28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Уначы, у цемры, у мяшках выносяць целы ў морг»: у Беларусі лютуе каранавірус

157
«Уначы, у цемры, у мяшках выносяць целы ў морг»: у Беларусі лютуе каранавірус
ФОТА: REUTERS

Што распавялі медыкі і пацыенты з Менска, Берасця і Віцебска.

У Беларусь прыйшла чацвёртая хваля каранавіруса. Міністэрства аховы здароўя паведамляе аб рэкордных лічбах хворых за дзень, аднак адмаўляе надзвычайнае становішча.

«Белсат» спытаў чытачоў, як, з іх назіранняў, выглядае сітуацыя з COVID-19 у краіне.

Менск

Пацыенты паліклінікі №39 у Менску скардзяцца на велізарныя чэргі і нежаданне медыкаў рабіць тэсты на каранавірус тым, хто быў у кантакце.

- Да лекара трапіла толькі на другі дзень, бо ў паліклініцы вялікія чэргі. Зрабілі тэст, вынік станоўчы, але ў маёй сям'і тэст адмовіліся браць, сказалі, што робяць гэта толькі па паказаннях.

Неахвотна ў паліклініцы робяць тэсты і тым, у каго ёсць сімптомы.

- Праз нейкі час захварэла і мая мама, мы выклікалі лекара дадому. Доктар прыйшоў, прызначыў лячэнне як хворым на каранавірус і сказаў, што ў першы працоўны дзень прыедуць і возьмуць тэст. Прайшло тры дні, але так ніхто і не прыйшоў да нас. Мы патэлефанавалі ў паліклініку - звестак на ўзяцце тэсту ў нас ніхто не перадаваў. Тэлефанавалі яшчэ потым, і ўвесь час нам давалі нумары, па якіх ніхто не адказвае, а ў даведачнай службе ніхто нічога не ведаў і не мог нам дапамагчы. Выходзіць такая сітуацыя, што пенсіянераў лячыць не трэба, яны не цікавыя нікому. У выніку тэст узялі толькі тады, калі я змагла датэлефанавацца і пасварыцца з імі.

Іншыя чытачы скардзяцца, што хворым школьнікам не робяць тэстаў на каранавірус. Дзяцей проста адпраўляюць на звычайны лісток непрацаздольнасці, а калі праходзіць тэмпература, яго закрываюць.

- Спярша захварэла пляменніца, якая вучыцца ў чацвёртым класе. Мабыць, са школы яна і прынесла хваробу. У школе ніякіх антыковідных захадў з тымі, хто быў у кантакце, не робяць. Але шмат хто з дзяцей «прастылі». Лекары пішуць усім вострую рэспіратарную вірусную інфекцыю (ВРВІ), дзяцей проста адпраўляюць на некалькі дзён дадому, але тэсты на каранавірус не праводзяцца. Калі праходзіць тэмпература - адпраўляюць у школу.

Пасля гэтага захварэла маці. Тэмпературы не было, хваробу перанесла лёгка, але запатрабавала зрабіць тэст. Аб станоўчым выніку спачатку ніяк не паведамілі, яна прыйшла на прыём, сядзела ў агульнай чарзе. І толькі на прыёме лекарка сказала, што тэст станоўчы. Пасля гэтага ўжо зрабілі тэст пляменніцы - таксама станоўчы, хоць яе ўжо адпраўлялі назад у школу, бо тэмпературы не было.

У выніку людзі хварэюць сем'ямі.

- Потым захварэла сястра. Учора ёй рабілі КТ. Як і ў маці, у яе 20% паразы лёгкіх. Ніякай самаізаляцыі блізкім лекары не прапаноўваюць нават. Могуць параіць пасядзець тыдзень дома, аднак лісток непрацаздольнасці на гэта не даюць. З працай у гэтым выпадку развязаць пытанне вельмі складана. Бацька прадаўжае хадзіць на працу, бо ў яго няма сімптомаў.

Берасце

Чытачы з Берасця паведамляюць пра вялікую колькасць памерлых ад каранавіруса, якіх уначы таемна выносяць з палат.

- Берасцейская абласная лякарня перапоўненая, людзі ляжаць у калідорах, кіслароду бракуе. Мой бацька ляжыць у інфекцыйным аддзяленні. З ягоных слоў, уначы ў цемры ў мяшках выносяць целы памерлых у морг. Знаёмая медсястра пацвердзіла, што быў адпаведны загад кіраўніцтва, каб не падымаць панікі сярод хворых, - піша чытач belsat.eu.

Вялізныя чэргі назіраюцца і ў мясцовых паліклініках.

- Брат захварэў у суботу, 11 верасня. У панядзелак пайшоў у паліклініку, але, правёўшы некалькі гадзін у чарзе, вярнуўся дадому. Давялося патэлефанаваць на працу і напісаць заяву за свой кошт. У аўторак ён прыйшоў раней, каб заняць чаргу. І толькі праз 4,5 гадзіны ў яго змаглі ўзяць мазок, які даў станоўчы вынік. Чэргі проста велізарныя, і лекары з імі не спраўляюцца.

Віцебск

Чытачы з Віцебска сцвярджаюць, што лекары не звяртаюць увагі на адсутнасць нюху і смаку ў хворых, а знойдзеныя на КТ плеўрыт і пнеўмафіброз пазначаюць як ВРВІ.

- Мы захварэлі разам з маім хлопцам яшчэ 6 верасня. Былі звычайныя сімптомы: тэмпература, балела горла, быў насмарк. 7-га я паехала ў паліклініку, у мяне ўзялі мазок на каранавірус і аформілі лісток непрацаздольнасці. Мой хлопец на бальнічны не пайшоў, бо працуе з дому, але лячыўся разам са мной. У выніку мой тэст апынуўся адмоўным, мне закрылі лісток непрацаздольнасці, і я вярнулася на вучобу.

Недзе праз тыдзень мой хлопец перастаў адчуваць пахі, тэмпература ў яго не спадала і з'явіліся болі ў грудзях, таму мы выклікалі «хуткую». Яго паслухалі, зрабілі ЭКГ, праверылі ўзровень кіслароду і вымералі ціск. Болі ў грудзях спісалі на працяглую павышаную тэмпературу і параілі не ехаць рабіць КТ у інфекцыйную лякарню, бо там вялікія чэргі і яшчэ больш шанцаў заразіцца. Паслухалі і мае лёгкія - заўважылі хрыпы.

На наступны дзень у дзяўчыны паднялася тэмпература і з'явіліся болі ў грудзях. У паліклініцы жыхарцы Віцебска зноў адкрылі бальнічны, прызначылі антыбіётыкі, аднак КТ не сталі рабіць.

- Цягам тыдня мне не стала лепш, я таксама перастала адчуваць пахі, таму я паехала рабіць КТ у тубдыспансер. На КТ знайшлі плеўрыт і пнеўмафіброз з правага боку, сказалі, што гэта пройдзе, але ў дыягназе напісалі проста ВРВІ. У дыспансеры не зрабілі ПЛР-тэсту, а толькі спыталі, калі я яго рабіла. Я сказала, што 7 верасня. На гэтым усё. Хоць зразумела, што ў нас з хлопцам каранавірус, але ніякіх запісаў нідзе пра гэта не зрабілі. Проста ВРВІ.

Дзяўчына заўважае, што ў Віцебску таксама няма свабодных месцаў у лякарнях для хворых на COVID-19:

- Калі я там сядзела ў чарзе на КТ, побач быў мужчына, у якога выявілі каранавірус. Лекарка тэлефанавала камусьці праз тэлефон і цікавілася, куды яго падзець, бо ўсе лякарні занятыя і месцаў няма. Але, як я зразумела, ёй параілі адправіць мужчыну лячыцца дадому, хоць у яго была пнеўманія.

Напісаць каментар 157

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках