19 красавiка 2024, Пятніца, 17:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што зменіцца для беларусаў у кастрычніку

2
Што зменіцца для беларусаў у кастрычніку

Многія новаўвядзенні адаб'юцца на таўшчыні кашалькоў грамадзян.

Здаецца, восень сёлета наважыла адыграцца за мінулы год і пачалася адразу з лістапада. Але не расслабляйцеся ў чаканні калядных святаў і глінтвейну, што сагравае душу - спачатку давядзецца перажыць кастрычнік з яго новаўвядзеннямі.

Onlíner распавядае пра будучыя змены і радуецца, што паведамляе такія навіны не ў Сярэднявеччы.

Інтэрнэт ад «Белтэлекам» стане даражэйшым

З 1 кастрычніка аператар падыме тарыфы ў «межах 4%» на ўсе тарыфныя планы, акрамя пакетных прапаноў «Ясна», «Сямейны» і «Бізнэс-кейс». З новымі тарыфамі можна азнаёміцца па спасылцы.

Для прыкладу возьмем папулярную лінейку «Рэкорд». Так, «Рэкорд 10» замест 19,8 рубля ў месяц будзе каштаваць 20,6, «Рэкорд 25» - 22,62 замест 21,8, «Рэкорд 50 new» - 27 рублёў замест 26, а «Рэкорд 200» - 45 рублёў замест 43,6.

Паднімуцца кошты мабільнай сувязі

З 1 кастрычніка ў А1 падаражэе абаненцкая плата на тарыфных планах для фізічных і юрыдычных асоб, кошт выклікаў на некаторых тарыфных планах, роўмінг і міжнародныя выклікі, а таксама тарыфы на некаторыя іншыя паслугі. Павышэнне кошту асноўных паслуг мабільнай сувязі складзе ў сярэднім 4%.

МТС таксама павялічыць з 1 кастрычніка на 4% тарыфы для фізічных асоб і юрыдычных асоб. З новымі тарыфамі можна азнаёміцца па спасылцы.

Некаторым прадпрымальнікам давядзецца купіць касу

З 10 кастрычніка некаторыя прадпрымальнікі абавязаныя абзавесціся касавымі апаратамі альбо праграмнымі касамі. За іх адсутнасць можна будзе атрымаць штраф да 100 базавых велічынь, а юрыдычнай асобе - да 200 базавых велічынь.

Сярод такіх «шчасліўчыкаў» - гандляры нехарчовымі таварамі на кірмашах і рынках, прадаўцы садавіны-агародніны ў ларках і палатках, рэпетытары, што навучаюць непаўналетніх, і прадпрымальнікі, якія здаюць жыллё ў арэнду, а таксама працуюць па-за пастаяннага месца сваёй дзейнасці (акрамя сельскай мясцовасці).

Новаўвядзенні закрануць ІП і арганізацыі. То бок, калі вы працуеце рэпетытарам паводле самазанятасці, каса для вас неабавязковая. Касы не спатрэбяцца таксама фізічным асобам, якія не зарэгістраваныя ў якасці ІП і здаюць уласнае жыллё для пражывання на кароткія тэрміны з выплатай адзінага падатку. Тое ж самае з фізічнымі асобамі (не ІП), якія здаюць іншым фізічным асобам у арэнду, субарэнду і наём памяшканні, машына-месцы на тэрыторыі Беларусі з выплатай падаходнага падатку.

Восеньскі набор пачнецца раней

Гэтай восенню навабранцы ў Менску пойдуць служыць амаль на месяц раней - з 25 кастрычніка да 5 лістапада. Але змены закрануць не ўсіх: ва ўнутраныя войскі МУС, памежны камітэт і КДБ адправяць як звычайна - з 15 да 30 лістапада.

Падаражэюць цыгарэты

Як звычайна, першага дня кожнага месяца беларускія вытворцы і імпарцёры цыгарэт размяшчаюць максімальныя раздробныя кошты на сайце МПЗ. Як правіла, кошты вырастаюць на 5-15 капеек.

З 1 кастрычніка гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» павышае на 10 капеек цэны на некаторыя віды Pall Mall і Vogue, на 4-10 капеек - на Kent, на 9-15 капеек - на Rothmans.

«Тытунь-інвест» падымае на 5 капеек цэны на LD Compact Lounge і цыгарэты Richmond, на 10 капеек - на некаторыя тыпы цыгарэт Monte Carlo і Sobranie, на 4-10 капеек - на Camel і Winston.

У «Беларусьгандля» на 10 капеек падаражэюць Vogue, Dunhill, Pall Mall Nano Blue, на 15 капеек - Rothmans Mix 3 in 1.

Зноў пералічаць «дармаедаў»

Нагадаем, у Беларусі кожны квартал пералічваюць «дармаедаў» - людзей, якія без паважных прычын (пенсія, дэкрэтны адпачынак, інваліднасць і т. д.) не занятыя ў эканоміцы.

Каб не трапіць у гэты спіс, трэба адправіць у органы занятасці дакументы, якія пацвярджаюць, што вы не «дармаед», да 21 кастрычніка. Нагадаем, іх прымаюць да 21 студзеня, 21 красавіка, 21 ліпеня і 21 кастрычніка.

«Дармаеды» з базы, у якіх ва ўласнасці жыллё, будуць плаціць поўныя тарыфы на гарачую ваду, ацяпленне і газ. «Недармаеды» пакуль аплачваюць субсідаваныя тарыфы - крыху менш за 90% кошту «камуналкі».

Вонкавую рэкламу трэба будзе ўзгадняць

Цяпер утрыманне банэраў, білбордаў і рэкламы на транспарце трэба будзе ўзгадняць з мясцовымі ўладамі (раней абыходзіліся без гэтага). Гэтыя новаўвядзенні прапісаны ў дэкрэце ад 6 ліпеня, які ўваходзіць у дзеянне праз 3 месяцы. Гэта значыць, па логіцы, з 7 кастрычніка.

Невялікае паслабленне атрымлівае толькі рэклама на транспарце. Без узгаднення можна будзе размяшчаць на аўто інфармацыю пра перавозчыка, уладальніка гэтага МС, таварных знакаў або знакаў абслугоўвання, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння тавараў, работ або паслуг. Таксама дазваляецца размяшчэнне абвестак аб продажы транспарту ці нумары дыспетчара таксі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках