20 кастрычнiка 2021, Серада, 17:13
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Узяліся за яйкі – прапала малако

9
Узяліся за яйкі – прапала малако
ФОТА: АЛЯКСЕЙ НІКАНОРАЎ

Чаму ў Беларусі так хутка растуць кошты?

Беларускія ўлады ўсімі сіламі «стрымліваюць» рост коштаў, але эфект атрымліваецца неадназначны, піша «Салідарнасць».

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведаміла, што з 24 верасня чарговы раз у годзе падаўжаецца дзяржрэгуляванне коштаў на 30 катэгорый «сацыяльна значных тавараў» – да 31 снежня.

У пералік увайшоў практычна ўвесь базавы спажывецкі кошык: ад солі і цукру да мяса, рыбы, дзіцячага харчавання.

Між тым інфляцыя ў Беларусі з пачатку года застаецца даволі высокай – 9,8%. У чым жа рэч: чаму, нягледзячы на намаганні ўладаў, кошты прадаўжаюць расці?

З выказванняў вытворцаў і прадаўцоў вынікае, што яны выкарыстоўваюць два метады, каб абыходзіць патрабаванні ўладаў.

Па-першае, вытворцы крыху мяняюць рэцэптуру і на паліцах крамаў з'яўляецца «новы» прадукт, які не ўваходзіць у пералік міністэрства, на які ўжо можна павышаць кошт.

Праўда, пракруціць такі фокус можна не з кожным прадуктам. Таму ў крамах усё радзей сустрэнеш часткі птушкі – вытворцам больш выгадна прадаць яе ў суседнюю Расею.

Па-другое, прадаўцы ў гандлёвых сетках выкручваюцца тым, што завышаюць кошты прадукцыі, якая не ўваходзіць у спіс «сацыяльна значнай». Інакш па рэнтабельнасці крамаў быў бы нанесены ўдар.

У гэтай сітуацыі некаторым апраўданнем дзеянняў можа служыць тое, што ў Беларусі блізу 2,5 мільёнаў пенсіянераў: ім даюць набываць самыя неабходныя прадукты даволі нядорага.

З іншага боку, большасць беларусаў зводзіць канцы з канцамі, а працаўнікоў вымушаюць пераплачваць за пажылых.

І яшчэ дзве паказальныя навіны пра стан спажывецкага рынку ў Беларусі.

З нядаўніх часоў на паліцах з цяжкасцю можна знайсці цукар – заводы абяцаюць, што хутка дзякуючы новаму ўраджаю дэфіцыт знікне.

Таксама стала вядома, што Беларусь упершыню падчас зборкі ўраджаю вымушаная набываць за мяжой бульбу...

Як тут не ўспомніць зробленую яшчэ ў 90-я заяву Лукашэнкі, якая многае кажа пра эфектыўнасць ручнога кіравання спажывецкім рынкам у Беларусі: «Толькі ўзяўся за яйкі, як адразу малако прапала».

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».