24 кастрычнiка 2021, Нядзеля, 0:03
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Як вядомыя беларусы ставяцца да вакцынацыі і дзеянняў уладаў у барацьбе з COVID-19

40
Як вядомыя беларусы ставяцца да вакцынацыі і дзеянняў уладаў у барацьбе з COVID-19

Меркаванні экс-кіраўніка Нацбанка і экс-кандыдата ў прэзідэнты.

Беларусь накрыла чацвёртая хваля каранавірусу. «Салідарнасць» пацікавілася пра стаўленне да вакцынацыі і дзеянні ўладаў у барацьбе з кавідам у былога кіраўніка Нацбанка Станіслава Багданкевіча і экс-кандыдата ў прэзідэнты-2001 Уладзіміра Ганчарыка.

«У мяне нядаўна памёр сябар»

Станіслаў Багданкевіч расказаў, што вакцынаваўся:

– А прышчэпку зрабіў, праўда, нядаўна. Мае блізкія вакцынаваліся раней, я адтэрміноўваў, паколькі, будучы пенсіянерам, рэдка сустракаюся з кампаніямі людзей. Але ўсё ж пастанавіў зрабіць прышчэпку «Спадарожнікам V». Арганізм не заўважыў ні першага ўколу, ні другога.

Мяркую, што вакцынавацца трэба. Нейкія прышчэпкі рабілі ўжо тысячу гадоў таму. Адмова ад іх – гэта ўсё ж такі невуцтва, трэба верыць у навуку. Эксперымент ужо праведзены на мільёнах людзей, чаго тут ужо баяцца.

Шмат людзей памірае. У мяне нядаўна памёр сябар, напярэдадні было 40 дзён. Ён цяжка хварэў на кавід, больш за месяц ляжаў у лякарні, як вынік – мікраінсульт, – расказаў Багданкевіч.

Паводле афіцыйнай статыстыкі дзвюма дозамі вакцыны ў Беларусі прышчапілася менш за 20% насельніцтва. Гэта ў разы менш, чым у еўрапейскіх краінах. Чаму так? Багданкевіч мяркуе, што тлумачэнне заключаецца ў некалькіх прычынах.

– Кіраўнік рэжыму з самага пачатку заяўляў, што ніякага вірусу ў Беларусі няма. Мабыць, некаторыя арыентаваліся на яго. А потым пайшла фальшывая статыстыка, прыніжэнне смяротнасці. Маса людзей меркавала, што нічога страшнага не адбываецца. Не было частых тлумачэнняў, што трэба вакцынавацца.

Маса людзей ставіцца да «Спадарожніку V» з недаверам. Таму варта набываць не толькі расейскую, на і заходнія вакцыны. Не трэба шкадаваць грошай.

Дарэчы, я не бачу нічога дрэннага ў мяккім і разумным прымусе, каб людзі не заражалі іншых. Думаю, у абавязковым парадку павінны прайсці вакцынаванню людзі са сферы абслугоўвання, выкладнікі, студэнты, вайскоўцы. Трэба неяк іх матываваць, – сказаў суразмоўца «Салiдарнасцi».

Абмяркоўваючы дзеянні ўладаў, былы кіраўнік Нацбанка не змог абысці і грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. Ён адзначыў «залімітавы» ўзровень рэпрэсіяў і страху.

– Дзікая краіна. Калі гэта было ў Беларусі? Нават пры савецкай уладзе ў апошнія дзесяцігоддзі яе існавання нічога падобнага не было, – падсумаваў Багданкевіч.

«У грамадскім транспарце людзі пачварна сябе паводзяць»

Уладзімір Ганчарык станоўча ставіцца да вакцынацыі ад каранавірусу, але прышчэпку пакуль не зрабіў праз праблемы са здароўем.

– Я за вакцынацыю, але сам, на жаль, да гэтага часу не прышчапіўся з дзвюх прычынаў. Па-першае, не было кітайскай вакцыны. Да расейскага «Спадарожніку V» стаўлюся насцярожана. З досведу суседзяў і знаёмых кітайская вакцына пераносіцца арганізмам лягчэй.

А па-другое, трохі падвяло здароўе – давялося вакцынацыю адкласці.

Але ў прынцыпе я за тое, каб рабіць прышчэпку. Як разумею, вакцынацыя не ратуе ад хваробы, але з ёй кавід лягчэй пераносіцца.

Мяне насцярожвае: у грамадскім транспарце і іншых месцах людзі пачварна сябе паводзяць – многія без масак, сацыяльную дыстанцыю не выконваюць.

Гэта сумна: трэба самім клапаціцца пра сваё здароўе, а не выяўляць бестурботнасць і расхлябанасць. Прычым я гэта назіраю не толькі сярод маладых, але і сярод людзей ва ўзросце.

І калі ў крамах на касах патрабуюць маскі, то на ўваходзе ў метро часта ніякіх заўваг не робяць. Мяркую, людзей варта хоць бы папярэджваць.

Хоць пасля першага этапу барацьбы з каранавірусам у Беларусі ўлады больш цвяроза падыходзяць да гэтай справы. І вакцыны набылі, і рэкламу даюць, і лякарні перапрафілявалі.

Але, напэўна, варта больш маштабную агітацыйную кампанію праводзіць, укараняючы ў свядомасць людзей думку, што яны самі павінны клапаціцца пра сваё здароўе, – сказаў суразмоўца «Салiдарнасцi».

Выказаўся ён і пра палітычную сітуацыю ў краіне:

– Такі цяжкі перыяд быў хіба што пры распадзе Савецкага Саюза. Людзі адчувалі моцную няўпэўненасць у будучыні, гэта адбівалася на стаўленні да жыцця, прыводзіла да росквіту п'янства. Нешта падобнае я назіраю цяпер: у грамадстве апатыя, недавер да ўлады, якая сваімі дзеяннямі прымірэнню не спрыяе. А гвалтам і прапагандай праблему не развязаць.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».