29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БМЗ – банкрут, «Беларуськалій» – на мяжы калапсу: Што адбываецца ў беларускай прамысловасці

29
БМЗ – банкрут, «Беларуськалій» – на мяжы калапсу: Што адбываецца ў беларускай прамысловасці

Рэжым давёў прадпрыемствы «да ручкі».

Праз неадэкватныя паводзіны ўладаў беларуская прамысловасць сутыкнулася з беспрэцэдэнтнымі цяжкасцямі. Санкцыі прывялі да таго, што з нашымі прадпрыемствамі адмаўляюцца працаваць іх заходнія партнёры. Улады не могуць спыніць адток высокакваліфікаваных кадраў з флагманаў беларускай прамысловасці. Нізкія заробкі і жудасныя ўмовы працы толькі падаграваюць працоўны пратэст.

Сайт Charter97.org паглядзеў, у якім стане знаходзяцца флагманы беларускай прамысловасці.

Таксічны БелАЗ і рэкордныя пазыкі

Упершыню краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць БелАЗа 21 чэрвеня 2021 года. Еўразвяз заявіў, што прадпрыемства з'яўляецца крыніцай значных прыбыткаў для рэжыму Лукашэнкі і адказны за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці.

Наступстваў санкцый доўга чакаць не выпадала і праз дзень пасля ўвядзення абмежаванняў Rolls Royce Group заявіў пра спыненне стасункаў з беларускай кампаніяй. На той момант брытанскі гігант з'яўляўся найбуйнейшым пастаўшчыком рухавікоў для БелАЗа. Пасля чаго ў жніўні 2021 года з'явіліся паведамленні, што на заводзе не хапае рухавікоў і цяпер працоўныя разбіралі вялікія самазвалы, каб сабраць з іх маленькія.

Іншыя кампаніі таксама пачалі адмаўляцца ад супрацоўніцтва з БелАЗам. Звяз беларусаў Вялікай Брытаніі паведаміў, што адразу чатыры групы кампаній спынілі супрацоўніцтва з жодзінскім прадпрыемствам. Такім чынам «Becker Group» і яе дыстрыб'ютар «Geramatic OY», «Danfoss», «Liebherr», «Yokohama Rubber Company» пастанавілі адмовіцца ад працы з беларускай кампаніяй.

Апошнія 10 гадоў беларускае прадпрыемства займала ад 20% да 30% сусветнага рынку продажаў кар'ерных самазвалаў. Беларусь экспартавала самазвалы амаль па ўсім свеце, аднак варта адзначыць, што да 70% прадукцыі БелАЗ прадаваў у СНД.

Цяперашняя сітуацыя на прадпрыемстве не выклікае аптымізму, што кажа пра магчымую замарозку прадпрыемства праз адсутнасць заказаў. Паводле апошніх звестак пазыкі флагмана знаходзяцца на рэкорднай адзнацы 1,2 мільярда рублёў. Многія эксперты кажуць пра тое, што ў будучыні такая сітуацыя пагражае яшчэ большымі запазычанасцямі, а таксама масавымі скарачэннямі.

Беларуськалій на мяжы калапсу

У свой час «Беларуськалій» называлі асноўным пастаўшчыком валюты для рэжыму Лукашэнкі, таму не дзіўна, што Еўразвяз пастанавіў яго ўключыць у чацвёрты пакет санкцый. Дзявятага жніўня Міністэрства фінансаў ЗША ініцыявала буйны пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. У гэты спіс увайшоў і сектар калійных угнаенняў. У гэты ж дзень Канада і Вялікая Брытанія таксама ўвялі санкцыі супраць салігорскага прадпрыемства. Многія замежныя фірмы адмаўляюцца супрацоўнічаць з прадпрыемствам, таму што баяцца патрапіць пад другасныя санкцыі.

Страйкам «Беларуськалія» заявіў, што кіраўніцтва ўсімі сіламі спрабуе паспець выканаць абавязальніцтвы ў кантрактах да пачатку дзеяння санкцый ЗША – 8 снежня 2021, таму не самае свежае абсталяванне працуе на знос, але наколькі яго хопіць – застаецца загадкай, бо пастаўкі запчастак вельмі абмежаваныя.

Таксама розныя СМІ паведамляюць, што другі месяц прадпрыемства не расплачваецца з падраднікамі. Людзі кажуць, што такога ў Салігорску не было з 1996 года.

Умовы працы, а таксама стан самога прадпрыемства, паводле словаў працоўных, моцна ўпалі. Траўматызм толькі расце. За апошнія 10 гадоў стала вядома пра дзевяць загінулых на заводзе. Працоўныя тлумачаць гэта моцна зношаным абсталяваннем, а таксама скарачэннем дапаможнага персаналу, таму некаторым даводзіцца працаваць два-тры тыдні з адным выхадным.

Некаторыя кіраўнікі абураныя станам справаў і прамым тэкстам кажуць, што Лукашэнка вядзе прадпрыемства да краху.

Выбухованебяспечная абстаноўка на «Гродна Азоце»

У красавіку 2021 года ЗША аднавілі санкцыі супраць «Гродна Азота», а 9 жніўня 2021 года генеральны дырэктар завода Ігар Ляшэнка быў дададзены ў спіс адмыслова пазначаных грамадзянаў і заблакаваных асобаў.

Мінулы год завод скончыў са стратамі 85 мільёнаў рублёў.

У кароткатэрміновых крэдытах завод павінен 453 мільёны рублёў, гэта на 93 мільёны менш, чым у 2019 годзе. У доўгатэрміновых крэдытах завод павінен 189 мільёнаў рублёў, за год сума вырасла на 30 мільёнаў.

Праз масавыя звальненні спецыялістаў на прадпрыемстве назіраецца дэфіцыт кваліфікаваных супрацоўнікаў, што прыводзіць да няспынных аварый на вытворчасці.

Часам на заводзе адбываюцца па-сапраўднаму небяспечныя надзвычайныя здарэнні, якія могуць перарасці ў тэхнагенныя катастрофы. Страйкам прадпрыемства паведамляў пра аварыю на трубаправодзе з небяспечнай сумессю, аднак кіраўніцтва завода не спыніла вытворчасці. Пад ціскам незалежных СМІ аварыя была афіцыйна прызнаная.

Працоўныя прадпрыемства вельмі незадаволеныя цяжкімі ўмовамі працы, грубым стаўленнем кіраўніцтва, звальненнем кваліфікаваных кадраў і зніжэннем заробкаў. Пратэставыя настроі напальваюцца, спее страйк.

МТЗ жыве ў пазыку

Склады, запоўненыя трактарамі МТЗ, сталі ў Беларусі сапраўдным мемам. Варта адзначыць, што чысты прыбытак Менскага трактарнага завода за мінулы год упаў у 12 разоў. На 31 сакавіка гэтага года завод павінен 835 мільёнаў рублёў паводле кароткатэрміновых крэдытаў і за 416 мільёнаў паводле доўгатэрміновых. Год таму пазык было больш на некалькі дзясяткаў мільёнаў.

Не дзіўна, што некалі галоўнае прадпрыемства сёння знаходзіцца ў такім сумным стане. Абсталяванне на заводзе састарэла. Вось, што расказаў былы працаўнік МТЗ, лідар Беларускага аб'яднання працоўных Сяргей Дылеўскі:

– Я працаваў на даволі новай лініі. Лінію змантавалі, калі не памыляюся, у 2012 ці 2013 годзе. Лінію набылі ў немцаў. Яны прыязджалі, мантавалі. На іх заказ рабілі ажно да залівання падлог, вібраізаляцыі і г.д. Зрабілі адзін кавалак. Прайшло мінімум 7-8 гадоў, трактарны завод уважае гэтую лінію за новую, наватарскую. Гэта вось новая лінія, да гэтага часу водзяць туды экскурсіі, што ў нас усё добра.

Дарэчы сказаць, я быў у Польшчы на заводзе «Сомаш» (яны вырабляюць агрэгаты для трактароў: каўшы, плугі, касілкі), аналаг Смаргонскага агрэгатнага завода. Убачыў родныя станкі, можна сказаць, тое абсталяванне, з якім я працаваў у Менску, якое я ведаю. Я падышоў, кажу: «Класна, новае абсталяванне. Я на такім у Менску працаваў».

Інжынер з гэтай лініі кажа: «Гэта не новае, мы сёлета плануем мяняць яго, гэтае абсталяванне маральна састарэла». Што тады можна казаць пра інавацыі?

МТЗ адчувае сур'ёзны недахоп кадраў. Напрыклад, дзейным працаўнікам трактарнага завода абяцаная прэмія за дапамогу ў найманні новых працоўных. Аднак ёсць умова: цягам першых шасці месяцаў працы новы супрацоўнік не павінен мець дысцыплінарных спагнанняў.

Летам вытворчасць на Трактарным заводзе часткова спынілася: з адной з печаў не маглі дастаць застылы метал, а на прадпрыемства не маглі прывезці кокс (адзін з найважнейшых элементаў для сталеліцейнай прамысловасці).

Пратэставы МЗКЦ

Менскі завод колавых цягачоў, дзе летам 2020 года працоўныя пасылалі Лукашэнку на тры літары, таксама перажывае не найлепшыя часы.

Чысты прыбытак завода за мінулы год – 7,1 мільёна рублёў, год таму прыбытак быў больш у 3,1 разы. За год супрацоўнікаў завода стала менш на 307 чалавек.

У кароткатэрміновых крэдытах завод павінен 101 мільён рублёў (год таму было 108 мільёнаў), у доўгатэрміновых – 5,3 мільёна (год таму было 9,2 мільёна).

З'яўляюцца паведамленні, што праз малую загружанасць МЗКЦ пачынае збіраць давальніцкія машынакамплекты аўтобусаў МАЗ.

Праз неадэкватныя дзеянні ўладаў унікальнае прадпрыемства пачало ператварацца ў зборачную вытворчасць.

БМЗ – фактычна банкрут

Жлобінскі металургічны завод знаходзіцца ў сапраўдных праблемах. Фактычна прадпрыемства з'яўляецца банкрутам. На ягоную падтрымку, як высветлілася, вылучаліся грошы з золатавалютнага рэзерву.

Завод павінен 3,8 мільярда рублёў паводле кароткатэрміновых крэдытаў, гэта на мільярд больш, чым было год таму. У доўгатэрміновых крэдытах завод павінен яшчэ 1,2 мільярда, што на 164 мільёны больш, чым год таму.

Як паведамлялі супрацоўнікі, кіраўніцтва прадпрыемства бярэ ў крэдыт нават грошы на заробкі для супрацоўнікаў.

За год на заводзе супрацоўнікаў стала менш на 277 чалавек. Праз тое, што прадпрыемства пакінулі прафесійныя кадры, на заводзе таксама ўвесь час адбываюцца надзвычайныя здарэнні. Гэтай вясной спынілася адна з сталеплавільных печаў.

Санкцыі размазалі МАЗ

Менскі аўтамабільны завод таксама сур'ёзна адчувае на сабе заходнія санкцыі. З таксічным прадпрыемствам проста не хочуць працаваць. Да прыкладу, ад беларускіх аўтобусаў адмовіліся ўкраінскія Львоў і Нікалаеў, абвясціўшы новыя тэндары на набыццё аўтобусаў для горада.

У кароткатэрміновых крэдытах завод павінен больш за 1 мільярд рублёў, у 2019 годзе было менш на 342 мільёны. У доўгатэрміновых крэдытах завод павінен 487 мільёнаў, гэта на 34 мільёны больш, чым у канцы 2019 года.

«Там [на МАЗе – заўв. рэд.] ужо добра адчуваюць санкцыі на вытворчасці; працоўнай сілы не стае – таму што людзей звольнілі за ўдзел у маршах і грамадзянскую пазіцыю, з 50 маладых спецыялістаў, засталося 19.

Узровень прыбыткаў сапраўды падае, грошай няма, пакуль не крытычна, але адчувальна», – расказваюць працаўнікі прадпрыемства.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках