24 красавiка 2024, Серада, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт Brent абнавіў максімум за тры гады

Кошт Brent абнавіў максімум за тры гады

Самым важным фактарам для энэргетычных рынкаў становіцца надвор'е.

Рынак нафты пасля двух месяцаў карэкцыі са спробамі сысці ніжэй за 70 даляраў за барэль зноў увайшоў у рэжым набору вышыні.

На таргах у пятніцу кошт маркі Brent упершыню з кастрычніка 2018 года падняўся вышэй за 78 даляраў за барэль, завяршаючы ў плюсе трэці тыдзень запар, піша finznz.ru.

На 19.50 паводле Менска лістападаўскія ф'ючэрсы на паўночнаморскі гатунак прадаюцца па 77,96 даляра за барэль, дадаючы 0,93%, і знаходзяцца на адлегласці 8 даляраў ад піка з 2014 года.

Кантракты на WTI заключаюцца па 73,97 даляра за бочку (+0,91%) - усяго на 3 даляры ніжэй, чым трэба, каб абнавіць 7-гадовы рэкорд.

Завяршыўшы жнівень моцным падзеннем за 10 месяцаў, рынак нафты адскочыў на 9% з пачатку верасня, накіраваўшыся наўздагон за катыроўкамі газу і вугалю.

«Самым важным фактарам для энэргетычных рынкаў хутка становіцца надвор'е», - адзначае стратэг BofA Global Commodity Research Франсіска Бланш.

Паўночнае паўшар'е сустракае зіму з рэкордна нізкімі запасамі газу і беспрэцэдэнтнымі коштамі, якія ў Азіі перавышалі 1000 даляраў за тысячу кубаметраў, а ў Еўропе - ледзь не дайшлі да гэтай адзнакі.

Дарагі газ павысіў попыт на іншыя, больш даступныя, крыніцы энэргіі, у тым ліку вугаль, кошт якога ў Еўропе дасягнуў 13-гадовага максімуму: кантракты на 2022 год падпісваліся па 137 даляраў за тону, хоць яшчэ два месяцы таму каштавалі танней за 70.

Знаходзячыся пад пагрозай энэргетычнага крызісу, краінам ЕЗ, магчыма, прыйдзецца гэтай зімой тапіць мазутам, уважае Бланш: гэта павялічыць попыт на нафту на 2 млн барэляў у дзень, асабліва калі зіма будзе халаднейшай за кліматычную норму.

Пачаць «паліць нафтай», як уважае Бланш, могуць таксама прамысловыя прадпрыемствы і некаторыя НПЗ, што яшчэ больш павялічыць патрэбу ў барэлях і можа штурхнуць цану да адзнакі 100.

На перспектыву павышанага попыту накладваецца нечаканы форс-мажор па здабычы: пасля ўрагану «Іда», які ўдарыў па паўднёва-ўсходніх Штатам ЗША, у Мексіканскім заліве працягваюць прастойваць дзясяткі буравых платформаў. З 11,5 млн барэляў у дзень амерыканская здабыча падала да 10 млн у пачатку верасня, і аднавіць атрымалася менш за палову - да 10,6 млн барэляў у дзень.

Сітуацыя з пастаўкамі прыкметна пагоршылася, адзначае аналітык Price Futures Group Філ Флін: запасы нафты ў камерцыйных сховішчах ЗША падаюць 8 тыдняў запар, а іх агульны памер ужо на 21% ніжэйшы за сярэдняе значэнне за папярэднія пяць гадоў.

Дэфіцыт газу ў Еўропе павялічыць попыт на нафту як альтэрнатыўную крыніцу паліва - прычым маштабы гэтага попыту будуць вышэйшыя, чым магчымая прасадка праз распаўсюд «дэльта»-штама Covdi-19, згодныя з BofA аналітыкі Goldman Sachs.

Паводле іх ацэнкі, краінам ЕЗ можа спатрэбіцца да 0,9 млн барэляў у дзень дадатковых паставак, а Азіі - яшчэ 0,6 млн барэляў, што можа адвезці цану Brent да 90 даляраў за бочку.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках