25 красавiка 2024, Чацвер, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Дылеўскі: Наша галоўная задача – каб станкі не працавалі

10
Сяргей Дылеўскі: Наша галоўная задача – каб станкі не працавалі
Фота: ТАСС

Каб абараніць людзей, трэба патрабаваць ад МАП увядзення санкцый супраць Лукашэнкі.

Журналісты "Настоящего времени" пагутарылі з Сяргеем Дылеўскім – лідарам Беларускага аб'яднання працоўных (БОР). Сяргею яшчэ год таму давялося з'ехаць з Беларусі, але ён спадзяецца, што зможа падрыхтаваць у краіне новы страйк. Лідар Беларускага аб'яднання працоўных расказаў, што такое перадстрайкавы стан, да якога ён заклікаў, і як людзі змогуць выказаць пратэст і ўнікнуць рэпрэсій.

"Каб людзі засталіся дома, з'ехалі з горада"

– Сяргей, вы рэальна цяпер дапускаеце, што працоўныя, службоўцы могуць абвесціць страйк і спыніць працу?

– Мы не дапускаем, мы цвёрда ў гэтым перакананыя. Праца праведзеная велізарная на сёння. Нашу ініцыятыву, Беларускага аб'яднання працоўных, падтрымлівае велізарная колькасць працаўнікоў беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, сферы прыватнага бізнэсу, медыкі, выкладнікі, спартоўцы – ды, у прынцыпе, усё.

– Вялікая колькасць – гэта колькі?

– Я, напэўна, у інтарэсах [людзей] у святле апошніх падзей не буду выдаваць лічбы канкрэтныя, не буду вам казаць пра пэўныя заводы – зноў жа, з меркаванняў бяспекі людзей, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Якія на працоўных месцах і якія тэарэтычна могуць пацярпець ад рэпрэсіяў.

– Ведаеце, чаго я не разумею: здарыцца гэты страйк, людзі сапраўды перастануць працаваць – але іх жа, мяркуючы з мінулага года, проста будуць затрымліваць, саджаць, даваць новыя тэрміны?

– У адрозненне ад мінулага года мы не збіраемся заклікаць людзей збірацца на маршы пратэсту, блакаваць цэхі і гэтак далей. Наша галоўная задача, каб працоўныя фізічна не прыступілі да сваёй працы. Каб яны проста засталіся дома, з'ехалі з горада – каб станкі, за якімі працуюць людзі, якія не круціліся, каб станкі не працавалі. Наша галоўная задача – ударыць па рэжыме менавіта эканамічна і іміджава.

– Ну, не выйдуць, з'едуць з горада. А потым вернуцца – і іх затрымаюць?

– А за што?

– Вы ведаеце, мне здаецца, у Беларусі не так ужо складана знайсці артыкул, паводле якога можна затрымаць і пасадзіць.

– Летась людзей затрымлівалі за так званыя несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Тое, што прапануем мы, несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам называцца не можа ў любым выпадку. Таму што гэта свядома прынятая пастанова чалавека не прыступіць да працы – вось і ўсё.

"Перадстрайк" і інфармаванне

– Што такое "перадстрайк", пра які вы кажаце? Як гэта будзе працаваць або ўжо працуе?

– Гэта ўжо працуе. Гэта агульная мабілізацыя людзей, то-бок канкрэтна фізічная, фінансавая падрыхтоўка людзей. Адукацыя – як бязбольна максімальна для сябе і для сваіх блізкіх падрыхтавацца і правесці гэты страйк, асабіста для кожнага чалавека. Гэта інфармацыйная велізарная праца, якая ўжо на сёння праводзіцца, як вы бачылі і як вы правільна заўважылі ў сябе ў эфіры. То-бок гэта комплекс мерапрыемстваў, які накіраваны менавіта на мабілізацыю працоўных перад аб'явай.

– А што такое фізічная і фінансавая падтрымка?

– Гэта тыя ж адукацыйныя моманты: як набыць прадуктаў, каб мінімізаваць тыя ж выхады на вуліцу, каб мінімізаваць скрыжаванне магчымае з сілавікамі і гэтак далей. Фінансавая падтрымка – утварэнне тых жа страйкавых касаў, касаў узаемадапамогі паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і гэтак далей. То-бок гэта цэлы комплекс захадаў, пра якія можна расказваць гадзінамі.

"Патрабаванні нават не да Лукашэнкі, а да ягонага найбліжэйшага атачэння"

– Сяргей, ці правільна я разумею логіку: вы вылучылі шэраг патрабаванняў да Лукашэнкі, і калі ён іх не выконвае, тады вы маеце намер распачаць страйк. Так?

– Вядома. Патрабаванні накіраваныя ў першую чаргу нават не да Лукашэнкі, а да ўсёй так званай улады ў Беларусі ў цэлым. Гэта значыць патрабаванні накіраваныя не да чалавека, які не здольны цвяроза думаць і разумна ацэньваць становішча, што адбываецца ў краіне, не да чалавека, які сябе абсалютна зжыў і чые, у прынцыпе, загады і распараджэнні грунтуюцца толькі на хворай фантазіі, блефе і неўсведамленні таго, што адбываецца ў краіне, – а менавіта да ягонага атачэння, да ягонага найбліжэйшага атачэння.

– Тэрміны нейкія ставіце?

– Мы не называем канкрэтных тэрмінаў – яшчэ раз паўтаруся, з меркаванняў асабістай бяспекі кожнага патэнцыйнага страйкоўца грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

– А як гэта павінна адбыцца? Асяродак Лукашэнкі ці сам Лукашэнка, хутчэй за ўсё, мяркуючы зноў-такі з досведу, не выканае гэтыя патрабаванні. І калі пачнецца гэты страйк? Як [людзі] зразумеюць, што ўжо пачалося?

– Скажам так, яны зразумеюць. Яны зразумеюць.

– Што вам вядома пра затрыманых у апошнія дні?

– Так, сапраўды, былі ў апошнія дні факты затрымання. Гэта былі супрацоўнікі "Гродна Азота", БЧ. Большасць, па-мойму, афіцыйна ўважаюцца за чальцоў незалежных прафесійных звязаў так званых. І тут вялікае пытанне да кіраўнікоў гэтых незалежных прафзвязаў, якія яшчэ летась змагаліся за тое, каб ні ў якім разе не ўводзіць санкцыі: "Мы абаронім кожнага" і гэтак далей. Я на сёння вельмі хачу заклікаць асабіста таварыша Ярашука, з якім размаўляў непасрэдна, як цяпер з вамі, які абяцаў, што кожны супрацоўнік з ягонага незалежнага прафзвязу захавае за сабой працоўнае месца, кожны будзе ім абаронены. Я хацеў бы звярнуцца ў гэтым плане менавіта паводле факту нядаўніх затрыманняў менавіта да гэтага таварыша: змагайцеся за сваіх людзей!

– Ну, а як змагацца? У вас ёсць рэцэпт?

– Летась ён казаў, што ў яго ёсць рэцэпт.

– Давайце адыдзем ад ягонай асобы. Затрыманыя ўжо на гэты момант 17 чалавек, імёны шаснаццаці вядомыя. Як за іх змагацца?

– Няхай звяртаецца – як чалавек, які мае доступ у колы Міжнароднага аб'яднання працаўнікоў, у так званы МАП. Хай пішуць звароты, хай патрабуюць увядзення санкцый праз парушэнні правоў працоўных.

– Вам вядомы паспяховы выпадак такой барацьбы, які закончыўся б вызваленнем затрыманага?

– Вядома! Такія прыклады былі нават у Беларусі яшчэ ў 2010 годзе, калі ўведзеныя Еўропай санкцыі наўпрост паўплывалі на вызваленне палітычных зняволеных у краіне.

– А ў 2020-м, 2021 годзе вядомыя такія выпадкі?

– У 2020–2021 гадах пакуль такіх выпадкаў не было. Ёсць нібыта такі "хмарны гандаль", нейкія там спісы памілавання і іншая брахня. Спробы гандлю менавіта хунты, менавіта дыктатара з Еўропай. Гэта не было ўсвядомленае вызваленне людзей, гэта былі менавіта спробы гандлю.

– Проста пасля ўсяго таго, што здарылася за год: жорсткі ўціск пратэстаў, ключавыя людзі ў апазіцыі сядзяць ці былі вымушаныя выехаць з Беларусі, справы распачынаюцца кожны дзень, прысуды кожны дзень выносяцца, – ужо проста няма сілаў чытаць гэтыя стужкі навінаў. Ці можна арганізаваць такі страйк, каб зноў не пачаўся гэты махавік рэпрэсій?

– Натуральна, можна. Калі мы не будзем сядзець і чытаць проста на канапах дома, забіўшыся ў кут, стужкі навінаў, а пачнем дзейнічаць, калі кожны беларус для сябе ўсвядоміць, што лепш у краіне не стане нічога, калі гэты канкрэтны чалавек пачне дзейнічаць. У нас усё атрымаецца. Проста не можа не атрымацца.

"Лёгка табе за мяжой гаварыць"

– Сяргей, а ці чулі вы на свой адрас такія словы, калі вы размаўляеце з людзьмі, "ну, добра ж табе, ты ж за мяжой, а сядзець тут нам, калі што"?

– Вядома, чуў.

– Што адказваеце?

– Я скажу так: седзячы нават за мяжой, я зрабіў для Беларусі на сёння нашмат больш, чым большасць такіх крытыкаў, якія кажуць, што "лёгка там табе з-за мяжы гаварыць". Са свайго боку я зрабіў нашмат больш за іх. І паверце мне, такіх людзей, як я, нават за мяжой дзясяткі тысячаў – людзей, гатовых вярнуцца ў любы момант у краіну. Людзей, гатовых у любы момант пачаць аднаўляць, падымаць з каленяў гэтую краіну пасля сыходу ўлады.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках