29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Міліцыянты ў шоку, Караеў нават на званкі знаёмых баяўся адказваць»

69
«Міліцыянты ў шоку, Караеў нават на званкі знаёмых баяўся адказваць»

Як злівы кібер-партызанаў выклікалі паніку ў МУС.

Працу ў раённых аддзелах унутраных справаў пераводзяць на паперу, камунікацыю онлайн – на ліставанне звычайнай поштай. Былыя сілавікі расказалі «Нашай Ніве», як іхнія дзейныя калегі адрэагавалі на злівы хакераў і расследаванні, якія праводзіліся ў апошні час.

«Караеў нават на званкі ад сваіх знаёмых не адказваў»

«Мы неаднаразова чулі ад людзей у сістэме МУС, што яны ўсе ў шоку ад узлому базы звестак. Адзін супрацоўнік, напрыклад, прамым тэкстам піша нам: усе ў ах*і. Шараговыя міліцыянты ўвогуле не разумеюць, як такое магчыма», – расказвае прадстаўнік аб'яднання былых сілавікоў.

Паводле ягоных словаў, дзейныя супрацоўнікі баяцца, што праслухоўвалі кожнага і што цяпер можа стаць публічнай іхняя крытыка кіраўніцтва.

«Безумоўна, у прыватных гутарках абмяркоўваюць сваё кіраўніцтва. Крытыкуюць яго. Таму людзі баяцца, што гэтыя размовы будуць выкарыстаныя супраць іх», – кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

Пра рэакцыю герояў апошніх зліваў пакуль невядома. Але крыніцы кажуць, што былы міністр унутраных справаў Юры Караеў, напрыклад, пасля зліваў з запісам ягонага выступу тры дні не адказваў на званкі праз тэлефон.

«Ён нават на званкі ад сваіх знаёмых не адказваў», – кажа былы сілавік.

«Паказальнай рэакцыі Міністэрства ўнутраных справаў на злівы, верагодна, не будзе»

«Паказальнай рэакцыі Міністэрства ўнутраных справаў на злівы, верагодна, не будзе. У міністэрстве, хутчэй за ўсё, будуць прадаўжаць рабіць выгляд, што нічога не адбылося. Да нас даходзіць інфармацыя, што ёсць загад нікога не звальняць і не караць, каб паказаць супрацоўнікам, што акцыя нібыта не мела сур'ёзных наступстваў.

Хоць, я думаю, за гэта трэба кагосьці пасадзіць у турму, бо гэтыя звесткі былі захаваныя абы-як, што прывяло да іх выцечкі. За гэта павінны людзі быць пакараныя», – мяркуе суразмоўца.

«Складваецца ўражанне, што ў міністэрстве дагэтуль не зразумелі, як маглі здарыцца выцечкі. Прычыну я бачу ў павальным галавацяпстве і ў тэхнічнай некампетэнтнасці», – кажа прадстаўнік былых сілавікоў.

«Працу пераводзяць на паперу, звычайную пошту і CD-дыскі»

Былым сілавікам на сёння вядомыя некаторыя наступствы злітых размоваў і базаў звестак.

Яны сцвярджаюць, што, па-першае, у РАУС цяпер недаcтупны онлайн-білінг – адсочванне месцазнаходжання чалавека.

«Раней для гэтага выкарыстоўваўся банк звестак “Маяк”. А вось пасля выцечкі інфармацыі гэты банк звестак забралі з тэрытарыяльных РАУС. Пункты доступу засталіся толькі ў абласных управах.

І цяпер супрацоўнікі раённых аддзелаў вымушаныя дасылаць пісьмовыя запыты праз звычайную пошту, каб атрымаць звесткі білінгу, – кажа суразмоўца. – Паколькі запытаў шмат, а разглядаюцца яны ў чарзе, гэта ўплывае на хуткасць рэагавання на злачынствы».

Па-другое, кажуць былыя сілавікі, з РАУС забралі пункты доступу да праслухоўвання тэлефонных размоваў, што на афіцыйнай мове называецца «аператыўна-тэхнічнымі мерапрыемствамі № 2».

«Раней проста з РАУС супрацоўнік мог праслухоўваць, што кажуць ці казалі фігуранты ў крымінальных справах, – тлумачыць суразмоўца. – Цяпер трэба спачатку пісаць запыт у Дэпартамент забеспячэння дааператыўнай дзейнасці ў Менску або ў ягоныя абласныя падраздзяленні.

Там патрэбныя запісы размоваў запішуць на CD-дыск і вышлюць у раённы аддзел. Усё гэта ўскладняе працу і паказвае той хаос, які адбываецца ў сістэме МУС. Можа, яны думалі, што праз гэтыя пункты ў РАУС былі злівы? Невытлумачальна».

«Пасля зліваў і расследаванняў дзейныя сілавікі сталі часцей звяртацца да нас»

«Пасля зліваў і расследаванняў дзейныя сілавікі сталі часцей звяртацца да нас і дасылаць унутраную інфармацыю. Часам гэта аповеды пра тое, што адбываецца ў РАУС. А часам мы атрымліваем і службовыя дакументы. Скачок не рэзкі, але інфармацыі стала злівацца больш. І кантактаў у нас стала больш», – расказвае прадстаўнік аб'яднання экс-сілавікоў.

Яны мяркуюць, што дзякуючы публікацыі тэлефонных размоваў да міліцыянтаў прыходзіць разуменне: міністэрства не можа абараніць сваіх супрацоўнікаў. Бо высвятляецца, што цяпер можна абсалютна ўсё даведацца пра любога супрацоўніка.

«Гэта ўплывае на іх. Незадаволенасць службай, безумоўна, стала большай. Асабліва сярод шараговых супрацоўнікаў, якія не бачылі катаванняў і верылі словам ідэолагаў», – кажуць у аб'яднанні.

Былыя сілавікі дадаюць, што ў МУС прадаўжаецца тэндэнцыя на звальненні. Яна пачалася, з іх словаў, са жніўня 2020 года.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках