18 красавiка 2024, Чацвер, 15:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары ў Нямеччыне: Змена ўлады і два прэтэндэнты на пасаду канцлера

5
Выбары ў Нямеччыне: Змена ўлады і два прэтэндэнты на пасаду канцлера

Ёсць два варыянты будучай кааліцыі ў нямецкім парламенце.

Выбары ў бундэстаг, якія адбыліся 26 верасня, не далі адназначнага адказу на пытанне, хто зменіць Ангелу Меркель (Angela Merkel) на пасадзе канцлера ФРГ. Пасля чатырох тэрмінаў на чале ўрада Нямеччыны яна больш не балатавалася. Заяўку на гэтую пасаду паводле вынікаў галасавання ўвечары ў нядзелю падалі як кандыдат Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН) Олаф Шольц (Olaf Scholz) – міністр фінансаў і віцэ-канцлер у цяперашнім урадзе, так і Армін Лашэт (Armin Laschet) – старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага звязу (ХДЗ). Гэтую кансерватыўную партыю доўгі час узначальвала сама Меркель, паведамляе "Нямецкая хваля".

У цяперашні час кансерватары і сацыял-дэмакраты з'яўляюцца партнёрамі ва ўрадзе. Ён прадоўжыць выконваць свае абавязкі да фармавання новага кабінета міністраў, а Ангела Меркель канчаткова пакіне свой пост толькі пасля таго, як новы склад парламента абярэ наступнага кіраўніка ўраду.

Вынікі кіроўных дагэтуль партый

Фармальнымі пераможцамі выбараў сталі сацыял-дэмакраты, якія набралі паводле афіцыйных папярэдніх вынікаў 25,7% галасоў – прыкладна на 5 адсоткавых пунктаў больш, чым на папярэдніх выбарах у 2017 годзе.

Для многіх такі поспех СДПН стаў нечаканасцю, беручы да ўвагі той факт, што яшчэ вясной рэйтынг партыі складаў блізу 15%. Мяркуецца, што ў лідары выбарчай гонкі сацыял-дэмакратаў выцягнуў Олаф Шольц.

Разам з тым разрыў паміж першым і другім месцамі склаў менш за два адсоткавыя пункты, што і дало падставы кандыдату кансерватыўнага блока ХДЗ / ХСЗ Арміну Лашэту таксама прэтэндаваць на ролю лідара будучай кіроўнай кааліцыі. Аднак вынік 24,1% з'яўляецца найгоршым за ўсю гісторыю партыйнага блока, які на 13 з 19 выбараў у бундэстаг атрымліваў больш за 40% і ні разу – менш за 30%.

Як выступілі на выбарах апазіцыйныя партыі

На трэцім месцы з вынікам у 14,8% – "Звяз 90" / "зялёныя". Гэта істотна больш, чым у 2017 годзе (8,9%), але нашмат менш, чым спадзявалася гэтая партыя, якая ўпершыню ў гісторыі таксама вылучыла ўласнага кандыдата ў канцлеры – сваю сустаршыню Аналену Бербок (Annalena Baerbock). У траўні ў "зялёных" быў самы высокі партыйны рэйтынг, які дасягаў 28%.

Ліберальная Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) трохі палепшыла свой вынік у параўнанні з 2017 годам (10,7%) да 11,5%.

Вынік правапапулісцкай "Альтэрнатывы для Нямеччыны" (АДН) горшы, чым чатыры гады таму: 10,3% замест 12,6%. Яшчэ больш сур'ёзныя страты панесла Левая партыя. Посткамуністы атрымалі толькі 4,9% галасоў (у 2017 годзе – 9,2%) і не пераадолелі пяціадсоткавы бар'ер. Аднак яны змогуць сфармаваць сваю фракцыю ў бундэстагу, паколькі тры кандыдаты левых атрымалі прамыя мандаты.

Яўка на выбарах склала блізу 76% і засталася практычна на тым жа ўзроўні, што і ў 2017 годзе.

Два варыянты будучай кіроўнай кааліцыі

Вынікі выбараў у прынцыпе дазваляюць аднавіць урадавую кааліцыю апошніх 8 гадоў, але са зменай роляў – галоўная ў сацыял-дэмакратаў, а кансерватары – малодшыя партнёры. Але такі варыянт пакуль выключаюць і Олаф Шольц, і Армін Лашэт.

Беручы да ўвагі, што з правымі папулістамі з АДГ весці перамовы пра іх удзел ва ўрадзе ніхто не будзе, а пазіцыі посткамуністаў з Левай партыі моцна саслаблі, рэалістычнымі застаюцца толькі два траістыя звязы – "зялёныя" і лібералы з сацыял-дэмакратамі і канцлерам Олафам Шольцам, або яны ж з кансерватарамі і кіраўніком ураду Армінам Лашэтам.

Які з двух гэтых варыянтаў урэшце стане рэальнасцю, высветліцца ў ходзе зандавальных перамоваў, якія ў найбліжэйшыя тыдні будуць весці прадстаўнікі гэтых чатырох палітычных сілаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках