29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг расказаў пра таемную дамову Такаева з Назарбаевым

7
Палітолаг расказаў пра таемную дамову Такаева з Назарбаевым

Што яна прадугледжвае?

«Я думаю, што мы не павінны разглядаць гэты працэс як захоп улады і адхіленне. Гэта было пагадненне», – заявіў казахскі палітолаг Дымаш Альжноў у інтэрв'ю «Белсату».

– Пуцін пачаў выводзіць з Казахстана расейскія войскі. Ці азначае гэта, што кароткі перыяд інтэрвенцыі скончыўся? Ці можна пра гэта ўжо смела казаць?

– Войскі ў цэлым запрашаліся з адной задачай: у момант крызісу паказаць, што палітычнае кіраўніцтва Казахстана падтрымліваецца Расеяй і ў выпадку неабходнасці для стабілізацыі сітуацыі можа быць выкарыстаны вялікі кантынгент. Момант крызісу прайшоў, і цяпер казахстанскае кіраўніцтва заявіла, што выводзіць войскі. Цягам 10 дзён яны павінны пакінуць Казахстан. Гэта была неабходная пастанова, паколькі ў грамадстве гэта мела дастаткова негатыўны эфект. Многія маглі ўспрымаць расейскія войскі як акупацыю. Менавіта гэты ціск стаў прычынай хуткага вываду войскаў.

– А якія палітычныя эфекты ва ўводу гэтых войскаў? Мы ўсе былі здзіўленыя тым, што была даволі хуткая і нечаканая аперацыя, што войскі ўвялі ў Казахстан. Туды паехалі і беларусы ў невялікай колькасці. Гэта новы этап у гісторыі развіцця АДКБ. Які палітычны эфект гэта будзе мець у будучыні?

– Падзеі ў Казахстане ўдыхнулі жыццё ў гэтую арганізацыю. Паколькі была прадэманстраваная здольнасць хуткага разгортвання войскаў, я думаю, гэты эфект будзе надалей выкарыстаны ў знешняй палітыцы Расеі. Будзе дэманстравацца, што арганізацыя дзеяздольная. З іншага боку, гэта дрэнны прэцэдэнт. Недэмакратычны рэжым стабілізуецца за кошт вайскоўцаў суседніх краінаў. Такіх самых недэмакратычных. Калі гэтая практыка будзе прадоўжаная, гэта дрэнны сігнал.

– У Беларусі мы таксама гэтага баімся. І Украіна цяпер у такім цяжкім становішчы, дзе ў прынцыпе рыхтуюцца да поўнамаштабнай вайны, наколькі я разумею. Ёсць такое меркаванне, Уладзімір Мілаў выказаў яго на сваім YouTube канале, што цяпер у Казахстане пераважаюць інтарэсы далёка не расейскія, а хутчэй, кітайскія. Вы можаце пацвердзіць або аспрэчыць гэтае выказванне?

– Не зусім. Усё ж казахстанскае палітычнае кіраўніцтва бліжэйшае да Расеі. Пасля падобнай паслугі з боку Уладзіміра Пуціна, натуральна, паўстане рана ці позна пытанне кошту яе. Што да Кітая, натуральна, гэта другая эканоміка свету. Кітайскія эканамічныя інтарэсы добра прадстаўленыя ў Казахстане. У цэлым у казахстанскім грамадстве негатыўнае стаўленне да ўплыву Кітая, але стасункі з палітычным рэжымам у Казахстане і Кітаем даволі прагматычныя. Тыя рэчы, якія цікавыя Кітаю, звязаныя з асобамі, якія пакінулі Кітай і заклікаюць сусветную супольнасць звярнуць увагу на канцэнтрацыйныя лагеры ў Сінь Цзяне. Казахстанскія ўлады дапамагаюць Кітаю заглушыць гэтыя галасы. Асабліва гэта датычыцца тых жыхароў Сінь Цзяня, якія з'яўляюцца этнічнымі казахамі, вяртаюцца сюды да сваіх сем'яў. Стасункі былі стабільныя. Казаць, што Кітай пераважае і ўплывае на ўнутраную палітыку Казахстана, заўчасна. Усё ж сувязі з Расеяй нашмат бліжэйшыя. Пасля апошніх падзеяў становяцца яшчэ бліжэйшымі. Тая дыстанцыя, якая была раней паміж Казахстанам і Расеяй, скарочаная сёння.

– Прэзідэнт Такаеў цяпер усімі сіламі спрабуе супакоіць сітуацыю. Паказаць, што ён кантралюе сітуацыю ў краіне. Наколькі гэта праўда, што ў іх атрымалася ўсё ж узяць яе пад кантроль? Мы ведаем пра дзясяткі тысячаў затрыманых, мы не ведаем нават дакладную колькасць забітых. Я думаю, што ў найбліжэйшай будучыні з'явяцца рэальныя лічбы таго, што адбылося. Як думаеце, ці можна назваць Такаева пераможцам?

– Я думаю, у гэтай сітуацыі пераможцаў няма. Тое, што адбылося, мае доўгатэрміновыя наступствы. Паступова, калі грамадства ачуняе, пачне ўсведамляць, што адбылося, думаю, пэўныя рызыкі з'явяцца. Мы да гэтага часу самі не ведаем, колькі людзей загінула, чаму быў адкрыты агонь у мірных пратэстоўцаў. Калі вярнуцца да камбінацыі, якую правярнулі ва ўладных эшалонах, то яна будзе выглядаць наступным чынам: у момант крызісу 5 студзеня гэта была супольная пастанова палітычнага кіраўніцтва, каб Нурсултан Назарбаеў перадаў пасаду кіраўніка Рады бяспекі. У абмен ён атрымаў гарантыі бяспекі і вываду ўсіх сваіх актываў і чальцоў сям'і з Казахстана. Гэта была ўзаемная пастанова. Такаеў не захоплівае ўладу. Калі глядзець на сітуацыю з перспектывы ўладаў, то яе атрымалася стабілізаваць. Людзі, якія маглі ведаць і нашкодзіць гэтаму працэсу, арыштаваныя. Я маю на ўвазе кіраўніка Камітэта нацыянальнай бяспекі, які быў занадта набліжаны да Назарбаева. Ягоны арышт варта тлумачыць як час гарантыі, якую дае прэзідэнт Такаеў першаму прэзідэнту Назарбаеву.

– Што кажуць у Казахстане, дзе цяпер Назарбаеў і ці сапраўды ўвесь ягоны клан адхілены ад улады?

– Я думаю, што найбліжэйшае асяроддзе і чальцы сем'яў гэтую інфармацыю атрымалі адразу. 5 студзеня яны пакінулі краіну. Дачка першага прэзідэнта зрабіла пост у сацыяльных сетках, з геалакацыі было відаць, што яна знаходзіцца ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Раней паступала інфармацыя, што брат прэзідэнта таксама пакінуў краіну 6 студзеня і накіраваўся ў Арабскія Эміраты. Я думаю, што мы не павінны разглядаць гэты працэс як захоп улады і адхіленне. Гэта было пагадненне. У рамках гэтай дамовы людзі, якія былі датычныя да сям'і, паступова пакінулі краіну. Астатнія, магчыма, зробяць гэты ў найбліжэйшы час. І цяпер будзе праходзіць рэканфігурацыя ўлады, будуць прызначацца лаяльныя людзі да Такаева. Пра якія-небудзь ганенні, рэпрэсіі, перагляд уласнасці гаворкі не ідзе. У заявах Такаева відаць, што выконваюцца дамоўленасці. Ніхто не спяшаецца развенчваць культ Назарбаева ці расследаваць тое, што было зроблена ў перыяд ягонага кіравання.

– Горад Нурсултан застанецца?

– Я думаю, на нейкі час. Гэтыя пастановы будуць прымацца асцярожна з тым, як будзе абурацца грамадства.

– А што атрымала грамадства? Заплаціла высокі кошт. Людзі загінулі, шмат хто арыштаваны, і гэта прадаўжаецца. Гэта нагадвае сітуацыю ў Беларусі. Гэтае грамадства перамагло ўвогуле ў гэтай сітуацыі ці гэта поўная параза?

– Нават высокі кошт з'яўляецца пэўным этапам нашага сталення, сталення нашай краіны і грамадства ў цэлым. На жаль, гэта ўсё павярнулася вялікімі стратамі, але праз нейкі момант асэнсавання людзі зразумеюць, што немагчыма спадзявацца на стабільнае жыццё і росквіт у рамках таталітарнай сістэмы. Што праблема не толькі ў персаналіях, але і ў той палітычнай мадэлі, у якой мы знаходзімся. Мы затрымаліся ў гэтых цыклах перараджэння таталітарнай сістэмы і не можам з гэтага выбрацца.

– Такаеў відавочна не той чалавек, які разарве гэты цыкл, праўда?

– Палітычны рэжым не памяняўся гэтак сама, як і ў Беларусі. Памянялася персона ў аснове. Усё застаецца па-ранейшаму.

– Вы знаходзіцеся ў Алматы. Адчуваеце сябе ў бяспецы?

– Сёння ў Казахстане сябе ніхто не адчувае бяспечна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках