19 сакавiка 2024, aўторак, 9:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперт: Фінансавую сістэму Беларусі можа «скласці» любы чых

15
Эксперт: Фінансавую сістэму Беларусі можа «скласці» любы чых

На кім улады пачнуць эканоміць у першую чаргу?

Так званы «ўрад» прапанаваў бюджэт Беларусі на будучы год. У ім запланаваны мінус на 3 мільярды рублёў. Якія варыянты развіцця падзей ёсць пры такой велізарнай «дзірцы» ў бюджэце?

«Фінансавая сістэма цяпер знаходзіцца на такой мяжы, што любы чых можа яе скласці»

«Стандартныя спосабы развязання пытання "дзе ўзяць грошы?" – гэта ўласныя рэзервы. Напрыклад золата-валютныя», – расказвае «Нашай Ніве» кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

«Але ці ёсць сума, якую бяспечна можна вылучыць з нашых умоўных $ 8,5 мільёна ЗВР (тут варта памятаць, што крыху больш за мільярд даляраў – гэта SDR, якія паступілі ад МВФ, іх не так і проста выдаткаваць), якую можна бяспечна вылучыць на закрыццё дзіркі ў бюджэце? – прадаўжае Кавалкін. – У якой-небудзь больш-менш зразумелай сітуацыі можна было б прагназаваць і тэрміны, і аб'ёмы. Але ў нашай сітуацыі, калі ўводзяцца дадатковыя санкцыі, гэта рабіць складана. Таму што ў гэтай сістэме раўнанняў увесь час з'яўляюцца новыя ўраўненні.

Напрыклад, мы ведаем, што пасівы дзяржбанкаў (таго ж Беларусбанка і іншых) павялічвалі за кошт таго, што Нацбанк размяшчаў там рэзервы. Для пакрыцця дэфіцыту трэба будзе адклікаць гэтыя сродкі.

Узнікае пытанне, а што будзе з пасівамі дзяржбанкаў? А дзе дзяржбанкам тады браць пасівы? Няма дзе – прывітанне! – крызіс неплацяжоў і банкаўска-фінансавы крызіс.

Фінансавая сістэма цяпер знаходзіцца на такой мяжы, што любы чых можа яе скласці, як картачны домік. Таму тут нейкія прагнозы ў аб'ёмах і тэрмінах – справа няўдзячная. Любы подых ветру можа змяніць сітуацыю, як у лепшы, так і ў горшы бок. У нашай сітуацыі, мабыць, у негатыў. Таму што я сабе слаба ўяўляю, як улады раптам знойдуць грошы ў вялікай колькасці».

«З эканамічнага гледзішча Беларусі пазычаць нельга»

Каб не выдаткоўваць золата-валютныя рэзервы, дзяржавы звычайна прывабліваюць пазыкі. Гэта значыць павялічваюць дзяржпазыку. Як унутраную, так і знешнюю.

«Што тычыцца ўнутранай дзяржпазыкі, то цяпер ёй расці даволі складана, бо ўнутры Беларусі рэсурсаў даволі мала, – мяркуе Кавалкін. – Калі казаць пра знешнюю, то ў гэтым выпадку ўдвая складаней што-небудзь пазычыць праз санкцыі і знешнепалітычную сітуацыю».

Улады спадзяваліся папрасіць $ 3 мільярды ў Расеі, пакуль атрымалася толькі $ 640 мільёнаў. Дасць яна нам грошай? Эксперт мяркуе, што так шмат Расея не дасць, але падтрымліваць перадкрызісны стан эканомікі можа доўга.

«Даць ці не даць грошай Беларусі – гэта для Расеі пытанне палітычнае, а не эканамічнае. Бо з эканамічнага гледзішча Беларусі пазычаць нельга, – адзначае Кавалкін.

Мяркуючы з апошняга года, Пуціну цікава трымаць эканоміку Беларусі на мінімальнай пайцы. Умоўна кажучы, так, каб эканоміка была ў стане перманентнай пагрозы краху. Гэта і ёсць той самы ланцужок.

І, калі трэба, можна пацягнуць за яго: у наступным месяцы пераводу не атрымаеш, рабі, як мы хочам. Таму якой-небудзь упэўненасці, што нам дадуць грошай, няма. Упэўненасць жа, што Пуцін будзе маніпуляваць Лукашэнкам, – ёсць».

«Фамільнага срэбра не пад санкцыямі засталося не так ужо і шмат»

Дзяржава можа таксама атрымаць грошы за кошт прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў. Паводле звестак на 2020 год, дзяржаве поўнасцю або часткова належала 3275 прадпрыемстваў.

«Тут узнікае пытанне санкцый і таго, што можна прадаць, а што нельга. У прынцыпе, усё дзяржаўнае, што прыносіць нейкі знешнегандлёвы прыбытак, і ўсё, што больш-менш рэнтабельнае, ужо пад санкцыямі, – кажа Кавалкін. – Таму прадаць гэта можна, але толькі не выгадна. Любы авантурыст (а ў такой сітуацыі пакупніком хутчэй за ўсё будзе які-небудзь авантурыст) захоча вялікую зніжку. Таму што ён разумее: могуць рушыць услед чарговыя санкцыі і тады, калі ўлезці ў такія справы, можна выдатна паплаціцца.

Адпаведна дысконт на такія актывы будзе высокі. Прасцей кажучы, занадта дорага не прадасі. Але не выключана, што ў такой сітуацыі Лукашэнка і ягонае асяроддзе могуць пайсці і на гэта».

Кавалкін адзначае: калі дзяржава і пойдзе на варыянт з прыватызацыяй, то ў такім выпадку, каб атрымаць 3 мільярды рублёў, трэба прадаць даволі шмат прадпрыемстваў.

«Фамільнага срэбра не пад санкцыямі засталося не так ужо і шмат», – кажа эканаміст.

«Першае, што звычайна скарачаюць у такіх выпадках – капітальныя выдаткі»

Урэшце, паводле словаў эканаміста, заўсёды можна яшчэ больш скараціць бюджэтныя выдаткі.

«Ёсць варыянт не плаціць пазыкі, але гэта не варыянт, бо гэта сітуацыя дэфолту. Таму першае, што звычайна скарачаюць у такіх выпадках – капітальныя выдаткі: добраўпарадкаванне, рамонт дарог, мастоў, трубаправодаў, электрастанцый.

Умоўна, усё, што можа яшчэ нейкі час, што называецца, на соплях працаваць, – кажа эканаміст. – Далей пытанне: за кошт каго яшчэ скарачаць выдаткі? Каму не даць грошай? Чыноўнікам? Настаўнікам? Арміі?

«Барацьба міністэрстваў і ўстановаў за бюджэт узмоцніцца. Цікава будзе паглядзець, хто каго перагуляе», – адзначае Кавалкін. – Калі ж пачнуць скарачаць заробкі бюджэтнікаў, то гэта будзе азначаць, што сітуацыя зусім патавая. Дарэчы, медыкам кавідныя надбаўкі пачалі скарачаць – відавочна, сітуацыя ўжо даволі балючая».

«Але скарачаць усё роўна давядзецца, паколькі краіна пад санкцыямі з тым знешнегандлёвым сальда, якое ёсць цяпер, і з тымі завінавачанасцямі, якія ёсць цяпер, і прагнозамі, доўга з мінусам у бюджэце без якіх бы там ні было ўзрушэнняў жыць не можа. Калі такі мінус будзе заставацца доўга, то гэта прывядзе да дэвальвацыі і інфляцыі», – кажа эксперт.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках