17 студзеня 2022, панядзелак, 1:18
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Усё скончыцца, як у часы Пятра Пракаповіча

5
Эканаміст: Усё скончыцца, як у часы Пятра Пракаповіча

Пра прычыны росту коштаў і прагноз на год.

Паводле звестак Белстата, гадавая інфляцыя ў 2021-м склала 9,97%. Гэта антырэкорд апошніх пяці гадоў: у 2016 інфляцыя дасягнула 10,6%. Нагадаем, што цягам 2021-га Нацбанк некалькі разоў мяняў прагноз інфляцыі – з першапачатковых 5% – да 9%.

У каментары "Філіну" кіраўнік праекту "Кошт ураду" Уладзімір Кавалкін назваў асноўныя прычыны росту інфляцыі і расказаў, як можа развівацца сітуацыя вакол коштаў сёлета.

– Адна з асноўных прычынаў – так званая імпартаваная інфляцыя. Гэта калі нейкія прамежкавыя і імпартныя тавары даражэюць, павялічваючы інфляцыю ўнутры краіны, – адзначыў эксперт. – Нагадаю, што Беларусь – краіна з вельмі вялікай дзеллю імпарту, у нас адкрытая эканоміка. Мы імпартуем велізарную колькасць энэргарэсурсаў, металы для працы прамысловасці – вытворчасці машынаў і станкоў у тым ліку. Таксама мы шмат імпартуем для спажывецкіх мэтаў. Такім чынам, адзін з чыннікаў – рост сусветных коштаў.

Паводле словаў Уладзіміра Кавалкіна, у пачатку 2021-га ўрад радаваўся росту коштаў, які садзейнічаў росту экспарту:

– Цяпер жа высветлілася, што ў коштах расце не толькі экспарт, але і імпарт. Адпаведна інфляцыя ўнутры краіны таксама разганяецца.

Яшчэ адным чыннікам, які выклікаў рост коштаў, сталі праблемы ў сельскай гаспадарцы, дадаў суразмоўца "Філіна". Неўраджай, у тым ліку і традыцыйных для Беларусі культураў, прывёў да запаволення росту ВУП.

– Калі браць прадукты, грамадскае харчаванне, то тут кошты выраслі значна больш, чым паказвае ў сярэднім Белстат. Тут рост склаў 16–20 адсоткаў. Моцна падаражэлі тытунёвыя вырабы. Вырасла ў кошце паліва, рытуальныя паслугі. На 15% падаражэлі лекі. У сутнасці тое, з чым мы сутыкаемся кожны дзень, моцна падаражэла: ежа, у тым ліку гародніна і садавіна, лекі, цыгарэты. У тым ліку і вырабленае ў Беларусі – у сувязі з неўраджаем.

Ён прадаўжае, што рост грашовай масы хоць і не згуляў вызначальную ролю, усё ж зрабіў свой унёсак.

Утрымаць кошты і павялічыць ВУП адначасова не атрымацца

Паводле словаў эксперта, ва ўладаў ёсць рэсурсы для таго, каб прынамсі не дапусціць далейшага росту коштаў. Але пры гэтым давядзецца рабіць выбар:

– Адначасова дасягаць нізкай інфляцыі і росту ВУП немагчыма. Будзе нешта адно з гэтых двух паказнікаў. Для нарошчвання ВУП трэба павялічваць інвестыцыі, у тым ліку дзяржаўныя, трэба павялічваць заробкі, трэба ажыўляць попыт. Гэта, адпаведна, друк незабяспечаных грошай. І, як адваротны бок гэтага, рост інфляцыі.

Таргетаванне інфляцыі будзе азначаць выхад у нуль ці нават мінус росту ВУП, што негатыўна адаб'ецца на заробках.

– Акрамя таго, у нас індэкс спажывецкіх коштаў (інфляцыя) склаў 10% паводле Белстату. А калі ўлічыць яшчэ і індэкс-дэфлятар, які ўключае ўвогуле ўсе тавары разам з прамысловымі, то ён у нас пераваліў за 15%. Відавочна, што інфляцыя будзе даганяць індэкс-дэфлятар. У нас на гэты год акрамя інфляцыйных чаканняў насельніцтва закладзены патэнцыял для росту інфляцыі, каб дагнаць індэкс-дэфлятар, – кажа эканаміст.

На думку суразмоўцы, сёлета не трэба чакаць нізкай інфляцыі. Хіба што Нацбанк не атрымае заданне любымі сродкамі ўтрымліваць рост коштаў.

Што будзе з заробкамі

Уладзімір Кавалкін не выключае, што заробкі сёлета могуць вырасці. Але будуць расці і кошты. У выніку адно будзе з'ядаць іншае.

– Магчыма, будзе перыяд некаторага апярэджання росту заробкаў. Але калі рабіць стаўку на рост ВУП такімі адміністрацыйнымі захадамі, усё гэта скончыцца, як заканчвалася ў часы Пятра Пракаповіча. Назбіраюцца дысбалансы, у тым ліку і ў знешнім гандлі, і адбудзецца дэвальвацыя. У гэтым выпадку трэба сачыць за знешнегандлёвым сальда. Але калі будуць разганяць эканамічны рост нічым не забяспечанымі грашыма, гэта прамая дарога да падзення курсу рубля і высокай інфляцыі, – падсумаваў эксперт.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».