19 красавiка 2024, Пятніца, 3:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады ЗША дазволілі Каламойскаму прадаць нерухомасць, каб разлічыцца ў пазыках

Улады ЗША дазволілі Каламойскаму прадаць нерухомасць, каб разлічыцца ў пазыках
ІГАР КАЛАМОЙСКІ

Нерухомасць знаходзіцца ў Тэхасе.

22 верасня федэральная акруговая суддзя ЗША Марсія Кук дазволіла кампаніі ўкраінскага бізнэсоўца Ігара Каламойскага прадаць у Даласе (штат Тэхас) будынак, запазычанасць за які на стан 16 верасня перавысіла $ 425 тыс. Пра гэта 23 верасня паведаміла "Радіо Свобода".

Пазыкі за будынак датычацца падатку на нерухомасць, пені і выплатаў на карысць мясцовай супольнасці.

Дазвол на продаж даў мінюст ЗША.

Набыць будынак за $ 23,3 млн пагадзілася кампанія нерухомасці Centurion American, пазначана ў дакументах. Угода будзе канчаткова аформленая 27 верасня.

"Радіо Свобода" адзначае, што грошы, якія засталіся пасля выплаты пазык і падаткаў, размесцяць на дэпазітны рахунак, якім да заканчэння судовага разбору ў дачыненні да Каламойскага будзе кіраваць урад ЗША.

Нерухомасць кампаніі Каламойскага ў Тэхасе не занятая і таму не можа атрымліваць прыбытак для пакрыцця выдаткаў на ўтрыманне, выплату падаткаў і розныя ўнёскі.

Кантэкст:

Каламойскі ўваходзіць у дзясятку найбагацейшых украінцаў. Часопіс "Forbes Украіна" ў 2020 годзе ацэньваў ягоную маёмасць на $ 1 млрд (восьмае месца ў спісе самых багатых), часопіс НВ – на $ 1,18 млрд (шостае месца).

Міністэрства юстыцыі ЗША ў жніўні 2020 г. падало супраць Каламойскага і ўкраінскага бізнэсоўца Генадзя Багалюбава два грамадзянскія пазовы, у якіх абвінаваціла бізнэсмэнаў у адмыванні сродкаў "Прыватбанка". Мінюст патрабуе канфіскацыі аб'ектаў нерухомасці, набытых імі на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Ацэнкавы кошт нерухомасці, якую хочуць канфіскаваць, – блізу $ 70 млн. Гаворка ідзе пра офісную вежу ў Луісвілі (штат Кентукі), вядомую як PNC Plaza, і офісны парк у Даласе (Тэхас), вядомы як былая штаб-кватэра кампаніі CompuCom.

Каламойскі адмаўляў абвінавачванні мінюста ЗША ў адмыванні грошай "Прыватбанка". "Усе інвестыцыі ў ЗША былі зробленыя з уласных сродкаў, атрыманых у 2007–2008 гадах праз дамову з кампаніяй Еўраз, і з прыбыткаў іншых бізнэсаў, якія захоўваліся ў Прыватбанку", – казаў бізнэсмэн.

Да канца года мінюст ЗША падаў яшчэ адзін грамадзянскі пазоў супраць бізнэсмэнаў. У ім сцвярджаецца, што камерцыйная нерухомасць у Кліўлендзе, штат Агаё, "была набытая з выкарыстаннем сродкаў, незаконна прысвоеных ў Прыватбанка ва Украіне з дапамогай шматмільярднай даляравай крэдытнай схемы".

У сакавіку 2021 года ЗША ўвялі санкцыі супраць Каламойскага і чальцоў ягонай сям'і.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках