29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Лукашэнка не кантралюе сітуацыю ў краіне

24
Андрэй Саннікаў: Лукашэнка не кантралюе сітуацыю ў краіне
Андрэй Саннікаў

Перамовы ўладаў з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў з удзелам рабочых лідараў - гэта тое звяно, якога не ставала. 

Ці могуць забастоўкі змяніць сітуацыю ў краіне? Ці пойдуць улады на наўпроставыя перамовы з удзелам рабочых лідараў? Ці будзе ўзмоцнены ціск на рэжым Лукашэнкі, калі ў Беларусі пачнецца страйк? Як на працоўны пратэст адрэагуе Расея? Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org распавёў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

- Андрэй Алегавіч, беларуская рэвалюцыя доўжыцца ўжо больш за год. Як бы вы ацанілі стан супрацьлеглых бакоў?

- Зразумела, што рэвалюцыя цяпер у іншай фазе праз тое, што злачынцы ва ўладзе спрабуюць трымацца за свае крэслы з дапамогай рэпрэсій. Натуральна, што людзі шукаюць формы пратэсту, не звязаныя з наўпроставай канфрантацыяй. Гэта нармальна і правільна. Галоўнае - пратэст не задушаны, больш за тое, ён выйшаў у новыя вобласці, набыў моцнае міжнароднае вымярэнне. У Беларусі кожны дзень праходзяць партызанскія акцыі. Вельмі важна, што праходзяць яны пад нашым сцягам, які сімвалізуе не толькі пратэст, але і незалежнасць, і дзяржаўнасць Беларусі.

Кіберпартызаны - гэта таксама пратэст. Падтрымка беларусаў за мяжой - таксама падтрымка пратэсту.

Увесь беларускі народ зычыць аднаго: найхутчэйшай змены ўлады, каб жыць нармальным жыццём. Гэта было галоўнай мэтай пратэстаў, якія пачаліся год таму, і гэта жаданне толькі ўмацавалася.

- А ў якім стане знаходзіцца рэжым Лукашэнкі?

- Ці можна казаць пра групу людзей, якія захапілі ўладу ў краіне, а не пра рэжым. Рэжыму, якія доўгія гады кантраляваў сітуацыю (перш за ўсё - у эканоміцы), ужо не існуе. Сітуацыю Лукашэнка не кантралюе, ён кантралюе толькі сілавікоў, якіх нацкоўвалі на рэпрэсіі супраць мірных грамадзян.

Яны спрабуюць загнаць людзей у стойла, але гэтага ўжо не атрымаецца. Нягледзячы на рэпрэсіі, людзі становяцца свабоднымі, а супрацьстаяць ім акурат рабы, якія абслугоўваюць гаспадара.

- Вы актыўна выступалі за рэальныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Сёння мы бачым, што абмежавальныя захады прывялі да таго, што міжнародныя партнёры адмаўляюцца ад працы з беларускімі прадпрыемствамі. Як гэта ўплывае на сітуацыю ў Беларусі?

- Санкцыі - гэта падтрымка патрабаванняў людзей аб змяненні палітычнай сістэмы ў Беларусі, санкцыі - гэта інструмент дапамогі палітвязням. Першым патрабаваннем, звязаным з санкцыямі, з'яўляецца вызваліць, усіх, падкрэсліваю, палітвязняў у Беларусі.

Я не толькі цяпер, але і раней заклікаў да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Калі б іх раз-пораз не здымалі, калі б у 2015 годзе не прынялі пастановы аб спыненні дзеяння санкцый у дачыненні да групы злачынцаў, то я ўпэўнены, што сёння не было б такой жахлівай сітуацыі. Дыктатуру трэба спыняць на раннім этапе, а не даваць ёй падымаць галаву.

- Беларускія рабочыя выставілі шэраг патрабаванняў да беларускіх уладаў і абвясцілі перадстрайкавы стан у Беларусі. Як вы ацэньваеце гэтую ініцыятыву?

- Ацэньваю станоўча. Тое, што працоўныя выступілі з такім заклікам, азначае, што яны добра разумеюць сітуацыю ў краіне. Не будзе ў Беларусі ні ў каго магчымасці жыць і працаваць, калі гэты рэжым будзе захоўвацца.

Для працоўных, якія меркавалі, што лепш патрываць, але атрымаць хоць маленькі, але гарантаваны заробак, гэты зневажальны элемент прывабнасці знік. Заробкі будуць усё ніжэйшымі, а правоў усё менш.

Я мяркую, што вельмі правільна выстаўленыя патрабаванні наўпроставых перамоў з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў з удзелам рабочых лідараў. Мабыць, гэта тое звяно, якога не выстарчала, каб склалася карціна выхаду з крызісу, у які Лукашэнка завёў краіну. З такіх сітуацый звычайна бываюць два выйсці: забойства дыктатара ягоным асяроддзем (Чаўшэску ў Румыніі) або ж наўпроставыя перамовы аб змене ўлады і правядзенне сумленных выбараў (Польшча і Чэхаславаччына).

- Якімі вы бачыце гэтыя перамовы? У якой форме яны павінны праходзіць?

- Подступы да гэтых перамоў ужо намеціліся, а ў нейкіх аспектах яны ўжо і вядуцца, хоць і не наўпроставыя. Асноўныя патрабаванні беларускага народа добра вядомыя: вызваленне ўсіх палітвязняў і правядзенне новых выбараў. Усё гэта і ёсць галоўны прадмет перамоў.

Наколькі я разумею, з гэтым няма ніякіх разыходжанняў ні ў дэмакратычна настроеных лідараў, ні ў актывістаў, ні ў народа агулам. Гэтыя мэты падтрыманыя ўсім беларускім грамадствам. Менавіта на гэтыя мэты накіраваныя і санкцыі. Бо санкцыі ўводзяцца для таго, каб сітуацыя змянілася, а сітуацыя бяскроўна можа змяніцца пасля правядзення перамоў аб новых выбарах.

Што тычыцца формы правядзення перамоў, то іх шмат. Я звярнуў увагу, што ў звароце рабочых гаворка ідзе пра наўпроставыя перамовы, гэта правільна. Мяркую, што павінны быць менавіта наўпроставыя і празрыстыя перамовы, а не імітацыя і закулісныя дамоўленасці.

Я выступаю за вочныя і наўпроставыя перамовы, якія праходзілі б не ў Беларусі, а, напрыклад, у Вене, каб гарантаваць бяспеку ўсіх удзельнікаў. Праходзіць яны павінны аб канкрэтных пытаннях парадку, прапанаванага народам.

Вось на гэта трэба рабіць стаўку. Гаворка не можа ісці аб захаванні рэжыму або яго рэшткаў, а аб змене палітычнай сістэмы, правядзенні сумленных выбараў.

- Як вы мяркуеце, ці варта чакаць яшчэ больш магутнага міжнароднага ціску на рэжым, калі ў Беларусі пачнецца страйк? Як будзе дзейнічаць Расея?

- Расея пакуль спрабуе лавіць рыбку ў каламутнай вадзе, яна не дзейнічае як сур'ёзны гулец, на жаль, а шукае, дзе б пажывіцца. Я бачу, што там як не было разумення нашай сітуацыі і значэння нармальнай Беларусі для Расеі, нават у цяперашнім яе недэмакратчыным стане, так і няма.

Расея пакуль ідзе ў фарватэры капрызаў Лукашэнкі, хоць і вымушаная абмяркоўваць праблему Лукашэнкі з сусветнымі лідарамі. Акурат страйк можа падштурхнуць яе ўключыцца не толькі ў абмеркаванне, але і ў пошукі развязання гэтай праблемы.

Я думаю, што тут Захад і дэмакратычныя краіны, асабліва ўлічваючы тыя канфлікты, якія на межах раздзімае Лукашэнка, павінны заняць лідаруючыя пазіцыі, уводзіць сур'ёзныя санкцыі, пакуль не будуць выкананыя нашы патрабаванні.

На выкананне гэтых патрабаванняў акурат і можна выйсці праз перамовы.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках