19 красавiка 2024, Пятніца, 5:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ўлады самі сабе наступаюць на хвост

3
Чаму ўлады самі сабе наступаюць на хвост
АРХІЎНАЕ ФОТА: RFL / RL

Эксперты мяркуюць, што пасля прыняцця паправак у Падатковы кодэкс колькасць ІП скароціцца напалову.

Аднаразовы сыход такой колькасці прадпрымальнікаў створыць каласальную сацыяльную напружанасць у краіне і больш за ўсё ў беларускіх рэгіёнах. Прадстаўнікі райвыканкамаў ужо чухаюць патыліцы, піша «Штодзённік».

Такія звесткі былі агучаныя на праведзеным у Менску круглым стале, на якім абмяркоўваліся наступствы новай падатковай ініцыятывы ўладаў.

Як заявіла дырэктарка Бізнэс звязу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага Жанна Тарасевіч, калі падатковыя папраўкі будуць прынятыя, то блізу паловы індывідуальных прадпрымальнікаў вымушаныя будуць перайсці ў самазанятасць або зусім спыніць сваю дзейнасць.

Для таго каб было зразумела, варта сказаць, што сёння ў краіне ажыццяўляюць сваю дзейнасць больш за 270 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта значыць, што пасля прыняцця падатковых паправак, беларускім уладам давядзецца ліквідаваць парадку 135 тыс. ІП. З улікам таго, што ў сярэднім ІП ліквідуецца за 3 месяцы, можна ўявіць сабе нагрузку, якая ляжа на дзяржаўныя органы.

Але самае галоўнае, на думку Жанны Тарасевіч, што ліквідацыя такой колькасці ІП (незалежна ад таго, пяройдуць яны ў самазанятасць або не), створыць каласальную сацыяльную напружанасць у краіне.

«Пра гэта хто-небудзь увогуле падумаў?» – здзівілася Жанна Тарасевіч. Яна прывяла канкрэтны прыклад: «Намеснік старшыні Рагачоўскага раёна расказаў, што ў яго працуе 13 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія збіраюць малако ў 818 фізічных асобаў у раёне. І вось гэтыя ІП працуюць паводле ССП. Яны па-іншаму працаваць не могуць і не будуць, бо ім не выгадна. Калі яны сыдуць, то проста не будзе каму збіраць малако».

Паводле словаў Жанны Тарасевіч, гэтая праблема актуальная практычна для кожнага раёна краіны. Прычым малако – гэта адна з тых сацыяльных функцый, якую выконваюць сёння ІП. А такіх функцый вельмі шмат.

Напрыклад, у беларускіх рэгіёнах вельмі слаба развіты гандаль, і ІП нясуць сур'ёзную сацыяльную функцыю ў забеспячэнні насельніцтва даступнымі таварамі, у тым ліку і прадуктамі харчавання. Побытавае абслугоўванне шмат у чым таксама сёння вісіць на ІП.

Калі заўтра прадпрымальнікі перастануць збіраць малако ў насельніцтва, прапаноўваць побытавыя паслугі, забяспечваць даступнымі таварамі, то гэта створыць каласальную сацыяльную напружанасць у рэгіёнах, мяркуюць эксперты.

Калі ўсё ж дапусціць, што ўсе ІП не спыняць сваю дзейнасць, а прадоўжаць яе ў якасці самазанятасці, павелічэнне падатковай нагрузкі прывядзе да скачка коштаў, які зноў жа больш за ўсё адчуюць і без таго небагатыя рэгіёны. Бо ніхто не будзе працаваць сабе ў страту, таму, як заўсёды адбываецца ў такіх выпадках, дадатковая падатковая нагрузка на ІП будзе перакладзеная на канчатковага спажыўца. Гэта зноў жа прывядзе да сацыяльнай напружанасці. Але ўсё ж там, дзе перакласці на спажыўца не атрымаецца, адбудзецца проста ліквідацыя.

Зрэшты, большасць экспертаў схіляецца да меркавання, што ліквідацыя адбудзецца толькі афіцыйна, а насамрэч ІП прадоўжаць працаваць, толькі ўжо з шэрай зоны. Пры гэтым адсачыць такую вялізную колькасць шэрых прадпрымальнікаў падатковыя інспектары ўжо фізічна не змогуць.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках