28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва ўніверсітэт Кабула перасталі пускаць жанчынаў

Ва ўніверсітэт Кабула перасталі пускаць жанчынаў
Фота: AFP

Рэктар падтрымаў талібаў.

Ва ўніверсітэт Кабула перасталі пускаць жанчынаў – як студэнтак, так і выкладніцаў. Забарона будзе захоўвацца "да таго часу, пакуль для ўсіх не будзе забяспечанае сапраўднае ісламскае асяроддзе", заявіў новы кіраўнік вышэйшай навучальнай установы Махамад Ашраф Гайрат у панядзелак, 27 верасня. Шэраг супрацоўніцаў выступілі супраць новаўвядзенняў, паказвае амерыканскае выданне New York Times (пераклад – dw.com).

На некалькі дзён раней радыкальны ісламісцкі рух "Талібан" распарадзіўся паступова адчыніць сярэднія школы толькі для хлопчыкаў і іх настаўнікаў-мужчынаў. Такім чынам, Ісламская Рэспубліка цяпер з'яўляецца адзінай краінай свету, дзе дзяўчаткам забаронена наведваць гэтыя навучальныя ўстановы, паказвае агенцтва epd. У 1990-я гады, калі Афганістан знаходзіўся пад кантролем талібаў, у краіне ўжо існавала забарона на жаночую адукацыю.

Цяперашні кіраўнік Кабульскага ўніверсітэта, які валодае ступенню бакалаўра, некалькі дзён таму змяніў адхіленага ад пасады ранейшага рэктара, доктара навук Мухамада Асмана Бабура. Раней Гайрат, які падтрымлівае талібаў, заклікаў забіваць журналістаў, ахрысціўшы іх "шпіёнамі".

Пераходны ўрад Афганістана – без жанчынаў

Пасля вываду міжнародных сілаў з Афганістана баевікі "Талібану" 15 жніўня ўвайшлі ў Кабул, а 3 верасня абвясцілі пра ўсталяванне кантролю над усім Афганістанам. У верасні яны паведамілі пра стварэнне пераходнага ўрада. У яго не ўвайшла ніводная жанчына і ні адзін прадстаўнік, адказны за абарону правоў жанчынаў. Міжнародная супольнасць не прызнае ўрад талібаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках