18 красавiка 2024, Чацвер, 6:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер паказаў, як выглядаў сапраўдны СССР на фота 1980-х

132
Блогер паказаў, як выглядаў сапраўдны СССР на фота 1980-х

У некага ёсць жаданне вярнуцца ў такую краіну?

Нягледзячы на тое, што ў познім СССР на руках у насельніцтва было даволі шмат фотаапаратаў, сцэны навакольнага жыцця (побыт, крамы і г.д.) здымаў мала хто – стужкавая здымка была дарагім і працаёмкім задавальненнем, і 24 альбо 36 кадраў дэфіцытнай стужкі людзі хацелі выдаткаваць на здымкі групавых і адзіночных партрэтаў, піша папулярны беларускі блогер Максім Міровіч.

Тым не менш існаваў пласт прафесійных фатографаў, хто шмат здымаў навакольную рэчаіснасць, каб захаваць яе для нашчадкаў. Менавіта такія фотаздымкі звычайнага побытавага жыцця могуць цяпер лепш за ўсё апавесці пра рэальнае жыццё ў СССР.

У сённяшнім пасце мы паглядзім на фотападборку ад тульскага фатографа Андрэя Лыжанкова – Андрэй працаваў у асноўным у жанры чорна-белай рэпартажнай фатаграфіі і паспеў зняць шмат цікавага пра жыццё ў апошнія гады СССР.

1984 г., навагодні ранішнік. На заднім плане вісіць вялізная дошка "Палітбюро ЦК КПСС" і нешта там яшчэ пра партыю. У той час гэта здавалася нармальным, цяпер гэта ўспрымаецца як форменны ідыятызм – ідэалогію дзецям навязвалі з ранняга дзяцінства, і ў гульнявым пакоі на сцяне віселі не малюнкі ката Леапольда і Снягуркі, а партрэты старых дзядзькоў з палітбюро.

Камісія ў ваенкамаце. Гэта 1988 год, калі яшчэ ішла вайна ў Афганістане – і на фота Андрэя адчуваецца тая нервовая атмасфера, якая панавала ў ваенкаматах.

Цэнтральная плошча ў Туле, канец васьмідзясятых гадоў. Тут нават каментаваць нічога не трэба – выдатны ракурс і кампазіцыя. "Вольнае" за кратамі, якія ахоўваюцца пільнымі вартавымі)

Мая любімая фотка ўсёй серыі. "Пастановы КПСС выканаем" на фоне нейкіх руінаў і смецця.

Калонія ў Алексіне, 1990 год. На сцяне газета "Правда" з вар'яцкай цытатай Леніна – "Савецкая ўлада ёсць шлях да сацыялізму, знойдзены масамі працоўных, і таму слушны, і таму непераможны". Гэта як сказаць, напрыклад – "алкагалізм ёсць шлях да вечнага жыцця, знойдзены масамі працоўных, і таму слушны, і таму непераможны".

Калі ўдумацца – сярод вось такога абсурду краіна жыла амаль 80 гадоў.

Тульская вобласць, абласная лякарня. Жорсткі панцырны ложак, старая мэбля, але затое ёсць партрэт Леніна на сцяне.

Лякарня хуткай дапамогі, Тула, 1985 год. Ложкі ўпрытык адзін да аднаго, старая зношаная мэбля, груба пазбіваная тумбачка, пакрытая газетай...

1988 год, Тула, калгасніца на пенсіі. Скажыце, вы бачыце на фота тое самае "багатае савецкае жыццё", пра якое так любяць распінацца фанаты СССР? Асабіста я бачу крайнюю беднасць.

Вясковая настаўніца на пенсіі. Несамавіты пакрыўлены дамок, які вось-вось разваліцца, стары плот. Мабыць, вясковая настаўніца надумала адмовіцца ад пяціпакаёвай кватэры, якую ёй цалкам бясплатна хацела даць савецкая ўлада (як пра гэта любяць расказваць фанаты саўка).

Тульская вобласць, хлопчык з роварам. Часам "шчаслівае савецкае дзяцінства" выглядала вось так.

Ускраіна Тулы, пасёлак пад назвай "Бытоўкі". 1989 год. Вось гэтая зямлянка як з фільмаў пра вайну – нечы дом. Усярэдзіне няма вады – яе даводзіцца насіць вёдрамі. Звычайна такія фотаздымкі фанаты СССР любяць каментаваць так – "краіна ўсяго 40 гадоў таму акрыяла ад разбуральнай вайны, чаго вы хочаце?".

Воінскае пахаванне. Малады хлопец на помніку на заднім плане яўна загінуў у Афганістане...

Жаночы ЛПП. Краіна бадзёра рапартавалі пра "новыя перамогі над алкагалізмам", пры гэтым колькасць ЛПП і выцвярэзнікаў толькі расла год ад году. Пра савецкія выцвярэзнікі я ўжо пісаў, як-небудзь напішу пра ЛПП – там была тая яшчэ жудасць і канцлагер.

Чарга па хлеб. "Масы працоўных", апетыя Леніным, стаяць у даўжэзнай чарзе па самы просты прадукт.

Сельская крама. Можаце прыкладна ацаніць асартымент тавараў у познім Саюзе.

Такія справы. А чым вам запомніліся васьмідзясятыя гады ў СССР?

Напішыце ў каментарах, цікава.

Напісаць каментар 132

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках