29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва Украіне прынялі рэзанансны закон аб дэалігархізацыі

44
Ва Украіне прынялі рэзанансны закон аб дэалігархізацыі
ФОТА: СЛОВО И ДЕЛО

Самае галоўнае з дакумента.

За ініцыяваны прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім законапраект прагаласавалі 279 дэпутатаў. «Новое время» распавядае, як ва Украіне будуць вызначаць алігархаў і што ім пагражае.

Вярхоўная Рада Украіны на пасяджэнні 23 верасня прыняла ў другім чытанні і цалкам законапраект «Аб прадухіленні пагроз нацыянальнай бяспецы, звязаных з празмерным уплывам асоб, якія маюць значную эканамічную і палітычную вагу ў грамадскім жыцці (алігархаў)».

За прагаласавала 279 дэпутатаў. Законапраект прыняты галасамі фракцый «Слуга народа» (229) і «Голас»(11), груп «За будучыню» (18), «Давіра» (15) і нефракцыйныя нардэпы (6).

Народныя дэпутаты падчас пасяджэння прагаласавалі за разгляд законапраекта паводле спецпрацэдуры - без права дэпутатаў паставіць на галасаванне ўсе свае папраўкі. На галасаванне выносіліся толькі асноўныя папраўкі да артыкулаў законапраекта, якія ўхваліў профільны камітэт. Усяго да праекта закона было пададзена больш за 1200 паправак.

Адзначаецца, што «мэтай гэтага закона з'яўляецца пераадоленне канфлікту інтарэсаў, выкліканага зліццём палітыкаў, медыя і буйнога бізнэсу, прадухіленне выкарыстання палітычнай улады для павелічэння ўласных капіталаў, гарантаванне нацыянальнай бяспекі Украіны ў эканамічнай, палітычнай і інфармацыйнай сферах», а таксама прадухіленне выпадкаў маніпулявання свядомасцю грамадзян шляхам «наўмыснага скажэння інфармацыі для атрымання доступу да рэсурсаў, якія належаць на праве ўласнасці ўкраінскаму народу».

Чатыры прыкметы алігарха

Згодна з законапраектам, за алігарха ўважаецца фізічная асоба, якая адначасова адпавядае, прынамсі, тром з наступных прыкмет:

1) удзельнічае ў палітычным жыцці;

2) мае значны ўплыў на сродкі масавай інфармацыі;

3) з'яўляецца канчатковым бенефіцыярным уладальнікам суб'екта гаспадарання, які пасля пачатку дзеяння гэтага закона з'яўляецца суб'ектам натуральных манаполій або займае манапольнае (дамінантнае) становішча на рынку ў адпаведнасці з Законам «Аб абароне эканамічнай канкурэнцыі» і цягам аднаго года запар падтрымлівае або ўзмацняе такое становішча;

4) пацверджаны кошт актываў асобы (і суб'ектаў гаспадарання, бенефіцыярам якіх яна з'яўляецца) перавышае 1 млн пражытковага мінімуму, устаноўленых для працаздольных асоб на 1 студзеня адпаведнага года (у 2021 годзе — 2,27 млрд грн).

Кошт актываў разлічваецца «сукупна паводле сумы актываў асобы і суб'ектаў гаспадарання, бенефіцыярам якіх з'яўляецца такая асоба». Пры разліку не ўлічваюцца «актывы, якія належаць асобе ў СМІ».

Пад удзелам у палітычным жыцці маецца на ўвазе, што чалавек:

1) з'яўляецца прэзідэнтам, старшынём Вярхоўнай Рады, першым намеснікам і намеснікам старшыні парламента, народным дэпутатам, прэм'ер-міністрам, першым віцэ-прэм'ер-міністрам, віцэ-прэм'ер-міністрам, міністрам, ягоным першым намеснікам або намеснікам, кіраўніком іншага цэнтральнага органа выканаўчай улады, які не ўваходзіць у склад Кабінета Міністраў, старшынём СБУ, генеральным пракурорам, старшынём Нацыянальнага банка, кіраўніком стала дзейнага дапаможнага органа, створанага прэзідэнтам Украіны, ягоным першым намеснікам або намеснікам;

2) з'яўляецца блізкай асобай каго-небудзь з прыведзенага вышэй пераліку або звязанай з ім асобай;

3) займае пасаду ў кіроўных органах палітычнай партыі;

4) фінансаваў дзейнасць палітычнай партыі, палітычную агітацыю або правядзенне мітынгаў або дэманстрацый з палітычнымі патрабаваннямі.

Законапраект паказвае, што чалавек мае значны ўплыў на СМІ, калі ён з'яўляецца ўласнікам або заснавальнікам СМІ або бенефіцыярам/кантралёрам уладальніка/заснавальніка СМІ або быў уладальнікам, бенефіцыярам або кантралёрам на момант набыцця моцы гэтым законам, але страціў такі статус да дня пачатку яго дзеяння «з прычыны чаго ўладальнікам (заснавальнікам), бенефіцыярам або кантралёрам уладальніка (заснавальніка) сродка масавай інфармацыі стала звязаная асоба або асоба, якая не мае бездакорнай дзелавой рэпутацыі».

Працэдура прызнання чалавека алігархам

Пастанову аб прызнанні чалавека алігархам прымае Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны на падставе прадстаўлення Кабміна, чальца РНБА, Нацбанку, СБУ або антыманапольнага камітэта. Апарат РНБА за 10 рабочых дзён да дня праведзенага адпаведнага пасяджэння накіроўвае асобе, якую плануюць прызнаць алігархам, паведамленне аб такім пасяджэнні з пералікам прыкмет алігарха, пад якія гэты чалавек падпадае. Паведамленне будзе таксама апублікаванае на сайце РНБА. У чалавека будзе пяць дзён на тое, каб падаць апарату РНБА ў пісьмовай форме асабістыя тлумачэнні і іншыя дакументы з гэтай нагоды. Асабістыя тлумачэнні могуць быць заслуханыя на пасяджэнні Рады нацбяспекі. Калі чалавек не атрымаў паведамленне, не падаў свае тлумачэнні або адмовіўся ўдзельнічаць у пасяджэнні, РНБА ўсё адно будзе разглядаць пытанне аб прызнанні чалавека алігархам.

Ва Украіне таксама створаць адкрыты рэестр асоб, якія маюць значную эканамічную і палітычную вагу ў грамадскім жыцці (алігархаў), які будзе весці апарат РНБА. У ім будзе інфармацыя аб алігархах, у тым ліку пералік юрыдычных асоб, канчатковым бенефіцыярным уласнікам якіх з'яўляецца асоба, а таксама інфармацыя аб асобах, якія падалі дэкларацыі аб кантактах з алігархам або яго прадстаўніком.

Згодна з законапраектам, забараняецца алігархам:

1) рабіць унёскі ва ўсякай форме ў падтрымку палітычных партый, у выбарчыя фонды кандыдатаў (акрамя ўласнага выбарчага фонду), палітычных партый падчас выбарчага працэсу;

2) быць пакупніком (бенефіцыярам пакупніка) у працэсе прыватызацыі аб'ектаў вялікай прыватызацыі;

3) фінансаваць усякую палітычную агітацыю, або правядзенне мітынгаў або дэманстрацый з палітычнымі патрабаваннямі.

Алігархі таксама будуць абавязаныя падаваць дэкларацыі аб даходах, якія падаюць чыноўнікі згодна з антыкарупцыйным заканадаўствам.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках