУ нават імкнуцца экспартаваць у Афганістан расейскія паліттэхналогіі фальсіфікацый выбараў. Славутая Эла Памфілава з расейскага ЦВК паляціць у Кабул і навучаць мясцовых дзяцей гораў прамудрасцям пуцінскай «суверэннай дэмакратыі».

Але не выбарамі адзінымі, і 22 верасня ўсплыла навіна, што Расея паабяцала падтрымаць талібаў у барацьбе з тэрарызмам! Спецпрадстаўнік РФ у Кабуле ў канструктыўным ключы пагутарыў з топамі часовага ўрада новапаказанага эмірату на тэму спрыяння міру і стабільнасці ў краіне. Сама фармулёўка толькі на першы погляд здаецца нелагічнай. У рэчаіснасці ж вялікая краіна-тэрарыстка (Расея) дапамагае малой краіне з тэрарыстычным рухам ва ўладзе (афганскія талібы) змагацца з іншымі тэрарыстамі, якіх яна сама ж падтрымлівае (гаворка ідзе пра шчыльныя повязі ГРУ і «ІД-Харасан»). Схема прыносіць бясконцы профіт людзям Шайгу, і яны не нарадуюцца сваёй спрытнасці.

Але працэс хітрай гульні на афганскай дошцы ідзе не зусім гладка, і ўсплываюць не вельмі прыемныя факты. Папулярызацыя талібаў у расейскай інфармацыйнай прасторы спараджае цікавыя эфекты, падобныя да самазбыўных прароцтваў. Ва ўмовах выпаленага ідэалагічнага поля ў Расеі ідэі афганскіх талібаў пачынаюць прарастаць у розумах расейцаў, якія бачаць на іх прыкладзе, якія бонусы могуць атрымаць выхадцы з глыбінкі, узброеныя аўтаматамі для зрынання карумпаваных урадаў. «Талібан» сімпатычны глыбіннаму народу таксама дзякуючы шматгадоваму апрамяненню фундаменталісцкімі ідэямі «расейскага свету» прыхаджанаў РПЦ. Калі памножыць усё гэта на прырост мусульманскай супольнасці РФ, то на выхадзе варта чакаць нараджэння мясцовага праваслаўна-ісламскага мутанта, які будзе імкнуцца займець уладу ў краіне. Магчыма, у гэтым і складаецца адзін з кампанентаў плана Шайгу ў рамках трансферу.

ФСБ счытала задумку і актыўна ўпіраецца рогам. Для праформы на Лубянцы літаральна інтэрпрэтуюць сённяшнія дыпламатычныя дамоўленасці Кабулава з талібамі, і арганізавалі свае контрзахады. У сталіцы Сібіры Екацерынбургу ФСБ спыніла дзейнасць рэлігійна-экстрэмісцкай ячэйкі «Талібан»! У ходзе АВД высветлілася, што пяць мужчынаў не толькі прынялі забароненую ў РФ ідэалогію, але і займаліся вярбоўкай новых паслядоўнікаў, у асноўным працоўных мігрантаў, а паралельна расклалі па ўсім горадзе выбухоўку. Маўляў, ёсць пацверджанне іх кантактаў з куратарамі талібаў, якія ўваходзяць у лік верхаводаў руху. Суседзі тэрарыстаў характарызуюць іх як «спакойных людзей», якія раніцамі сыходзілі кудысьці з вялікімі спартовымі торбамі. Адпрацаваны сюжэт у духу: «Талібан» падрывае Расею. А фактычна ГРУ атрымала адказ ад ненавісных канкурэнтаў з сілавога блоку.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках