25 красавiка 2024, Чацвер, 15:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Усё павінна працаваць»: чым унікальная Ангела Мэркель

1
«Усё павінна працаваць»: чым унікальная Ангела Мэркель
ФОТА: AFP

Прыклад жанчыны-канцлера паказвае, як дамагацца вынікаў у палітыцы.

«Цяпер яна зусім адна», - былы прэзідэнт Барак Абама злёгку прыжмурыўся і ў характэрнай для яго манеры закусіў губу, кажучы гэтыя словы свайму дарадцу. Абама правёў тры гадзіны сам-насам з Ангелай Мэркель у гатэлі Adelon у Берліне. Быў канец лістапада 2016 года. Толькі што 45-м прэзідэнтам ЗША выбралі Дональда Трампа, і ягоны папярэднік хваляваўся, рыхтуючыся пакінуць сваю пасаду. Абама думаў, што толькі адзін чалавек зможа захаваць ліберальны сусветны парадак, у той час як Амерыка губляе свой геапалітычны здаровы сэнс. І гэтым чалавекам была канцлерка Нямеччыны, піша для The Conversation загадчык кафедры прыкладной паліталогіі ўніверсітэта Кавентры Мэт Квартрап.

Але - і гэта турбавала 44-га прэзідэнта ЗША - Мэркель наважыла не балатавацца на новы тэрмін пасля федэральных выбараў у Нямеччыне ў верасні 2017 года. Абама спецыяльна прыехаў у нямецкую сталіцу, каб прымусіць яе перадумаць. Яму гэта ўдалося. Ён пераканаў Мэркель, што яе абавязак - несці эстафету ліберальнага інтэрнацыяналізму, свабоднага гандлю і дэмакратыі. Прынамсі, наступныя чатыры гады.

«Я заўважыў слёзы на яе вачах, калі мы сыходзілі», - пазней успомніў спічрайтэр Абамы Бэн Роўдс у расповедзе пра сустрэчу двух лідараў. Ва ўсякім выпадку такая гісторыя, расказаная ад асобы старонняга назіральніка рэдактарам нямецкай газеты Die Welt. І наступныя чатыры гады менавіта Мэркель імкнулася выратаваць Парыжскае пагадненне аб клімаце, і менавіта яна прадаўжала геапалітычна ціснуць на Уладзіміра Пуціна, калі Трамп рабіў адваротнае.

Калі нешта і з'яўляецца спадчынай Мэркель, дык гэта яе клопат аб ліберальным светапарадку. Ангела Даратэа Мэркель (народжаная Кастлер) — перш за ўсё прагматычны замежны палітык. У той час, як яе непасрэдныя папярэднікі - яе настаўнік, хрысціянскі дэмакрат Гельмут Коль (1982-1998) і сацыял-дэмакрат Герхард Шродэр (1998-2005) — запомніліся ў першую чаргу ўнутранай палітыкай, Мэркель была перш за ўсё арыентаваная на замежную палітыку. Коль кіраваў аб'яднаннем Нямеччыны, а Шродэр рэфармаваў дзяржаўную сацыяльную сістэму. Спадчына Мэркель цяпер, калі яна сапраўды сыходзіць у адстаўку, стала міжнароднай.

Довады, абмеркаванні, экспэрты

Мэркель вельмі актыўна выкарыстала дзяржаўнае ўмяшанне, каб выратаваць сусветную эканоміку пасля фінансавага крызісу 2008 года. Яна ўжывала палітыку процідзеяння жорсткай эканоміі, каб выратаваць еўра. Яна заўсёды была прагматычнай. Як яна сказала мне ў 2008 годзе: «Я хачу як мага больш рынкавай эканомікі пры як мага большым умяшанні дзяржавы». Калі ёй нагадалі, што гэта нагадвае сацыялістычную палітыку 1960-х, яна проста ўсміхнулася і паціснула плячыма: «Так, і што з таго, калі гэта працуе».

Тое, што ўсё павінна працаваць — або funktioneren (па-нямецку) — гэта яе мантра шмат у чым. Калі нейкі палітык і быў адданы ідэі навукова-абгрунтаванай палітыкі, дык гэта яна. Будучы навукоўцам з доктарскай ступенню ў галіне квантавай фізікі, яна ўнікум у краіне, дзе большасць палітыкаў з'яўляюцца юрыстамі або эканамістамі.

Калі ёй трэба было выбраць чальца Кабінета міністраў для ўстановы федэральнага канцлера - яе выканаўчага офіса - яна выбрала лекара Хэльзе Браўна. Проста таму, што ведала, што ён засяродзіцца на фактах. І, як выявілася, выбар стаўся правільным. Браўн выяўляў асаблівую цікавасць да інфекцыйных захворванняў, і ягоная праца, нароўні з добра адлажанай сістэмай грамадскай аховы здароўя, азначала, што Нямеччына апярэдзіла многія іншыя краіны, калі ў пачатку 2020 года свет сутыкнуўся з COVID-19.

Праз схільнасць да фактаў і довадаў Мэркель называлі «майстрам пракрасцінацыі» - Die zauderkünstlerin. У той час як большасць іншых сусветных лідараў - «людзі дзеяння», якія выбухаюць, як славутыя петарды, калі ўзнікаюць крызісы, Мэркель аддавала перавагу рабіць хатняе заданне, а затым, у апошнюю хвіліну, прымаць пастанову, заснаваную на фактах. Немцы нават прыдумалі для гэтага слова Мэркельн - «рабіць Мэркель» - што значыць, абдумваць факт, перш чым дзейнічаць.

Нам не патрэбен быў іншы герой

Людзі часта шукаюць выбітных асоб. Папулярнае меркаванне, што гісторыя ствараецца толькі выключнымі мужчынамі і жанчынамі. Несумненна, гэтая тэорыя «гісторыі вялікага чалавека», як яе называлі на «гендэрнай» мове віктарыянскай эпохі, мае права на існаванне. Калі нас прыцягвае гэты вобразны выраз, варта ўсё ж адзначыць, што, калі б не Мэркель, то лёс сусветнай эканомікі, еўра і звыш мільёна ўцекачоў, якіх дапусцілі ў Нямеччыну ў разгар міграцыйнага крызісу, былі б зусім іншымі. І ўсё ж яна стала паспяховым палітыкам не праз тое, што была ўнікальна мудрай або праніклівай. Яна дамаглася вынікаў, бо імкнулася супрацоўнічаць і знаходзіць з усімі агульную мову.

У той час, калі так шмат моцных мужчын ва ўсім свеце імкнуцца да дыктатарства, самы паспяховы дэмакратычны палітык апошніх некалькіх дзясяцігоддзяў — і, магчыма, нават усёй сучаснай эпохі - жанчына, якая верыла ў кансэнсус. Ёсць над чым задумацца. Прыклад Мэркель паказвае, што палітыка павінна быць сканцэнтраваная на развязанні праблем, а не на перамозе ў спрэчках.

«Каго вы набіраеце, калі хочаце патэлефанаваць у Еўропу?» — спыталі ў Генры Кісінджэра, былога дзяржсакратара ЗША. Апошнія 16 гадоў адказ быў адзін - Ангелу Мэркель. Па ёй будуць сумаваць. І пакуль няма палітыка, які мог бы заняць яе месца. Але яе пераемнік, кім бы ён ні выявіўся, усё адно будзе тым, каму будуць тэлефанаваць. Таму што Нямеччына, дзякуючы сваім памерам, кажа ад імя Еўропы. І Абама не хацеў, каб Мэркель сыходзіла ў той перыяд, які, як ён прадбачыў, за Трампам стане перыядам хаосу, не толькі праз яе выдатныя здольнасці. Гэта было яшчэ і знакам таго, што Нямеччына - еўрапейская супердзяржава.

Жорсткая праўда ў тым, што міжнародная палітыка ў большай ступені вызначаецца інстытутамі і ўстаноўленымі правіламі, чым асобнымі людзьмі. І спадчына Мэркель не столькі ў тым, што яна рабіла, колькі ў тым, як яна абараняла гэты заснаваны на правілах міжнародны парадак.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках