25 красавiка 2024, Чацвер, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Карбалевіч: Лукашэнка – чыннік дэстабілізацыі

4
Валер Карбалевіч: Лукашэнка – чыннік дэстабілізацыі
Валер Карбалевіч

Чым даўжэй ён знаходзіцца ва ўладзе, тым мацней краіна апускаецца ў турбулентнасць.

Палітолаг Валер Карбалевіч у артыкуле для "Радыё Свабода" выказаў меркаванне, што сваімі дзеяннямі Лукашэнка падрывае матывацыю нават у сваіх нешматлікіх прыхільнікаў:

– У пэўнай часткі грамадства, асабліва сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, існуе відавочная патрэба ў стабільнасці, хай нават і ў выглядзе стагнацыі і мяккага аўтарытарызму.

Аднак на гэтым шляху ёсць адна вялікая праблема. У яе ёсць імя і прозвішча. Сам Аляксандр Лукашэнка не дазваляе перагарнуць старонку.

Уся палітыка рэжыму накіраваная на штучнае стварэнне надзвычайнай, экстрэмальнай сітуацыі, наўмысную эскалацыю напружанасці, давядзенне палітычнай барацьбы да стадыі псіхалагічнай вайны, масавай істэрыі.

Рэч не толькі ў маштабных рэпрэсіях, руцінізацыі гвалту. Хоць гэта і трымае сілавыя структуры ў стане перманентнай мабілізацыі.

Калі абываталь уключае БТ, ён бачыць, што ніякага міру і стабільнасці ў краіне няма. Бясконцая істэрыя. Паводле звестак дзяржаўных СМІ, краіна знаходзіцца ў стане бесперапыннай вайны з унутранымі і вонкавымі ворагамі.

Нейкія экстрэмісты, тэрарысты, снайперы апанавалі краіну. У Беларусь увесь час увозіцца зброя. На прадпрыемствах выяўленыя шпіёны. Якая можа быць стабільнасць, калі вакол ворагі?

Можна не глядзець БТ. Але дзяржава «дастае» абываталя на кожным кроку. Калі папярэднія 26 гадоў улада стварала палітыку дэмабілізацыі і дэпалітызацыі грамадства, то цяпер усё наадварот.

Летась улады ўзялі курс на штучную палітычную мабілізацыю грамадства. Адысці ад палітыкі стала немагчыма. У працоўных калектывах людзей прымушаюць падпісваць розныя петыцыі ў падтрымку рэжыму, нейкія заявы пратэсту супраць заходніх санкцый.

Школы на вачах пераводзяць на казарменнае становішча, а настаўнікаў ператвараюць у «камісараў у пыльных шаломах». Спартоўцы абавязаныя публічна дэманстраваць лаяльнасць. Супрацоўнікаў ЖКГ прымушаюць сачыць за тым, каб нідзе не было пратэставай сімволікі. Адміністрацыя прадпрыемстваў павінна выяўляць і лавіць шпіёнаў. І гэтак далей.

Урад засяроджаны выключна на развязанні праблемаў выжывання, знаходзіцца ў няспынным напружанні і таму не можа развязваць іншыя праблемы і надзённыя задачы, якія стаяць перад краінай.

Нарэшце, Беларусь увязалася ў бясконцыя знешнія канфлікты. Лукашэнка ператварыў унутрыпалітычны крызіс у вострую рэгіянальную праблему, крызіс міжнароднай бяспекі. Знешняя ізаляцыя краіны, статус ізгояў сталі відавочныя, іх ужо немагчыма схаваць.

І менавіта правакацыі афіцыйнага Менска прывялі да сур'ёзных санкцый з боку Захаду. Рэальныя эканамічныя санкцыі з боку ЕЗ і ЗША былі ўведзеныя толькі летам, пасля гісторыі з самалётам. Усе папярэднія абмежаванні былі хутчэй сімвалічнымі, больш падобнымі на жупел.

Цяпер крызіс мігрантаў, арганізаваны ўладамі, нарастае. Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі назваў гэта «нападам на польскую мяжу». У адказ ЕЗ рыхтуе пяты пакет санкцый, магчыма, больш жорсткіх. Лукашэнка загаварыў пра ваеннае супрацьстаянне з Украінай.

А наперадзе краіну чакаюць сур'ёзныя страты ад санкцый з невядомымі, непрадказальнымі наступствамі. Людзі інтуіцыйна гэта адчуваюць, таму здымаюць банкаўскія ўклады. Калі сувымяраць сітуацыю з савецкімі часамі, то з перыяду застою і стабільнасці брэжнеўскай эпохі краіна была раптоўна цягам года адкінутая ў перыяд сталінскага кіравання.

Гэта значыць, чым даўжэй ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка, тым мацней краіна апускаецца ў турбулентнасць. Кошт захавання ягонай улады для людзей, у тым ліку і «ябацькаў», вырастае.

Атрымліваецца, што Лукашэнка, які 26 гадоў быў гарантам стабільнасці, цяпер стаў сур'ёзным чыннікам дэстабілізацыі. І тым самым падрывае матывацыю падтрымкі сваіх прыхільнікаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках