28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Фрыдман: Пасля выбараў палітыка Нямеччыны ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі можа змяніцца

8
Аляксандр Фрыдман: Пасля выбараў палітыка Нямеччыны ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі можа змяніцца
Александр Фридман
фото: Еврорадио

Пазіцыя Бэрліна стане больш жорсткай.

Гісторык Аляксандр Фрыдман у інтэрв'ю «Радыё Свабода» патлумачыў, чаму палітыка Нямеччыны на беларускім напрамку можа істотна змяніцца пасля абрання новага ўрада.

- Давайце спачатку абмяркуем магчымыя вынікі выбараў у нямецкі Бундэстаг, як яны выглядаюць па сацыялагічных звестках. Наколькі я разумею, найбольшы рэйтынг у сацыял-дэмакратаў, і цалкам магчыма, што ім удасца стварыць кааліцыю з «зялёнымі» і лібераламі. Наколькі магчымым з'яўляецца менавіта такі вынік?

- Такі вынік з'яўляецца цалкам магчымым. Сацыял-дэмакраты, згодна з самым апошнім апытаннем, з'яўляюцца лідарамі, але іх магчымая перамога не будзе ўпэўненай, блізу 25%. Хрысціянскія дэмакраты адстаюць ад іх усяго на 2-3%, так што ў гэтым сэнсе ўсё вельмі хістка.

Што тычыцца магчымай кааліцыі сацыял-дэмакратаў разам з лібераламі і «зялёнымі»... Праблема тут, мабыць у тым, што калі ўзяць зялёных і сацыял-дэмакратаў, то гэта натуральныя партнёры, якія ўжо падкрэслівалі, што хочуць працаваць разам.

Трохі цяжэй будзе дамовіцца з лібераламі са Свабоднай дэмакратычнай партыі, бо СДП традыцыйна супрацоўнічала з хрысціянскімі дэмакратамі. Сітуацыя можа скласціся так, што калі лібералы адмовяцца ад уваходу ў такую кааліцыю, то сацыял-дэмакраты і «зялёныя» могуць пайсці на кааліцыю з партыяй «Левыя».

- Чым бы вы растлумачылі феномен Ангелы Мэркель, якая кіравала Нямеччынай 16 гадоў, што даволі незвычайна для заходнееўрапейскай краіны? І тое, што цяпер яе партыя хрысціянскіх дэмакратаў не з'яўляецца лідарам гонкі, ці не азначае, што немцы трошкі стаміліся ад яе праўлення?

- Па-першае, калі паглядзець на нямецкую гісторыю, то Мэркель - гэта не першы чалавек, які так доўга знаходзіцца ва ўладзе. Іншыя канцлеры, прадстаўнікі хрысціянскіх дэмакратаў, таксама: Гельмут Коль правілаў 16 гадоў, Конрад Адэнаўэр - 14 гадоў, так што такая традыцыя прысутнічае.

Безумоўна, Мэркель была паспяховай канцлеркай, ёй удалося кансалідаваць грамадства, праводзіць узважаную палітыку, эканамічнае развіццё было станоўчым, і большасць насельніцтва было ёю задаволена. Немцы не стаміліся ад той палітыкі, якую яна праводзіла, але, магчыма, яны трошкі стаміліся ад самой Мэркель. Людзі хочуць, каб на чале краіны былі новыя асобы, гэта назіраецца.

- Нямеччына заўсёды праводзіла даволі актыўную палітыку ў дачыненні да незалежнай Беларусі. Пачынаючы ад місіі АБСЕ Віка да сустрэчы нарманскай чацвёркі ў Менску, да спробы Мэркель датэлефанавацца да Лукашэнкі ў жніўні 2020 года.

Чаму так атрымалася? Проста таму, што Нямеччына - самая магутная і аўтарытэтная краіна Еўразвязу ці Бэрлін мае нейкае асаблівае стаўленне да беларускай тэмы?

- У часы Мэркель Нямеччына набывала вагу ў Еўразвязе. І калі Брытанія пакінула Еўразвяз, Нямеччына і Францыя адназначна сталі асноўнымі краінамі Еўразвязу, якія і вырашаюць яго знешнюю палітыку.

Другі момант - гэта эканамічнае супрацоўніцтва, цесныя эканамічныя сувязі Нямеччыны з краінамі Усходняй Еўропы і постсавецкай прасторы.

І яшчэ адзін важкі момант для нямецкай палітыкі - гістарычна-маральны. Усходняя Еўропа - менавіта тыя тэрыторыі, якія падчас Другой сусветнай вайны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй і дзе нацысты праводзілі сваю злачынную палітыку генацыду.

Таму гістарычная адказнасць таксама ўплывае на нямецкую палітыку. Немцы, напрыклад, вельмі актыўна на ўзроўні дзяржавы і прыватных фондаў займаліся Чарнобыльскай праблематыкай.

- І ў гэтай актыўнай усходняй палітыцы многія абвінавачваюць Бэрлін у прарасейскай скіраванасці. Бо Нямеччына ў некаторых рэгіянальных канфліктах (напрыклад, расейска-ўкраінскім) спрабуе гуляць ролю «мадэратара», пасярэдніка, а не займае адназначна антырасейскую пазіцыю, як многія патрабавалі. Ці можна сказаць, што пры новым урадзе сацыял-дэмакратаў і «зялёных» гэта стаўленне можа змяніцца?

- Трэба ўлічваць наступнае. Нямеччына сапраўды мае цесныя сувязі і эканамічныя інтарэсы з Расеяй. Таму рэгіянальная палітыка, якую праводзіў урад Мэркель, была ў тым, каб не выйсці на канфлікт з Расеяй.

«Так, мы падтрымліваем дэмакратычны рух у Беларусі і Украіне, мы змагаемся за правы чалавека, але мы ведаем, што побач знаходзіцца Расея, і расейскія інтарэсы трэба ўлічваць».

Гэтае «ўлічванне інтарэсаў Расеі» асабліва ўзмацнілася пасля ўкраінскага крызісу. Да гэтага палітыка была значна больш адназначнай, немцы падтрымлівалі Еўрамайдан, падтрымлівалі празаходнія сілы ва Украіне, першапачаткова даволі моцна падтрымлівалі Парашэнку.

Але калі адбылася анэксія Крыма і вайна на Данбасе, гэта змяніла палітыку Бэрліна. Яна стала больш абачлівай, назіралася лінія на тое, каб не выйсці на новае супрацьстаянне з Расеяй.

І калі здарыліся беларускія падзеі, жнівень 2020 года, то палітыка Бэрліна была наступная: «мы супраць Лукашэнкі, ён павінен сысці, мы патрабуем вызвалення палітвязняў, уводзім санкцыі».

Але з іншага боку, і ў Бэрліне, і ў Парыжы яшчэ ў жніўні 2020 года вырашылі, што беларускі крызіс немагчыма развязаць без Расеі. І ўсё, што рабіла Мэркель (часам з Макронам, часам без Макрона) - гэта спробы дамовіцца з Масквой. Сесці з Крамлём за стол перамоў і знайсці нейкае выйсце, паважаючы інтарэсы Расеі.

Яны ж з заходняга боку заўсёды падкрэслівалі, што ніхто не збіраецца зацягваць Беларусь у сферу заходніх інтарэсаў, у заходнія саюзы. Усе разумеюць, што гэта зона інтарэсаў Масквы. Ніхто не будзе імкнуцца выкінуць Маскву з Беларусі. Але ж трэба вырашаць праблему. Маўляў, хай гэта будзе іншы прарасейскі кіраўнік - але не Лукашэнка з яго выхадкамі і жорсткасцю.

- Але ж гэтая пазіцыя не прынесла таго выніку, на які была разлічаная. Пуцін сам прызнаваўся, што яму заходнія лідары кажуць паўплываць на Лукашэнку, а ён кажа ім - размаўляйце з самім Лукашэнкам.

Ці не здаецца, што такая нямецкая стратэгія ўперлася ў пэўны тупік? І ці магчыма, што новы ўрад, які будзе створаны пасля выбараў, будзе ставіцца да беларускага крызісу зусім па-іншаму?

- Мэркель падчас свайго апошняга, развітальнага візіту ў Маскву падымала беларускае пытанне, але відавочна, што нічога не атрымалася. Мэркель або сённяшні лідар хрысціянскіх дэмакратаў Армін Лашэт, ці лідар сацыял-дэмакратаў Олаф Шольц - гэта палітыкі сталага ўзросту, ім за 60, гэта людзі, якія выраслі падчас «халоднай вайны». Яны ўспрымаюць постсавецкую прастору як тэрыторыю, дзе ў Расеі асаблівыя інтарэсы, якія трэба ўлічваць.

Але ў наступным нямецкім ўрадзе, хутчэй за ўсё, Міністэрства замежных спраў Нямеччыны будзе ў руках партыі «Зялёныя». І гэта ўжо зусім іншае стаўленне да беларускага і ўкраінскага пытання. Гэтай партыяй кіруюць маладзейшыя людзі. Аналене Бербок, якая прэтэндуе на пасаду канцлеркі, але хутчэй за ўсё, яна атрымае пасаду міністра замежных спраў, трошкі за 40. Яны не глядзіць на Беларусь і Украіну як на натуральную зону інтарэсаў Расеі.

Мне думаецца, што калі наступны нямецкі ўрад будзе сфармаваны той кааліцыяй, пра якую мы гаварылі (сацыял-дэмакраты, лібералы і «зялёныя»), то знешняя палітыка Нямеччыны істотна зменіцца.

Яна будзе менш прагматычнай, каштоўнасці будуць іграць значную ролю. Яны будуць больш рашуча патрабаваць вызвалення палітвязняў, больш жорсткіх санкцый (ужо патрабуюць). У пазіцыі лібералаў і «зялёных» шмат адрозненняў - але не ў беларускім пытанні.

Яшчэ адзін момант, які варта згадаць, - гэта фактар Марыі Калеснікавай, якая для нямецкіх палітыкаў выконвае асаблівую ролю. Для немцаў яна галоўная палітзняволеная, усе астатнія менш вядомыя. Яна немцам блізкая, яна тут жыла, яны яе разумеюць, нямецкія палітыкі неаднаразова пра яе выказваліся.

Калі б Лукашэнка пажадаў зрабіць хоць нейкі крок да ўзаемаразумення з немцамі, ён павінен вызваліць перш за ўсё Калеснікаву. Калі б Калеснікава выйшла на волю, можа, тады крытыка нямецкіх палітыкаў была б не такой моцнай. Але пакуль яна за кратамі, супрацьстаянне будзе толькі ўзмацняцца.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках