24 красавiка 2024, Серада, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Олаф Шольц – спадчыннік Меркель або Шродэра ў дачыненні да Расеі?

3
Олаф Шольц – спадчыннік Меркель або Шродэра ў дачыненні да Расеі?
ОЛАФ ШОЛЬЦ

Адказ на гэтае пытанне – у біяграфіі палітыка.

Праз 16 гадоў пасля Герхарда Шродэра (Gerhard Schröder) канцлерам Нямеччыны зноў можа стаць сацыял-дэмакрат – Олаф Шольц (Olaf Scholz), піша dw.com.

Паводле першых вынікаў галасавання на выбарах у бундэстаг 26 верасня, СДПН, якая ўваходзіць у склад кіроўнай кааліцыі, перамагла ў кансерватыўнага блока ХДЗ / ХСЗ. "Чырвоныя", як называюць сацыял-дэмакратаў у Нямеччыне, гадамі былі на другім ці на трэцім месцы ў апытаннях выбарнікаў. Шольц, віцэ-канцлер і міністр фінансаў ва ўрадзе Ангелы Меркель (Angela Merkel), асабістым высокім рэйтынгам падняў партыю. СДПН традыцыйна выступае за цесныя сувязі з Расеяй, што сыходзіць каранямі ва "ўсходнюю палітыку" (Ostpolitik) канцлера Вілі Бранта (Willy Brandt). Якой будзе палітыка Шольца і ягонай партыі пасля выбараў?

Малады сацыяліст з Гамбурга

Адказ на гэтае пытанне – у біяграфіі 63-гадовага палітыка. Шольц вырас у Гамбургу, дзе традыцыйна моцныя пазіцыі сацыял-дэмакратаў. Там атрымаў юрыдычную адукацыю і працаваў адвакатам. Партыйная кар'ера пачалася ў 1980-я, калі ён быў намеснікам кіраўніка Jusos (Jungsozialisten, "Маладыя сацыялісты"), моладзевай арганізацыі СДПН. Пазней палітык быў дэпутатам бундэстага, сенатарам у Гамбургу, а ў пачатку нулявых стаў гульцом каманды канцлера Шродэра, заняўшы ў 2002 годзе пасаду генеральнага сакратара партыі. У першым з чатырох кааліцыйных урадаў Меркель ён быў міністрам працы, потым бурмістрам Гамбурга і зноў міністрам, цяпер ужо – фінансаў, у апошнім кабінеце Меркель. Адзінай буйной кар'ернай няўдачай стала параза Шольца на выбарах кіраўніка партыі ў 2019 годзе.

Увесь гэты час знешняя палітыка не ўваходзіла ў лік ягоных прыярытэтаў. Пра Расею Шольц выказваўся рэдка, публічнай інфармацыі мала. Першыя кантакты з Масквой маглі быць у Шольца ў 1980-я, калі ён быў намеснікам кіраўніка Jusos, а пазней – намеснікам старшыні Міжнароднай арганізацыі маладых сацыялістаў (IUSY). Абедзве структуры падтрымлівалі сувязі з СССР. Напрыклад, іх дэлегаты ездзілі на Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве ў 1985 годзе.

Сярод маладых сацыялістаў былі папулярныя марксісцкія ідэі. "Шольца (у той час. – Рэд.) таксама можна назваць марксістам, – сказаў у гутарцы з DW Ціла Шоль (Thilo Scholle), чалец СДПН і аўтар кнігі пра гісторыю Jusos. – Але гэта быў марксізм, арыентаваны на прававую дзяржаву, дэмакратычныя выбары, правы меншасцяў, пра дыктатуру пралетарыяту размова не ішла", – запэўнівае Шоль.

"Піцерскія сувязі" Шольца

У СДПН у Гамбургу склаліся моцныя сувязі з Расеяй і, сярод іншага, з горадам-партнёрам Санкт-Пецярбургам. Гэта асабліва выявілася ў 1990-я, калі немцы арганізоўвалі туды гуманітарныя пастаўкі харчавання. У той час адным з папярэднікаў Шольца на пасадзе бурмістра быў сацыял-дэмакрат Хенінг Фошэрау (Henning Voscherau). У 2012 годзе ён стаў старшынёй рады дырэктараў кансорцыуму South Stream Transport AG – супольнага праекта "Газпрама" і еўрапейскіх кампаній у будаўніцтве газаправода "Паўднёвы струмень" у абыход Украіны, які не быў рэалізаваны.

Шольц у 1990-я ўзначальваў СДПН у адным з раёнаў Гамбурга. Стаўшы бурмістрам, Шольц кантактаваў з палітыкамі і бізнэсмэнамі з Санкт-Пецярбурга. У горадзе на Няве ён бываў не раз, у тым ліку ў 2016 годзе для ўдзелу ў нямецка-расейскім форуме "Пецярбургскі дыялог", а праз год – у мерапрыемствах з нагоды 60-й гадавіны партнёрства гарадоў. Тады ж, летам 2017, калі Гамбург прымаў саміт G20, Шольц бачыўся з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Ці скасуе Шольц санкцыі супраць Расеі

У ходзе выбарчай кампаніі Шольц пазіцыянаваў сябе як "спадчыннік" Меркель. У дачыненні да Расеі гэта справядліва, але шмат што будзе залежаць ад таго, якія партыі ўвойдуць у кааліцыю, мяркуюць эксперты. "Калі ў кааліцыю ўвойдуць зялёныя, а гэта вельмі верагодна, палітыка ў дачыненні да Расеі не зменіцца", – кажа Штэфан Майстэр (Stefan Meister), эксперт Нямецкага таварыства знешняй палітыкі (DGAP). Сярод нямецкіх партый "зялёныя" – самыя жорсткія крытыкі палітыкі Крамля. Верагодна, іхні прадстаўнік узначаліць нямецкі МЗС. Нават калі ў СДПН будзе жаданне змякчыць тон у дачыненні да Масквы, атрымаць на гэта згоду "зялёных" будзе складана.

Скасавання санкцый супраць Расеі або прызнання Крыма чакаць не варта, а падтрымка Берлінам газаправода "Паўночны струмень – 2" не зменіцца, мяркуе Штэфан Майстэр. Сам Шольц у інтэрв'ю DW перад выбарамі заклікаў да "новай усходняй палітыкі" на ўзроўні Еўразвязу і ўзмацнення ролі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ). У выбарчай праграме СДПН сказана, што партыя, нягледзячы на крытыку, робіць стаўку на дыялог з Масквой і, сярод іншага, збіраецца дамагацца змякчэння візавага рэжыму для моладзі.

Герхард Мангот, прафесар універсітэта ў Інсбруку, эксперт ва Усходняй Еўропе

Шмат што ў стасунках з Расеяй будзе залежаць і ад таго, наколькі моцныя будуць у СДПН тыя, хто выступае за збліжэнне з Масквой. Некаторыя ўплывовыя сябры партыі раней выказваліся за паступовае скасаванне санкцый. Штэфан Майстэр адзначае, што левае крыло СДПН, у якім моцныя пацыфісцкія настроі, "даволі моцнае". Паводле ягоных словаў, сярод звычайных чальцоў СДПН ёсць запыт на сяброўскую палітыку ў дачыненні да РФ. Прафесар універсітэта ў Інсбруку, эксперт ва Усходняй Еўропе Герхард Мангот (Gerhardt Mangott) называе Шольца прыхільнікам "памяркоўнай палітыкі" ў дачыненні да Расеі.

"Шольц не пойдзе з Пуціным у саўну"

Нарэшце, ёсць і яшчэ адзін канал сувязі паміж Расеяй і СДПН – Герхард Шродэр. Як правіла, былыя канцлеры не ўмешваюцца ў актуальныя справы ўраду. Але ў выпадку Шродэра, старшыні рады дырэктараў "Раснафты", эксперты не выключаюць такіх спробаў. "Шродэр, безумоўна, з'яўляецца лабістам расейскіх інтарэсаў у Нямеччыне, таму можна сабе ўявіць, што ён можа паспрабаваць выкарыстаць свае кантакты ў СДПН для прасоўвання больш сяброўскай у дачыненні да РФ палітыкі", – кажа Штэфан Майстэр.

Мужчынскае сяброўства, як у свой час са Шродэрам, паміж Пуціным і Шольцам немагчымае, упэўненыя эксперты. "Олаф Шольц – дакладна не Герхард Шродэр, гэта іншы тып палітыка, больш справавы, хутчэй падобны на Меркель, – мяркуе Майстэр. – Ён не з тых, хто пойдзе з Пуціным у саўну".

Герхард Мангот адзначае, што паміж Шродэрам і Шольцам ёсць падабенства ў эканамічнай палітыцы, але не ў стасунках з Расеяй. "Я думаю, Шольц не захоча сапсаваць свой імідж, калі будзе занадта арыентавацца на Шродэра, чыя рэпутацыя ў Нямеччыне моцна падмочаная пасля таго, як ён стаў працаваць на расейскія энэргетычныя кампаніі". І Мангот і Майстэр упэўненыя, што, нягледзячы на магчымае канцлерства Шольца, Маскве рана ставіць шампанскае ў лядоўню.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках