28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кітаі на фоне энэргетычнага крызісу адбыліся маштабныя адключэнні электрычнасці

7
У Кітаі на фоне энэргетычнага крызісу адбыліся маштабныя адключэнні электрычнасці

Людзей просяць не ўключаць мікрахвалёўкі і бойлеры.

У Кітаі пагаршаецца энэргетычны крызіс, праз які ўжо пачаліся перабоі ў працы заводаў. Цяпер электрычнасці бракуе і гарадам - жыхары рэгіёну пішуць у сацсетках, што іх дамы перасталі ацяпляць, а на вуліцах не працуюць святлафоры, паведамляе ВВС.

Недахоп электрычнасці закрануў жыхароў правінцый Ляанін, Гірын і Хэйлунцзян. У некаторых гарадах жыхароў просяць не карыстацца ў гадзіны пікавага попыту на электрычнасць бойлерамі і мікрахвалёўкамі. Гандлёвыя цэнтры закрываюцца раней за патрэбны час.

У кітайскіх СМІ распаўсюджваецца відэа з аўтамабілямі, якія едуць па шашы ў Шэньяне без асвятлення. Пры гэтым яшчэ ў дзясяці правінцыях Кітая, у тым ліку ў прамысловых цэнтрах, ужо ўведзеныя абмежаванні на спажыванне электрычнасці.

У Ляаніне пасля раптоўнага адключэння вентыляцыйнай сістэмы ў завадскім цэху 23 рабочыя былі шпіталізаваныя з атручваннем вуглякіслым газам. У мясцовых СМІ з'яўляюцца навіны аб атручэнні людзей, якія спрабавалі ацяпляць цесныя пакоі з дапамогай газавых пліт. Перабоі з электрычнасцю могуць закрануць амаль 100 млн чалавек - менавіта столькі жыве ў сукупнасці ў трох правінцыях.

Экспэрты ўважаюць за прычыну перабояў дэфіцыт вугалю і новыя квоты на эмісіі вуглякіслага газу ў Кітаі. Дзяржаўная электрасеткавая карпарацыя краіны ў панядзелак паабяцала найбліжэйшым часам аднавіць электразабеспячэнне ў гарадах.

Праз перабоі на мінулым тыдні прыпынілі працу многія заводы, у тым ліку тыя, што пастаўляюць кампаненты кампаніям Tesla і Apple. У нядзелю ўвечары адзін з пастаўшчыкоў платаў для прадукцыі Apple, кампанія Unimicron Technology Corp, заявіла, што праз абмежаванні на спажыванне электрычнасці тры яе заводы прыпынілі працу на пяць дзён - з 26 да 30 верасня.

Праблемы з электрычнасцю ў Кітаі пачаліся з лета. У ліпені ўлады пачалі планавыя адключэнні ў Пекіне і Сіані. Агенцтва Блумберг са спасылкай на кітайскую электрасеткавую карпарацыю тады паведамляла, што перабоі магчымыя ў 11 правінцыях на ўсходзе і ў цэнтры краіны - спажыванне ў гэтых правінцыях вырасла да рэкордных значэнняў. Тады аналітыкі звязвалі гэта з гарачым летнім надвор'ем.

Цяпер, з набліжэннем зімы, на поўначы краіны пачынае халадаць. Міністэрства энэргетыкі Кітая загадала, каб пастаўшчыкі вугалю і газу рыхтаваліся да зімовага скачку спажывання.

Адміністрацыя правінцыі Гірын спрабуе развязаць праблему дэфіцыту вугалю праз яго закупы ў рэгіёне Унутраная Манголія на поўначы Кітая.

Улады правінцыі Ляанін на мінулым тыдні заявілі, што з ліпеня гэтага года імкліва абрынулася вытворчасць электраэнэргіі. Пры гэтым адна з энэргетычных кампаній напісала ў сацсетках, што перабоі прадоўжацца ўсю зіму, а раптоўнае адключэнне электрычнасці стане новай нормай. Пазней допіс выдалілі, але неўзабаве такая заява прагучала ўжо на афіцыйным тэлеканале, паведамляе агенцтва Рэйтэр.

16 ліпеня ў Кітаі пачала працаваць новая сістэма абмену квотамі на эмісіі вугляроду - гэта найбуйнейшая свайго кшталту такая сістэма, з дапамогай якой Пекін спадзяецца скараціць выкіды парніковых газаў кітайскімі заводамі і звязвае з сістэмай вялікія надзеі - да 2060 года Кітай хоча стаць «вугляродна нейтральным» . Гэта значыць, што ўсе шкодныя выкіды кітайскіх заводаў у атмасферу будуць кампенсаваныя з дапамогай тэхналогій зніжэння шкоды, пераходу на меней таксічныя матэрыялы і высадкі дрэў.

Аднак цяпер цэнтр крытыкуе рэгіянальныя ўрады за тое, што яны не дасягаюць мэтаў у скарачэнні выкідаў. Пекін цісне на мясцовых чыноўнікаў з тым, каб спажыванне электрычнасці ў іх рэгіёнах не расло.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках